РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Ужо днее
З-над сонных вод Нёмна, з-пад хвой Белавежы,
Суседзі, суседкі, вітаю я вас!
Блудзіла я доўга па рытвах, па межах,
Аж сьцежку-дарожку знайшла во хоць раз.
 
Хоць, пэўна, вы знаеце, хто я такая,
Якім правам тут перад вамі стаю,
Дзе дом мой, народ мой, – зь якога я краю, –
Паслухайце смутную повесьць маю.
 
З канца у канец, дзе загнанае слова
Зьвініць беларуса, – ўладаньне маё;
Шмат сотняў таму лет у хаце вясковай
Ўзяла і праводжу сваё я жыцьцё.
 
З-пад гэтай хаціны па выдмах нязнаных
Ганялі, чаго не згубіла, шукаць.
Глядзіце: во рукі і ногі у ранах,
А раны на сэрцы – каму ж іх паняць?!
 
Па грудах, каменьнях хадзіла я босай,
Крывёю чырвонай дабрыла зямлю;
На шаты мае паглядалі з’укоса
I песьню з насьмешкай віталі маю!
 
З балотам мяшалі, пагардай плявалі
Ўсе тыя, што вырасьлі нават са мной!
З маім людам згінуць навек мне казалі,
I страшна было мне так жыць сіратой!
 
За сошкай, за коскай, зь сярпом і зь сякерай
Я шла-валаклася, дзе шоў мой народ;
Заплатай было, што ён часам мне верыў
I думкі снаваў аба мне з году ў год.
 
Шлі векі. Магіла лягла пры магіле, –
Вада змыла наспы, крыжы пагнілі;
Гаротнасьцяй зможаны, ў крыўдзе, ў бясьсільлі
Там прадзедаў косьці бяз часу ляглі.
 
Шлі векі. Хрэст брала народнай сьлязою;
Між віхраў, і бураў, і холаду зім
Зь людской неразлучны ўзяла шлюб бядою,
I тузаюць мной, як народам маім.
 
Здушылі мне голас на родных на нівах;
Крыж цяжкі упадку з народам нясла,
I думаў чужынец, што ўжо я няжыва.
Ня верце! Жыву, як ад векаў жыла!
 
Я ўсё, колькі сілы, змагала, ўставала!
Я жыва! Народ мой са мною, пры мне!
Я ўсё перанесла і выйшла я з хвалай,
Я сільна, я вечна ў сваёй старане!
 
Прайшло засьляпеньне, мінае трывога;
На небе ўжо новая відна зара.
Шырок прада мною гасьцінец-дарога.
Ўжо днее! ўжо днее! – к сваім мне пара!
 
[1908]
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2019. Беларусь, Менск.