Тым застольлям,
Тым пасьцелям –
Дзякуй,
Дзе я гасьцяваў,
Дзе начаваў,
Дзе сябе, як дома, пачуваў,
Дзе была падушка дужа мяккай.
Дзякуй тым стагам
I тым стажынкам,
Што хмялілі ночы мурагом,
Дзякуй тым сьнягам
I тым сьняжынкам,
Ад якіх сьвятлела ўсё кругом.
Дзякуй
Пакравам,
Дзядам,
Калядам,
Што чакалі з даўнасьці мяне,
Ручнікам,
Ад сіверу каляным,
Чэснай крыўдзе
I нязлой мане.
Дзякуй той,
Ад ямін васпаватай,
Сьцежцы спорнай у сваёй хадзе,
Што на гэты сьвет
Вяла з павагай
I на той
Спакойна павядзе.
Не была вада з крыніцы даўкай.
Доля думкі вольнымі пасла.
Загадзя
Зямлі
Кажу я дзякуй,
Баючыся не пасьпець пасьля...