РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Біяграфія
        Натальля Арсеньнева нарадзілася 20 верасьня 1903 г. у Баку, адкуль сям’я пераехала ў Вільню. Маці, былая настаўніца, займалася падрыхтоўкай дзяцей да гімназіі. У дзесяць гадоў Натальля Арсеньнева на "выдатна" здала ўступныя экзамэны і была залічана адразу ў другі клас Віленскай Марыінскай Гімназіі. Вучылася два гады. А далей навуку спасьцігаць давялося ў Яраслаўлі, куды эвакуявалі сям’ю падчас Першае Сусьветнае Вайны.
         Пасьля вяртаньня ў Вільню Натальля Арсеньнева вучылася ў Віленскай Першай Беларускай Гімназіі, дзе на яе сталеньне аказалі ўплыў Максім Гарэцкі і Браніслаў Тарашкевіч. У Вільні 16-гадовая Натальля мусіла даваць урокі французскай і нямецкай моваў, каб дапамагчы сям’і. Як згадвала сама паэтка, "з прыгнечаньня і роспачы ратавала беларуская гімназія, бо людзі, што вучылі, - навучылі на ўсё жыцьцё горача палюбіць Беларусь". Адтуль - творчы, жыцьцёвы, грамадзянскі гарт і непахісная воля. Атэстат аб набыцьці сярэдняй адукацыі яна атрымала ў 1921 г. і распачала працу ў адной зь беларускіх віленскіх школ. Паступіла на гуманістычны факультэт Віленскага Ўнівэрсітэту. Адначасова друкавалася ў розных заходнебеларускіх часопісах і газэтах. Праз год Натальля Арсеньнева ўзяла шлюб з Франьцішкам Кушалем і з’ехала зь Вільні. Наступнай восеньню яна сьпявала ўжо калыханку свайму першаму дзіцяці.
         У 1927 г. у Вільні выйшаў першы зборнік Натальлі Арсеньневай "Пад сінім небам", тады ж была падрыхтавана да друку кніга "Жоўтая восень". Ужо першы зборнік адразу атрымаў самую высокую ацэнку як у Заходняй, так і ў савецкай Беларусі. Максім Гарэцкі ў 1928 г. напісаў: "У беларусаў пад Польшчаю зьявілася шмат маладых паэтаў, пісьменьнікаў і публіцыстаў, але з выдатных іменьняў можна назваць хіба толькі адно - Натальлі Арсеньневай. Форма вершаў Арсеньневай у галіне тэхнікі вершаскладаньня вызначаецца нейкай асаблівай бліскучасьцю, яны захопліваюць шчырасьцю пачуцьця, далікатнасьцю тону і нейкаю асабліваю пяшчотнасьцю вобразаў і словаў".
         Заходняя Беларусь у 1939 г. была далучана да Савецкага Саюза. Тым часам Вільню пераўтвараюць у летувіскі горад, зачыняюць усе беларускія выданьні. Муж Арсеньневай апынуўся ў савецкім засьценку. Яна ад’язджае да сваякоў у Вілейку, дзе пачынае працаваць у мясцовай газэце. Але ў 1940 г. яе з двума сынамі на руках арыштавалі і саслалі ў Казахстан, пра што пазьней былі напісаныя ўспаміны "У казахстанскай ссылцы". Раптоўная, безь сьледства і суда, высылка. Ніякіх афіцыйных абвінавачваньняў.
         Холад, голад, бруд... Год пакут. Ёй настойліва прапаноўвалі адмовіцца ад мужа. У 1941 г. намаганьнямі Я.Купалы, М.Танка і інш. Натальля Арсеньнева вярнулася зь няволі ў Менск.
         У тым жа 1941 г. прыйшла іншая няволя. Немцы, на думку Арсеньневай, былі проста новымі акупантамі. Адкрыцьцё беларускіх школ, прагімназіяў, інстытутаў, падтрымка нацыянальнага друку - усё немцы рабілі толькі дзеля карысьці вэрмахта, Трэцяга Рэйху, і арыентаваліся, перш-наперш, толькі на заходніх беларусаў. У 1943 г. у Менскім Гарадскім Тэатры загінуў ад міны старэйшы сын Натальлі Арсеньневай.
