Да нас у госьці май прыходзіць, А з новым шчасьцем кожны год, – Заводзіць песьні ў карагодзе, А ў карагодзе сам народ. Жалобай думкі аб мінулым Замітусяцца ў нас падчас, – Наскочыць радасьць гудам-гулам, I май наш повен ясных крас. Гармонік рэжа, бубен б'е... Гэй, грай, музыка, ў родны тон I аб мінулай барацьбе, I аб здабытках нашых дзён! * Да нас у госьці май прыходзіць, Як не прыходзіў у вяках, – Сьпявае песьні аб свабодзе На полі, ў моры, ў рудніках. Сьпявае дзецям калыханкі, Прыгожыць кветкамі сады, Вядзе сялянаў і сялянкаў На шлях шчасьлівы, малады. Бурляць крыніцы, бор шуміць, Рунее зелена загон. Як не сьпяваць тут, як ня жыць У казках-былях нашых дзён!.. * Да нас у госьці май прыходзіць, Як той старанны гаспадар, – Глядзіць, як поле наша родзіць, Ці ўзьнялі ўвесь мы свой папар. I бачыць, як за год звычайны, Што адлічыў свае ўжо дні, Была ў нас праца ураджайнай, Аб чым наш продак і ня сьніў. I танк, і трактар, і камбайн Пасьведчаць, што гэта ня сон. Зь лясоў, капальняў і палян Дабро йдзе к нам – скарб нашых дзён. * Да нас у госьці май прыходзіць I аглядае рубяжы, Дзе пагранічнік наш ня зводзіць Вачэй з варожае мяжы. I вокам бача май празорным: Жывём спакойна ля граніц, Спакойна сеем збожжа зёрны, Спакойна п'ем ваду з крыніц. Зямлі, людзей і родных хат Нікому не дамо ў палон, Не апаганіць вораг-кат Шчасьлівых, вольных нашых дзён. * Да нас прыходзіць май у госьці I бачыць, як той яснавід, – Стаім скалою на фарпосьце, Заставы нашы, як граніт. Сталёвая пільнуе варта Спакой савецкае зямлі, Байцы ня дрэмлюць поўны гарту, На крыльлях – нашы патрулі. Хай жа руку на нас, як гад, Падыме вораг-ліхадзей, – Ня вернецца жывым назад, – Свабодных не скаваць людзей! * Да нас прыходзіць май у госьці I ўспамінае ў сьвята сьвят Гэрояў, што злажылі косьці У бітвах за савецкі лад. Шумяць над імі ясакоры, Шасьцяць чырвоныя сьцягі, Унуку дзед свайму гавора, Хто у магіле сьпіць такі. Бы срэбрам выснутую ніць, Унуку думкі дзед снуе, Як трэба волю бараніць, Як уміралі за яе. * Прыходзіць май дваццаты ў госьці, А з падарункамі ідзе, Уцеху буйнай сыпе горсьцю Сьвяточна ўбранай грамадзе. Ён Канстытуцыю прыносіць – Веквечны сталінскі закон – Для нас, для ўсіх, хто сее, косіць, Для ўсіх народаў і старон. Лісты дубовы й каласы Наш родны аздабляюць герб, На ім нявянутай красы – I молат, і сталёвы серп. * Да нас прыходзіць май у госьці, А вые дыверсант, трацкіст, Рве валасы ў зьвярынай злосьці Крывёй абрызганы фашыст. Бушуйце, каты! Нам зараза Ня страшна ваша й ваш разбой... Сьмяемся з маем нашым разам I весялімся грамадой. Гармонік рэжа, бубен б'е... Гэй, грай, музыка, ў родны тон I аб мінулай барацьбе, I аб здабытках нашых дзён.
1937
|
|