РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Памяці дагестанскага ашуга Сулеймана Стальскага

Уміралі, будуць уміраці людзі, –
Такая ўжо доля, доля чалавека, –
А народ жыць будзе, песьня жыці будзе,
Пакуль сьвет жыць будзе – ад века да века.
 
Ці там, дзе на скалах вольнага Каўказа
Днююць і начуюць арлы на свабодзе,
Ці там, дзе з пургою, з завірухай разам
Белыя мядзьведзі ля полюса бродзяць, –


Песьня чутна ўсюды
У бязьмежным прасторы,
Ці то дзень, ці ночка,
Ці сонца, ці зоры.
 
Хто стрымае хвалі
Мора-акіяна,
Хто стрымае голас
Песьні раскаванай?!

*


У краіне гордай, горы дзе пад неба,
Дзе быў прыкаваны Праметэй да скалы,
Рос і гадаваўся ў бядзе, бяз хлеба
Сулейман гаротны, наш пясьняр удалы.
 
Гналі, высьмявалі багачы і князі, –
Яго песьні-думы былі ім ня мілы.
У сваім ауле з гора не вылазіў.
У бядняцкай саклі шчасьце не гасьціла.


Ды мінулі годы
Бедаў і кайданаў,
Прыйшла радасьць, воля
Ў хату Сулеймана.
 
Песьні яго ў людзі
Выйшлі гулка, дзіўна, –
Ўдаўся у ашуга
Голас салаўіны.

*


Аб Сталіне мудрым, аб жыцьці шчасьлівым
Што бурліць сягоньня залатой крыніцай,
Аб людзях-гэроях, аб цьвітучых нівах
I аб сонцы ясным, што на небе йскрыцца
 
Былі твае песьні, ашуг Дагестана,
А ў тых песьнях гоман зямлі нашай чуўся,
I рэха ляцела дарогаю слаўнай,
Ажно з-пад Эльбруса і да Беларусі.


Сьпі, пясьняр наш родны.
Ты жыцьцё прыгожыў.
Аб табе таксама
Народ песьні зложа.
 
Будзеш жыць ты ў сэрцах
Думкаю арлінай
На красу і славу
Роднае краіны.

 
1937
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2019. Беларусь, Менск.