Цьвіце магнолія...
Мільёны матылёў,
бялейшыя за сьвет, трапечуць на галінах.
Замерла ў пешчах белых крыл гальлё,
салодкай млоснасьці на брук ня скіне.
Ён чорны і брыдкі, як побач, зрэшты, ўсё,
ды б’юць, бы ў бубна дно, ў яго людскія ногі
па годзе год...
Аплёў, аблытаў, як драсён,
той гуд ня толькі брук,
але й хаценьні, змогу.
А ўсё-ткі, за сьнягі бялейшая, усьцяж,
ледзь красавік,
цьвіце магнолія пад мурам.
Жалезнай лёгікі адвечнага жыцьця
нішто, відаць, што людскае, – ня збурыць.
Ну, а па мне – усё, як ёсьць і мае быць.
Маленства... вёсны... восені... магільнік...
Сяўба бяз жніваў... Жнівы безь сяўбы...
Узвышшы ўсьцешныя... Туга, якой ня выліць...
Я дзякую табе за ўсіх,
за ўсё, мой кон,
хоць мо й нязвыклы ты ціхой людской падзякі.
Пайду... ды ведай –
рэшту сініх дзён
маіх дап’ю я ўсё ж із смакам!