Уладзімеру Караткевічу
Біклага, кульба, торба на плячах –
Па нашым часе
выгляд маскарадны.
Нікому і ні ў чым непадуладны
Хадок ідзе, таму што выбраў
Шлях.
З дубровы ў бор, зь нізіны на грудок
Ідзе хадок, –
а бэйбусы, барыгі
Крычаць: "Гэй ты! Дзе крыж твой?
Дзе вярыгі?"
Хадок ідзе. Таму што ён
Хадок.
Ён выбраў шлях – і ўжо ня зьверне ўбок
Ад ісьціны, вядомае спрадвеку:
Амаль усё, што трэба чалавеку –
Скарынка хлеба ды вады глыток,
Амаль усё. Амаль, амаль, амаль...
Але ня ўсё – калі камяк у горле,
Ня ўсё, ня ўсё – калі душу агорне
Па незабыўным непазбыўны жаль.
Па кім? Па чым? Ці не па ўсіх і ўсім:
Па наласох тых, што на ўзьмежку поля,
Па тым – што праўда, і па тым – што воля,
Па самым любым, самым дарагім,
Па ўсіх, па ўсім – да сьлёз, да сьлёз, да сьлёз,
Па самым крэўным у чужынным сьвеце,
Што княжым ветрам прашуміць у вецьці
Заслаўскіх сосен, полацкіх бяроз
Ці паляўнічым рогам прагудзе
Ля Турава – і адгукнецца ў Крэве...
Хай шлях кружны, нібыта кольцы ў дрэве,
Бясконцы шлях. Але хадок
Ідзе.
Усё сваё з сабой нясе... Яму
Таго даволі – больш, чым неабходна,
Каб зратаваць сасьмяглых і галодных,
Каго? – яму вядома аднаму,
Ідзе хадок.
Над ім дажджыць, сьняжыць,
Яму ня выйсьці з гэтай кругаверці:
Ён ведае так мала, каб памерці.
І гэтак многа ведае, каб жыць.