РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Біяграфія
        Сапраўднае імя Алеся Салаўя – Альфрэд Радзюк. Ён нарадзіўся ў 1 траўня 1922 г. у пасёлку Крысава, каля Койданава ("Дзяржынск"). Гэта чалавек, які назаўсёды ўвайшоў у гісторыю нашай літаратуры, прысьвяціўшы свае шчымліва кранальныя вершы Бацькаўшчыне-Беларусі.
         Алесь Салавей вымушаны быў пакінуць Радзіму. Пасталеньне, узмужнеласьць яго паэтычнага таленту прыйшліся на 30-40-я гг. - цяжкія гады сталінскіх рэпрэсій і Другой Сусьветнай Вайны. Усё спачатку пачыналася для юнака нядрэнна. Ён выхоўваўся ў добрай сям’і. Бацька выбіўся ў людзі, дзякуючы ўласнай настойлівасьці, скончыў Сельскагаспадарчы Інстытут і працаваў у гарадках вакол Менска.
         Вершы Альфрэд пачаў складаць вельмі рана, і першымі добразычлівымі слухачамі былі бацькі. У Койданаве Альфрэд вучыўся ў сярэдняй школе разам зь вядомым у будучым гісторыкам Міколам Ермаловічам, друкаваў свае вершы ў раённай газэце, выступаў зь імі на вечарох. Раньнія вершы Альфрэда Радзюка - гэта захапленьне родным краем, прыгажосьцю беларускай прыроды, тымі крыніцамі, якія натхнялі яго талент. Вершы 15-гадовага паэта пачалі публікавацца ў рэспубліканскіх газэтах і часопісах.
         Але ішоў 1937 год. Ноччу на вачах у дзяцей былі арыштаваны бацька і маці, якіх Альфрэд больш ніколі не пабачыў. Хлопец вымушаны быў шукаць нейкіх заробкаў, цяжка працаваў на разгрузцы вагонаў, на торфараспрацоўках і вывазцы лесу. Але не губляў надзеі вучыцца далей і ў 1938 г. паступіў у Менскі педтэхнікум, дзе змог працягнуць толькі два гады. Па ўспамінах, Альфрэду Радзюку проста не было на што жыць, быў адным з самых бедных студэнтаў у тэхнікуме. І зноў ён вымушаны быў шукаць працы. Але, нягледзячы на цяжкія ўмовы, не пераставаў пісаць вершы, у іх ён спатольваў свае душэўныя перажываньні. Гэта было адзінае, што выратоўвала яго ад цяжкага, пакутлівага існаваньня. У перадваенны пэрыяд ён шмат чытаў з клясічнай літаратуры, захапляўся творчасьцю Я.Купалы і М.Багдановіча, пачаў асвойваць клясічныя формы верша: санэты, актавы, трыялеты, рандо.
         Аднак бясконцыя матэрыяльныя нястачы, цяжкае сірочае існаваньне аддалялі яго ад кола сяброў, ён адчуваў самоту, неўладкаванасьць, беспэрспэктыўнасьць жыцьця, і толькі на прыродзе, на берагах Гайны адчуваў сябе раскаваным і вольным.
         З пачаткам вайны ён пераязджае ў Менск, і пры дапамозе беларускага паэта Уладзімера Дудзіцкага ўладкоўваецца ў рэдакцыю "Беларускай газэты", дзе працавала і Натальля Арсеньнева, напярэдадні вайны вернутая з казахстанскай ссылкі разам з двума сынамі.
         На старонках "Беларускай газэты" пачалі друкавацца матэрыялы зь беларускай гісторыі. Тут упершыню Альфрэд прачытаў "Кароткі нарыс гісторыі Беларусі" У.Ігнатоўскага, спасьцігаў прыгажосьць роднай мовы. У "Беларускай газэце", "Голасе вёскі" пачалі друкавацца новыя вершы Альфрэда Радзюка, і ў 1942 г. упершыню ён стаў падпісвацца псэўданімам "Алесь Салавей". Той жа цяжкі галодны і халодны лёс выганяе Алеся Салаўя з ваеннага Менска спачатку ў мястэчка Ільля, а пазьней у Рыгу, дзе выдаваўся беларускі часопіс "Новы шлях", рэдактарам якога быў Уладзімер Сядура, вядомы беларускі крытык і празаік. Алесь Салавей стаў намесьнікам рэдактара, шмат пісаў. У Рызе выйшаў першы паэтычны зборнік Алеся Салаўя "Мае песьні", які меў падзагаловак "Зборнік лірыкі думкі". Тут напісана першая яго вялікая паэма "На хуткіх крыльлях вольнага Пэгаса", напісаная санэтнай страфою.
