РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Прывет вам...
Прывет вам, вольныя паэты,
Прывет вам ад душы ўсяе!
Хай вашы песьні зь лета ў лета
Зямля савецкая пяе!
 
Жывём у сонечнай краіне
I будзем жыць у добры час,
Дзе праўда ясная ня гіне,
Дзе праўдзе служыць кожны з нас.
 
*

Прывет вам, вольныя паэты!
Мінуўся подлы гнёт і зьдзек, –
Мы зь цемры выйшлі да прасьвету,
Мы рабства скінулі навек.
 
Ніхто нам песень не спаганіць,
Свабодных песень, як віхор,
Ні чорных здрайцаў завываньне,
Ні рабаўласьнікаў тапор.
 
*

Прывет вам, вольныя паэты,
Квяцістай волі песьняры,
Вам, з блізкіх і далёкіх сьветаў
Людскіх душ слаўныя майстры!
 
Нам расьцярэблены дарогі
Да небывалых новых дзён,
Нам сэрцы б'юцца без трывогі,
Спакойны нашы ява, сон...
 
*

Прывет вам, вольныя паэты,
Хай час вам радасна бяжыць!
Нам пад шчасьліваю каметай
Так лёгка жыць, тварыць і жыць!
 
Тут гаспадарку мудры Сталін
Вядзе на дзіва ўсіх вякоў,
Тут людзі плакаць перасталі,
Ў заможных выйшлі з жабракоў.
 
*

Прывет вам, вольныя паэты,
Народаў братніх дружны хор!
Хай прамянее агняцьветам
Радзімы нашае прастор!
 
Зайграюць сурмы нам да бойкі,
Пажарам задымяць шляхі, –
Алоўкі зьменім на вінтоўкі,
Заменім пёры на штыхі.
 
*

Прывет вам, вольныя паэты!
Вітае вас і мал, і стар.
Нясіце ж ленінскім заветам
Свой шчыры песень вашых дар!
 
Каб празь вякі вясной расьпетай
Дум вашых сказы ў сьвет ішлі...
Прывет вам, вольныя паэты,
На беларускае зямлі!
 
1936
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.