РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Аркадзь Куляшоў
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Камсамольскі білет
Цьвёрда трымаўся юнак на дапросе,
Тоячы словы і думкі свае.
Вораг-жандар дакурыў папяросу
І камсамольскі білет аддае.
 
– Вось і білет твой, – сказаў ён ласкава, –
І ад яго на вачах у людзей
Ты адцурайся; выгодная справа:
Жыць застанешся, – жыцьцё даражэй.
 
Што ў ім карыснага? Кніжка, ня болей.
Кніжку спалі – і размовам канец!
– Не, не спалю! – адказаў камсамолец. –
Хай лепей сэрца мне спаліць сьвінец!
 
– Ты не згаджаешся? Вельмі шкадую.
Кінь свой білет у палонку тады.
– Не, я ня кіну ў ваду ледзяную,
Сам лепш зайдуся ад лютай вады.
 
– Добра, хай будзе па-твойму. – На гэтым
Доўгі і нудны спыніўся дапрос.
І юнака з камсамольскім білетам
Босага гоняць на люты мароз.
 
Там ён, абліты вадой ледзяною,
К сэрцу рукою білет прыціскаў,
Быццам білет пад сьцюдзёнай вадою
Сэрцу юнацкаму стыць не даваў.
 
Так і стаяў, сьмеючыся над катам,
Доўга па целу сьцякала вада;
Так і застаўся стаяць каля хаты,
Быццам з чысьцюткага літы ільда.
 
Так і стаіць, як жывы, перад намі,
Так і стаіць, прыціскае білет,
І не разьвітваецца зь сябрамі,
І прастаіць яшчэ тысячы лет.
 
Ды не карой ледзяною пакрыты,
Ды не абліты вадой ледзяной, –
Выліты з бронзы і сонцам абліты
Будзе ён вечна стаяць над зямлёй.
 
1943
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.