РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Міхась Кавыль
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Просьба
Каля Слуцку ёсьць адно сяло‚
Невялічкае‚ двароў зь дзесятак.
Калі-б вас туды як завяло‚
Пашукайце‚ калі ласка‚ хату...
 
Паміж хат яна адна‚ бадай‚
На страсе гадуе мох зялёны...
На дварэ красуе лебяда‚
Ля варот сумуюць ціха клёны.
 
На кале пузаты дрэмля гляк‚
Пад хлявом цабэрак у мякіне...
На градзе цьвітуць півоні‚ мак‚
Па сяброўках журыцца вярбіна.
 
Вы напэўне знойдзяце‚ і вас
Прывітаюць хлебам чорным з сольлю‚
І сьцюдзёны спрагу ўтоліць квас‚
Пачастуюць бульбаю з фасолей...
 
Запытайцеся тады ў той‚
Што спаткае і адчыніць дзьверы‚
Ці чакае скуль-нібудзь сватоў‚
Ці ня ўтраціла надзею й веру.
 
І адкажа - як-жа‚ абяцаў...
Толькі‚ мо‚ німашака на сьвеце...
Не чакайце сумнага канца
І маёй пакутніцы скажэце‚
 
Што жыву‚ кахаю і прыйду‚
Як зямлю маланкі зноў ахрысьцяць.
Хай прадзе пачынкі сьветлых дум‚
Тчэ сузор'і радаснага прыйсьця.
 
1952
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.