         У 1944 г. Алесь назаўсёды пакінуў свой край, пайшоў у выгнаньне. Апынуўся спачатку ў Беластоку, дзе адбылося знаёмства з Ільяшэвічам, Сяднёвым, потым у Бэрліне, у Празе сустракаўся з Ларысай Геніюш і некалькі гадоў жыў у лягеры перамешчаных асобаў у Зальцбургу (Аўстрыя). Цяжка перажываў расстаньне з Радзімай, з роднымі людзьмі. Трэба было зьмірыцца з думкай, што непатрэбны ён свайму дому, і ў вершах застаецца толькі сьцішаная канстатацыя.
         У Зальцбургу Салавей ажаніўся з Зінаідай Кадняк, зь якой пазнаёміўся ў Бэрліне. Матэрыяльна жылося цяжка, але па-ранейшаму ён знаходзіў паратунак у вершах, задумаў напісаць раман "Пад нагамі гарыць зямля" - пра падзеі на Беларусі ад Кастрычніцкай рэвалюцыі да Другой Сусьветнай Вайны і ў вайну. Другая частка - жыцьцё на чужыне. Зьбіраў матэрыял, нягледзячы на тое, што даводзілася цяжка фізічна працаваць, каб утрымліваць сям’ю, думаць аб хлебе надзённым. У Зальцбургу, у лягерох дэпартаваных, жылі пераважна ўкраінцы. Алесь Салавей, засвоіўшы ўкраінскую мову, часта выступаў зь вершамі, пасябраваў з украінскімі паэтамі Аляксандравым і Кучурыўскім, займаўся перакладамі.
         Але найперш зальцбургскі пэрыяд незвычайна плённы ў паэтычных адносінах. Алесь Салавей працягваў пісаць вершы клясічнай формы, а таксама вершы-мініяцюры, першыя зь якіх - "Вянкі" - з’явіліся ў друку ў 1948 г., як і паэма "Домік у Менску", пачатая яшчэ ў 1944 г. У Зальцбургу была напісана і другая паэма Алеся Салаўя "Зьвіняць званы Сьвятой Сафіі", прысьвечаная Юрку Віцьбічу, а таксама паэма "Сын" (надрукаваныя ў 1949 г.). У Зальцбургу выйшаў другі зборнік паэзіі Алеся Салаўя "Сіла гневу" (1948), дзе сабраны вершы цэлага дзесяцігоддзя. Гэта быў апошні зборнік, выдадзены пры жыцьці паэта. У ім шмат вершаў, прысьвечаных Радзіме.
         У сваіх зборніках Алесь Салавей шмат вершаў прысьвяціў беларускай гісторыі, Усяславу Чарадзею, Ф.Скарыне, С.Буднаму, В.Цяпінскаму, М.Багдановічу, уславіў мясьціны, дзе яму давялося жыць ці пабываць (Менск, Вільня, Маладзечна, Лагойск, Койданава), апяваў красу беларускай прыроды і заўсёды выказваў гарачую любоў і вернасць Бацькаўшчыне, свайму народу.
         У Зальцбургу Алесь Салавей аддаваў шмат часу выданьню часопісаў "З беларускага жыцьця", "Пагоня", вёў вялікую перапіску з беларусамі ў Нямеччыне. Давялося ехаць у далёкую Аўстралію і там уладкоўваць побыт сям’і. Мала пісаў ён там вершаў: жыцьцё на чужыне было нялёгкім. Ішлі гады. Ён сачыў, чым і як жыла далёкая Бацькаўшчына, перапісваўся з Ларысай Геніюш, якая вярнулася з ГУЛАГа пасьля сьмерці Сталіна. Жыла ў Зэльве, пасылала ў Аўстралію кнігі беларускіх пісьменьнікаў. У лістах да паэткі Алесь Салавей выказваў захапленьне творамі В.Быкава, У.Караткевіча, Н.Гілевіча, асабліва яго санэтамі. Скардзіўся Ларысе Геніюш, што ўдалечы ад Радзімы згасае яго паэтычнае натхненьне, не пішуцца вершы.
         У 1952 г., ужо жывучы ў Мельбурне, Алесь Салавей скончыў укладаньне двух новых сваіх зборнікаў "Вянкі" і "Несьмяротнасьць". Яны павінны былі выйсьці пад адзіным загалоўкам "Нятускная краса". Але выйшаў гэты збор твораў Алеся Салаўя ўжо пасьля яго сьмерці клопатамі Антона Адамовіча і Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку.
         Памёр 22 студзеня 1978 г. Мэльбурне (Аўстралія) у час купаньня ў моры ад разрыву сэрца. Пахаваны там жа на Беларускіх могілках
        
         http://www.zbsb.org/
2009–2020. Беларусь, Менск.