РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Міхась Кавыль
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Вячоркі
Сіні вечар. Белы сьнег.
Скрып варот. Дзявочы сьмех.
Вецер‚ спрытны‚ жартаўнік‚
Кужаль выхапіў і зьнік.
Хтось згубіў верацяно.
Жарты ўспыхваюць ізноў.
Месяц чысты‚ малады
Абапёрся на сады‚
Падглядае із-за хат.
Дзед надзеў сівы халат‚
Выйшаў сенцы адчыніць‚
А наўкол агні‚ агні...
Месяц глянуў за парог‚
Залаты сыпнуў гарох.
З хусткаў зоры-матылькі
Разьлятаюцца ў куткі.
На камінку смалякі
Палыхаюць. Дзяцюкі
Пазіраюць з-за стала‚
Ці каханая прыйшла...
Нібы пчолы у вульлі‚
Дзеўкі‚ хлопцы загулі.
Закружыўся калаўрот.
Не змаўкае карагод.
Песьня родзіцца сама:
- Ой‚ ты‚ зімушка-зіма...
Поўнач певень пракрычыць‚
Час вячоркам на спачын‚
Ды ня моўкнуць песьні‚ сьмех.
Сіні вечар. Белы сьнег...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.