Вам дадзелі пакора, цярплівасьць і Бог,
як старцы, вы па шчасьце не цягнеце жмені.
Вершы вашыя пугамі б’юць па людзёх,
агнявымі маланкамі паляць сумленьні.
Я б хацела гарэць і змагацца, як вы,
разам з вамі каваць так чаканае раньне,
але дні мае іншыя маюць правы:
сыпкім золатам ліпаў маняць і цыганяць.
Мае дні
над аржоньнем цьвітуць туманом
і плывуць сэрабраным удаль павучыньнем,
і зьвіняць алавяным асеньнім дажджом,
і ў лясох верасамі мядзянымі стынуць.
Нібы жоўтая восень,
стаю над жыцьцём
і гляджу на яго,
хоць навокал – змаганьне.
Мае вершы –
над сонным балотам трысьцё,
ймгла сівая асеньняга раньня...