Мне Бацькаўшчынай цэлы сьвет,
Ад родных ніў я адвярнуўся...
Адно... ня збыў яшчэ ўсіх бед:
Мне сьняцца сны аб Беларусі!
(Я.Купала)
Заміж прадмовы
Зьляцелі ў вырай мы, у новую айчыну
(мне ж «Бацькаўшчынай цэлы сьвет!»).
Хто й гнёзд ужо навіў, а ўсё – ня збыць пачыну:
сусьвет прынад для нас усьцяж – мяжа ў траве
й паснулая над ёй бабулька-йгрушка,
якой маленства наша давялося гушкаць.
I запраўды: імкнём, маўляў, кудысьці маем,
зялёным, сёмушным, нат рэдчас маем дні,
а гэта ж Бацькаўшчыну мы адно шукаем
у зьмерклай далечы, ў расьцьвілай блізіні...
I ловім водар ніў у цьвілі мескай нэтры,
шум баравых сасон у кажным цёплым ветры...
Дзівосы сьвету мы адно да іх умільна
раўнуем, сочачы із прагай цьмень:
– Зусім як і у нас!
Вось так было і ў Вільні!
Вось гэткі ж клён калісь і ў Менску мне шумеў,
ледзь-ледзь драўляныя вакеньніцы-павекі
расплюшчаць вокны ў сьвет,
дзе – межы і засекі...
1. Вежа
Бярозай белай вежа
над крыжам рвецца ўгору,
ў прастор, дзе сінь – насьцежай.
Ня ўвеціць – адарвецца
увомірг ад каменных
муроў, хай толькі вецер...
I хіляцца калены...
Ня перад ёй, ня гэтай –
прад гэткаю ж, за сьветам
падзетай... недзе ўчора...
2. Завулак
Сьцень – ад сьценаў да сьценаў...
Скуль тут гэткі завулак?
Крок б’е ў бубен, а рэха ня ўпросіць.
Боль пакорпаў цагляны
мур, у шчэрбах ён, ранах.
I – ужо успамінаў ня зьдзену:
рэха, гэткае ж рэха старэчае чула
я, малая, із коскай
радзенькаю,
мулкай,
прабягаючы вулкаю
Росай.
3. Дамок
Дамок дзераўляны... Пад гонтай...
А побач, як бор, небасягі
каменнымі пнуцца камлямі.
Устала б зь зямлі Пакагонта –
ізноў бы сканала ад смагі
па тым, што і сны ўжо ня пляміць.
Дамкі... Небасягі – адно ёй,
зязюлі зь зялёных гушчараў...
А мне –
зноў няма мне спакою:
я знала калісь на Панарах
дамок гэткі,
з гэткай страхою...
4. Сад
Бяжыць, як жэўжык, сьцежка
ў кунежную зялёнасьць,
хай недзе побач места
й расьце, як цеста ў дзежцы...
На клёне,
на агрэстах –
стазвонны рой пчаліны...
Сады гадоў дзіцячых,
навечна, без аддачы,
чаму ваш чар загінуў?
5. Увесну
Расьцягнула сонца кужаль залацісты
паміж струнамі антэнаў пруткіх.
Быццам кросны ў хаце ў чэцьвер чысты,
зігацяць яны і ўтокам, і асновай,
то зьвіняць цымбаламі, то дудкай,
маё сэрца, як чаўнок вясёлы, ловяць...
I так хочацца йшчэ раз, хоць раз, іскрысты
сіні лён сукаць
і славіць сьпеўным словам
пах зямлі, бярозавага лісту,
зыркасьць радасьці няўгойнае,
вясновай!
6. Готык
Готык непераможаны!
Готык імклівы, вечны!
Келіх лілеі Божае!
Наквець грамнічнай сьвечкі!
Выраслы з твані шэрае
грэшных Садома й Гаморы
веры прамень над нявераю,
гвалтам,
пагардай,
пакорай!
Стрэла цябе я, аздобнае
дзіва – й адкрылася рана:
сёстры вы,
сёстры вы родныя
з краскай
зыркой –
сьвятой
Ганнай!
7. Узьбярэжжа
Срэбным пылам стыгне узьбярэжжа
пад нагамі мора сіняга, ціхога...
Сяньня – сьцяла яго цяжкая зьнямога,
заўтра – скіне стому,
раз’юрыцца,
ніцы
пас пяскоў затчэ мярэжай
белай пены,
будзе плакаць, кідацца, сварыцца,
зломы
скалаў біць – перш гнеўна, потым – лена,
ажно, зможаным асілкам-воем,
ніцма рынецца й замрэ, як нежывое...
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Сінь рахманая... Зялёнае бязьмежжа...
Срэбны пыл пяскоў...
Мо гэта чары?
Дзесь шасьціць чарот, мой слых кунежыць...
Мне здаецца... гэта ж Нарач,
Нарач!
8. А мне сьніцца
Шчоглы гонныя звоняць рыпліва на ветры,
б’юць сьцягоў палатніны паветра.
Нат каменьне – і тое, здаецца, трапеча
навальніцаю колераў, бураю зьзяньняў –
выйшла пышна на веча
шэра-бурая нэтра –
места
сяньня.
Рвуць мядзяныя трубы гудам сэрцы і вушы,
ловяць пошчак, падкідваюць, глушаць...
Слуцкім пасам бяжыць, зігаціцца дарога,
боты б’юць па ёй дактылі, б'юць анапэсты,
крэсяць рыфмы да змогі...
А мне сьніцца...
«Мы выйдзем» – граюць трубы, дзьмуць рогі...
Сакавік...
Менск...
Высокае места...