Ты вучыла мяне сеяць жыта і лён
I цярплівасьці вечнай – уголас ня плакаць.
Апынуся калі сярод чорных варон, –
Я памру, ды ня буду па-іхняму каркаць.
Вось трывожна вядзерца нясу, як тады,
Як вучыла, нясу. Я нясу, каб суседка
Не сказала, што нават звычайнай вады
Прынясьці не умее, не заліўшы сукенку.
Цьвёрда мною завучан натруджаны крок
Твой,
якому павек ужо не саступіцца.
I душа мая часта, нібы матылёк,
На агонь вылятае, ды агню не баіцца.
Пішаш: «Век мой пражыты. Наперадзе – твой.
За мяне не хвалюйся. Я буду здаровай
Да апошняй вячорнай зары палявой
I грыбочка апошняга ў нашай дуброве».
Мама, сею ня жыта я, сею ня лён.
Але зь лёну і жыта я словы складаю.
I калі углядаюся ў парасткі дзён –
Чую крокі твае. I свае вымяраю.