РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сьвяточныя вершы

#I
Не пра быўшае кайданнае
        Гэту песьню я складаю,
А пра зьяву нечаканую,
        Што сягоньня шчасна маем.
 
Не пра турмы, зьдзекі царскія,
        Мукі люду і народаў,
А пра волю пралетарскую,
        Залатыя нашы годы.
 
Не пра цемру беспрасьветную,
        Што людзям сьляпіла вочы,
А пра яснасьць зорнацьветную,
        Што разьвеяла нам ночы.
 
Не пра беднасьць беспрытульную,
        Гора вечнае, жабрацтва,
А пра наша ўсеагульнае
        Неабсяжнае багацтва.
 
Не пра ненавісьць, што годамі
        Нас давіла цяжкім грузам,
А пра дружбу між народамі
        Усяго нашага Саюза.
 
Не пра сны зь цяжкімі зморамі,
        Што цягнулі нас у нерат,
А пра сталінскі пад зорамі
        Сонечны паход наперад.
 
Не пра быўшае кайданнае
        Гэту песьню я складаю,
А пра зьяву нечаканую,
        Што сягоньня шчасна маем.

 

#II
Ідзе гоман урачыста,
        Ідзе з хаты ў хату,
Ідзе зь песьняй агнявістай
        Аб вялікім сьвяту.
 
Дваццаць год сьвяткуем сёньня
        Магутных праяваў,
Край Савецкі ўвесь гамоніць
        Бальшавіцкай славай.
 
Ідзе гоман расьсьпяваны
        Далёка ў прасторы,
Дзе льдзяныя акіяны,
        Дзе цёплыя моры.
 
Мы сьвяточна сходы клічам –
        Вольныя, ў бясстрашшы –
Канстытуцыю ўзьвялічым
        Сталінскую нашу.
 
Ідзе гоман пушчай, борам,
        Ідзе лугам, полем,
Разьвіталіся мы з горам,
        Зь нядоляй, зь няволяй.
 
Мы ўраджай зьбіраці сталі
        Буйны, небывалы,
Што нам Ленін, што нам Сталін
        Засеялі дбала.
 
Ідзе гоман а крылаты,
        Ідзе, не сьціхае,
На вялікае на сьвята
        Народы склікае.
 
Так збыліся ў год – нямнога –
        Леніна заветы.
З новым шчасьцем, зь перамогай,
        Народзе Саветаў!

 
1937
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.