Сягоньня мора колеру, якога
бывае лёд зялёны недзе ля Грамніц.
Урэзаўся ў яго, шукаючы дарогі,
наш параплаў,
а ён –
зьвініць, зьвініць, зьвініць...
Аб чым?
Што весьціць нам ягоны звон зялёны?
Чаго мы слухаем яго, куды плывем?
Што загубілі мы й чаго шукаем сёньня,
за сонцам імкнучы?
Нязнаны, новы сьвет?
Калісь, напяўшы цягліцы і кужаль
галодных ветразяў,
імкнулі, як і мы,
удалеч вікінгі...
А зь імі ймкнулі мужнасьць,
і прага тайніцаў, і зьменнай славы дым.
Каб сэрцы вікінгаў і ў нас званамі білі,
мы б завярнулі ветразі тут, зараз,
на усход.
Туды, дзе у крыві, у роспачы зацьвілай
і сьлёзы і душу ўжо выплакаў народ.
Ды мы ня вікінгі...
О, Новы Край,
як гулі
спыніўшы, хваля нас да порта прыжане,
будзь нам прытулкам цёплым і утульным,
але ня Бацькаўшчынай,
не!