РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Міхась Кавыль
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Каляндар
І
 
Смалой і мёдам пахне у бары‚
На небе ў схованку гуляюць хмары;
А дзесь дзятлы‚ лясныя дактары‚
У хворых дрэў адлічваюць удары.
 
Ня стогнуць дрэвы‚ ведаюць - вясна
Залечыць раны сокам і жывіцай‚
А вунь за хмары пяліцца сасна‚
Хутчэй сьвятла‚ хутчэй цяпла напіцца.
 
Бярэзін косы чэша вецярок‚
Асіны крэкчуць‚ разьмінаюць плечы.
На ўзьлесьсі бусел прысьпяшае крок‚
Для жабаў марш прываблівы клякеча.
 
Казюляй‚ мошак славіць салавей‚
І мне зязюля доўга жыць прарочыць.
А пад нагамі ў леташняй траве
Гараць блакітныя пралескаў вочы.
 
ІІ
 
Сонца сьпелы сноп
Гарачымі дзідамі коле.
У лузе горды коп‚
А мэтлікі вышылі поле.
 
У поце дзень зьмлеў‚
Маланкі ўзмахнулі сярпамі.
Долу‚ спразе - ўлеў.
Малоціць гром неба цапамі.
 
Чуеш колаў грук
Блакітнаю ноччу на полі.
Боль залатых рук
Бадзёрая песьня утоліць.
 
Ноч змахнула сон
Астатней усьмешкай дзяўчыны.
Зор цьмянее звон‚
І зоры пайшлі на спачынак.
 
Сонца сьпелы сноп
Гарачымі дзідамі коле.
У лузе горды коп‚
А мэтлікі вышылі поле.
 
ІІІ
 
Прытупіўся прамень. Ня чуваць птушак звону.
Вераб'і толькі сварацца дзесь за сялом.
Быццам Жар-птушка над вершалінай клёну
Махнула перабітым залатым крылом.
 
Пасьмялелі вятры‚ вербам чухаюць грывы;
Сыплюць лісьце пад ногі‚ адзьвінеўшы жар.
Жураўлі-ўцекачы‚ пачакайце‚ куды вы?
Не займаўся яшчэ арабінаў пажар.

Як ізрэб'е‚ туман. Лес‚ як старцавы косьці.
Чыніць заяц кажух: у разорах паздром.
Паглядзі‚ і ў цябе нежаданая госьця
Валасы падмарожвае серабром...
 
IV
 
Паглядзеў у вакно і здалося -
Зацьвілі белым цьветам сады.
Разгубляла ружовая восень
Залатыя па сьнезе сьляды.
 
Па рацэ у блакітных падковах
Пракаціўся ў дрыготках мароз.
Пад страхою аздобаю новай
Кіяшы васільковыя сьлёз.
 
Гэта плакала восень па леце‚
Успамінаючы радасны май.
Божа мой‚ а я толькі прыкмеціў‚
Што на яблынях цьвету няма;
 
Што лятаюць над садам у небе
Міліярды пабеленых мух‚
Што зіма‚ срэбна-сьнежная лебедзь‚
Падарыла зямлі цёплы пух.
 
1952-53.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.