РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Страх

У страха вочы вялікі.               
Да пары  жбан ваду носіць. 
#Прыказкі

 
      Ці з ласкі, ці зь няласкі Боскай
Ня нашым гэта судзіць зданьнем, –
Стаяла вёска бліз Лагойска
З сваёй нудой і нараканьнем.
А ў ёй жыў Юрка Данілёнак,
Як нарадзіўся – ад пялёнак.
 
      Быў Юрка чалавек нядрэнны,
Адно быў трохі пустамеля:
Аж так і трэскаюцца сьцены,
Як расхлюсьціцца мала-веле;
Ня раз ён з толку сам саб’ецца,
Ці праўду рэжа, ці сьмяецца.
 
      А як крыху ён быў падпіўшы,
Свае тады не пазнавалі:
I ў поўнач з папраці расьцьвіўшай
Зрывае кветку на Купальле,
I на Узьвіжаньне зь зьвярамі
Гуляе ноч, як з сваякамі.
 
      Няма яму ніякіх страхаў:
Шаптун, вядзьмак прад ім хавайся!
Самога чорта нёс пад пахай,
З самою ведзьмай цалаваўся!
Такі ўжо Юрка Данілёнак,
Як нарадзіўся – ад пялёнак.
 
      Але на нашым зьменным сьвеце
Няма, бач, сталага нічога,
I салаўём падчас запеці
Ваўка прымусяць беспутнога, –
Так наш і Юрка, як ніколі,
Зьмяніўся з часам паняволі.
 
      Было, як помню, гэта самай
Перад Вадохрышчам куцьцёю.
Вячэру зьеўшы, да Адама
Сышліся ўсе мы грамадою –
От, пры лучыне ў цёплай хатцы
Паваражыць, пазабаўляцца.
 
      Былі старыя і малыя,
Падросткі, хлопцы і дзяўчаты;
Крычаць адны, сьмяюцца тыя,
Аж так і рвецца гоман з хаты!
І Юрка тут, і па-сваёму
Прагаварыць ня дасьць нікому.
 
      Я слухаў, слухаў, ды цярпеньня
Ня стала слухаць перахвалкаў!
Слоў колькі, выйшаўшы у сені,
Шапнуў Лявону і Міхалку;
Пагаварыўшы, зноў прыходзім
I гутарку няўзнак заводзім:
 
      – Хто (тут я к Юрку вокам кінуў)
Адважны з вас такой парою
Ў манеж схадзіць, набраць мякіны
I к нам сюды вярнуцца зь ёю, –
Хаця і поўнач ужо пэўне
I першыя ня пелі пеўні? –
 
      Тут хлопцы жыва падхапілі:
«Вось Юрка нам дакажа славы!
Ці ж ён бы страху не асіліў?
О, ён для дружбы, для забавы
І ў пекла, калі трэба, сходзе, –
Адважным гэта сьмех, і годзе!..»
 
      Наш Юрка, хоцькі ці ня хоцькі,
Ня рад з свайго ўжо выхваляньня;
Папхнуўся ў ток той сярод ночкі,
А зь ім наш сьмех і наруганьне.
Аж вось, празь нейкіх мінут дваццаць,
Мы чуем: «Гвалт! ратуйце, братцы!»
 
      На двор мы выбеглі ўсе гурмам.
Ляціць наш Юрка, як здань, белы,
У сенцы, ў дзьверы валіць штурмам,
Як ліст ад ветру, дрыжыць цэлы;
Убег у хату, дух ня зьмене,
Як бы у чортавай быў жмені.
 
      Мы ўсе яго давай у хаце
Прыводзіць к ладу і спакою,
Давай сьмяліць, давай пытаці:
– Што, гавары, было з табою? –
Той страх змагаючы авечы,
Пляце няствораныя рэчы:
 
      – О, Езу! Божа мой вялікі, –
Ён так расказ пераплятае.
– Я чуў няземскія там крыкі,
Была там сіла незямная!
З усякім страхам я пазнаўся,
А з гэткім век не спатыкаўся!..
 
      Іду ў манеж я той Рыгораў,
Прыйшоў і мацаю у куце,
I думаю сабе ўжо скора
Да вас зь мякінаю вярнуці;
Аж калі хапну я за нешта –
I сіл маіх прапала рэшта!..
 
      Згубіў і памяць, і адвагу,
Дрыжу, хістаюся, як колас,
I не магу, і даў бы цягу,
А тут – бух! нейкі страшны голас:
Ні чалавечы, ні сабачы, –
Люцыпар зь пекла не іначай!
 
      Сабраў я тут астаткі сілы
Ды як нагамі не задыдню!
Хоць бы схавацца да магілы,
Але ўцячы ад гэтай злыдні!
I прыляцеў к вам гэтак, брацьці,
Вы ж прэце чорта выганяці! –
 
      I ўсім не па сабе нам стала:
Мурашкі бегаюць па целе, –
А што, як праўды тут нямала
I ўбіўся чорт на самым дзеле?
Але ўсе надрабляем мінай
I ў ток зьбіраемся з лучынай.
 
      Ідзём. I Юрка дрыпе ззаду.
Прыйшлі. З увагай, як належа,
Давай шукаць пужалу, здраду
Па ўсіх вуглах, кутках манежа.
Аж бач – у куце, у мякіне,
Ляжыць сьвіньня, як усе сьвіньні!!!
 
      Ўсе ў рогат! кпінкі і прытыкі
Пайшлі у ход на ўсе староны:
«Зух Юрка! Чорт жыў і вялікі!»
«Ці не пагнаць вадой сьвянцонай?»
А Юрка... Юрка з пустамелі
Стаў з часам сьмелым і на дзеле.
 
[1908]
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.