Не бядуй, што сьнег халодны
Скрые землю ад вачэй:
Не загіне край твой родны
У тэй цемені начэй!
Якуб Колас
Родныя вобразы
уваход      рэгiстрацыя
 
  ГАЛОЎНАЯ     АРХАІЧНАСЬЦЬ     ЖЫВАПІС     ДПМ     ВЕРШЫ     ЛІТАРАТУРА     БІЯГРАФІІ     ФОРУМ     СПАСЫЛКІ  
пошук

  
Тлумачальны Слоўнік

БЫЎ У ЧЫСЦЫ!

Раз у дзень задушны, якраз апаўночы,

Іду я дадому... а нёмна і ўюга —

Не каб заліўшы саўсім ужо вочы,

Але так, у меру падвыпіўшы туга;

Іду і мяркую: ці то цяпер шчасьце,

Як паноў ня стала, ці то была доля?

І лічу на пальцах: паншчызны дванасьце,

А гадоў да трыццаць, як настала воля...

Там быў аконам, камісар і цівун,

Намесьнік, лясьнічы, хмістрыня, паны.

I кожны меў права узяць за бізун,

I кожны меў права да нашай сьпіны...

А цяпер?.. Ой, штосьці кепска выходзе,

Цяпер ці ня болей настала паноў,

Ня надта свабодна у гэтай свабодзе.

I давай я лічыць паноў новых зноў:

Стараста, соцкі, пісар, старшына,

Пасрэднік, ураднік, асэсар і суд,

Зьезд міравы, прысутства і сход...

Аж паднялася са страху чупрына,

Аж пальцаў ня стала на весь гэты шчот.

А пальцамі ж трэба карміць гэты люд!..

Іду... калі, шусьць, як маланкай спаліць,

Стаіць, так якраз, што умёр, аканом.

Прыгледжуся – ён, тыкі ён і стаіць,

I стрыжаны ж вус, і стаіць зь бізуном...

Схудаўшыся толькі: скура ды косьць.

А белы весь чыста, белы як сьнег,

Толькі на сэрцы плямачкі ёсьць

I плямкі на пальцах – мусіць, то грэх?..

«Браціку, – кажа, – браце Мацей!

Ратуй маю грэшную душу

З чысца, з рук подлых чарцей,

Альбо навекі загінуць я мушу!

Дваццаць пяць лет, што у чысцы я пёкся,

Усе грахі выбыў, усіх жа адрокся,

Толькі на сэрцы вот грэх, як смала,

Прыліп да мяне і ня змыты;

То за жонку тваю: саграшыў, як жыла,

За цябе, што нявіньне быў біты.

Ох, ідзі ты са мной, зачарпнуўшы вады,

Аж да чысцу таго, аж на дне,

I выбач ты мяне, што, як быў малады,

Твая жонка-краса спадабалася мне.

I палій ты вадой мне на сэрца, Мацей,

Буду Бога маліць за цябе, за дзяцей!»

Я заплакаў з жалю, але думаю: досьць

Нацярпеўся і ён, балазе што жывы,

Гэтак ссох ад агню – толькі скура ды косьць.

Пайду ў чысьцец я той, пагляджу на дзівы!

I дзівы ж, браце мой, у тым чысцу, але!

Чэрці кормяць смалой і гатуюць ў смале,

I цягаюць, і рвуць, запрагаюць у воз,

Кручком цягнуць кішкі і зубамі за нос,

Вочы колюць ражном, пазурамі рвуць твар,

Скрабуць скуру нажом, як на боты тавар.

I каго ж тут няма? – тут і пан, і жабрак,

Ганарал і салдат, аканом і мужык.

А што баб і дзявок – сказаць так –

Ўтрое больш, як мужчын ёсьць на лік.

Хто за што, а як баб – дык найбольш за язык.

Языкі ж даўжыні – так, як добры ручнік.

Іх і паляць смалой, і нажамі скрабуць,

I ніяк дабяла прапаліць не магуць.

Надта шмат маладых, што дурылі  мужоў;

Чараўніц а і  зводняў старых,

Тут я шмат і знаёмых найшоў,

Але так не чапаў ужо іх.

З мужыкоў тут ня надта каб шмат,

А ўсё больш дык багатых паноў.

На зямлі адцярпеўшы, наш брат

На той сьвет, як па масьле, пайшоў.

А панам дык і трудна цярпець

Без прывычкі, дык стогнуць, аж страх!

Глянеш, пан, як, здаецца, мядзьведзь,

А чорт дышлам запрог і трах-тарарах,

Бічам б'е, ражном пора у тыл,

Морду круце набок і за кудлы трасе;

Стук і крык, аж віхор круце пыл,

Так пан чортавы воз той нясе.

Там  паны і муруюць й аруць,

Вымятаюць і сьвіньні пасуць,

А смалу дык, як мёд, там жаруць,

А каменьня, як горы, нясуць, –

Усё ў пекле каб дно як зрабіць,

А ўсе толку няма іх работы нігдзе:

Тут яны робяць ўсё, абы збыць,

I там ім гэтак работа ідзе.

Я ж то думаў, што ксяндзоў тут няма.

Калі зірк! аж і ксёндз тут сядзіць:

Чорт яго аблажыў грашыма,

Запаліў у грашох тых, і ксёндз так гарыць.

А другі дык вісіць, але як? –

Дык і стыдна мне вам гаварыць,

А са стыду чырвоны як рак,

Вочы жмура, як кот, і гарыць.

А тут баба яго так кляне

Ды так лае з астатніх жа слоў,

Што, каб гэтак хто лаяў мяне,

Я б яго зь сьвету даўно перавёў.

Станавы, старшына і тый тут.

Тым дык чорт усё грошы зьбярэ,

Скруце цьвёрды круцель або жмут

Ды у горла запрэ і даўбешкай пярэ;

Каласірам ці чым там паліў,

I жмут той у горле агнём запаліў...

Але ж і ёсьць там народу, аж цьма!

I роду ўсякага, і стану, і веку,

Хто ня жыў на зямлі, таго тут няма;

Няхай Бог сьцеражэ там быць чалавеку!

Ледзь я прайшоў аж у тую кануру,

Гдзе аконам Бізуньскі цярпіць.

Чорт і яго запрагае у фуру.

Спацеўшы, бедны, а енча:  «Дай піць!»

Я брызнуў крапідлам на твар,

Ён аж зрадзеў, як дзіця,

Як хапіўся рукой за той каламар,

Што узяў я з вадой яму для піцьця,

Дык высахла зараз вада аж да дна;

Ён стаў такі сьветлы, як гэты дымок,

Стаў нікнуць, засталася пара адна,

I зьнік так, як нікне на слоньцы аблок.

Ня помню, як выйшаў я з чысцу таго,

Праснуўся у хаце на печы аж днём.

Усе кругом плачуць, ня ведаць чаго,

А пале мяне дык так, як агнём!

Трашчыць галава, баляць усе косьці,

I надта вады зажадалася піць.

Напіўся і зноў паў я у млосьці!..

От давялося ж у чысцы мне быць.


  Ф. Багушэвіч

вэрсія для друку

Адзнакi: 0/0 Водгукі(0)
Дадаў PL 12.05.2009