РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Песьня трактарысткі
Трактар, мілы трактар,
«Сталінец» мой слаўны,
Пахавалі гора
Мы з табой нядаўна.
 
Пахавалі гора,
Гора ды няволю,
Як пайшлі з табою
Па шырокім полю.
 
Сонца нам сьмяецца,
Нібы строіць жарты,
Месячык сьвятляны
Служыць нам за варту.
 
А вецер гуляе,
Абівае росы,
Косы расплятае,
Мае русы косы.
 
Трактар, мілы трактар,
«Сталінец» мой слаўны,
Пахавалі гора
Мы з табой нядаўна.
 
Мы ідзём з табою
Ў новы сьвет і людзі,
Новы шлях цярэбяць
Твае, мае грудзі.
 
Зложым з табой казкі,
Песьні з табой зложым,
Радасьці і шчасьця
Краіне прымножым.
 
З табою аб'едзем
Навакола сьвета,
Людзі нас сустрэнуць
Зь вясёлым прыветам.
 
Песьняй прывітаюць
Каля кожнай хаты,
Кветкамі абсыпяць
Нас з табой дзяўчаты.
 
Трактар, мілы трактар,
«Сталінец» мой слаўны,
Пахавалі гора
Мы з табой нядаўна.
 
Я цябе пакіну
На вольную волю, –
Даляцець да сонца
Мяне кліча доля.
 
Паляту я, трактар,
«Сталінец» мой слаўны,
Дзе воблакі ходзяць,
Плаваюць дзе плаўна.
 
Даляту да зорак,
Вольная дзяўчына,
Стуль табе, мой мілы,
Адну зорку скіну.
 
I пашлю ад сонца
Табе прывітаньне
Аб маім вялікім
Да цябе каханьні.
 
Трактар, мілы трактар,
«Сталінец» мой слаўны,
Пахавалі гора
Мы з табой нядаўна.
 
З табою паедзе
Стаханавец новы,
Гэткі ўдалы, стройны,
Стройны, сьветлабровы.
 
Зь ім ты будзеш скарбы
Здабываць зь зямелькі,
А ён будзе рады,
Як той рыцар нейкі.
 
Аба мне ён будзе
Думкі думаць міла,
Што з табой сядзела,
Сны дзявочы сьніла.
 
Трактар, мілы трактар,
«Сталінец» мой слаўны,
Пахавалі гора
Мы з табой нядаўна.
 
1936
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.