         Людзі нацыяльна выяўленых настрояў з атачэньня Арсеньневай разьлічвалі на чарговы перападзел сьвету пасьля Другой Сусьветнай Вайны. На шанец стварэньня самастойнай Беларусі падчас перападзелу разьлічвалі Кастусь Езавітаў, Франьцішак Кушаль, Васіль Мікула і інш. У Другім Усабеларускім Кангрэсе ў 1944 г. брала ўдзел і Натальля Арсеньнева, якая на тую пару кіравала аддзелам літаратуры Беларускага Культуровага Згуртаваньня. Была створана Беларуская Краёвая Абарона, яе ўзначаліў Франьцішак Кушаль, муж Арсеньневай. Прафэсійны вайсковец расейскай царскай арміі, старшыня Беларускай Вайсковай Камісіі ў 1919-20 гг., афіцэр польскай арміі ў 20-30-я гг... ён марыў пра незалежную Беларусь з усімі атрыбутамі дзяржаўнасьці: урад, армія, праваахоўныя арганізацыі...
         Арсеньнева пісала вершы, перастварала па-беларуску замежных клясікаў, ад нямецкай акупацыйнай улады атрымала мэдаль.
         У 1944 г. у Менску выйшаў яе другі зборнік "Сягоньня". У ім зьяўляецца гістарычная канкрэтыка - гісторыка-патрыятычныя вершы: "Песьня каліноўцаў" і верш да 25-х угодкаў скліканьня Ўсебеларускага Кангрэсу. Друкуюцца ўзьнёсла-патрыятычныя вершы, зь відавочным аптымістычным настроем: "А ўсё ж будзем жыць", "Жыве Беларусь!", "Хай грыміць" і інш. Тэматыка, што пераважае ў творчасьці: Бацькаўшчына, прырода, паэзія, паэт.
         Крыўда за лягерныя пакуты, а таксама замужжа з Франьцішкам Кушалем прадвызначылі яе далейшы няпросты жыцьцёвы лёс. У 1944 г. Арсеньнева з сынам пакідае Менск: Бэрлін, Амбэрг (Баварыя), лягер для перамешчаных асобаў. Урэшце, з 1950 г. паэтка зь сям’ёй пераязджае ў ЗША (спачатку ў Нью-Ёрк, пазьней - у Рочэстэр), дзе ёй напачатку давялося пакаваць гуркі на фабрыцы кансэрваў, мужу - быць ліфцёрам, а сыну паліраваць сталы на фабрыцы мэблі. Свой боль, сваю роспач яна не хавае, увесь час хоча абвесьціць усім: Беларусь - яе адзіная Бацькаўшчына, яна яе любіць да самазабыцьця, горача, адчайна, да скону, з надзеяй і верай.
         Арсеньнева пераклала зь нямецкае мовы "Разьбіты кубак" Кляйста, дала магчымасьць пачуць па-беларуску опэры "Вясельле Фігаро" і "Чарадзейная флейта" Моцарта, "Вольны стралок" Вэбэра і "Кармэн" Бізэ, а таксама ўсе арыі "Яўгенія Анегіна" Чайкоўскага, лібрэта аперэты Штраўса "Цыганскі барон".
         Натальля Арсеньнева плённа супрацоўнічала з кампазытарам М.Шчагловым (Куліковіч). Пяру паэткі належаць лібрэта да ягоных опэр "Лясное возера" і "Усяслаў Чарадзей", да апэрэтаў "З выраю" і "Купальле", словы да кантаты "Сакавік". Як і словы патрыятычных, гісторыка-патрыятычных, лірычных песень кампазытара М.Шчаглова: "Песьня каліноўцаў", "Беларусь, наша Маці-краіна", "У гушчарах" і г.д.
         Вялікі збор твораў Натальлі Арсеньневай "Між берагамі" выйшаў у Нью-Ёрку - Таронта ў 1979 г. З кожным годам творчая спадчына Натальлі Арсеньневай робіцца ўсё больш вядомай чытачам. Але сама Натальля Арсеньнева з Бацькаўшчынай і сваімі чытачамі больш не сустрэлася. 1944 год стаўся годам расстаньня назаўсёды...
         У 1997 г. Натальля Арсеньнева пакінула гэты сьвет у горадзе Рочэстэр (ЗША).
2009–2017. Беларусь, Менск.