РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Біяграфія
        Вацлаў Юстынавіч Ластоўскі (27 кастрычніка (8 лістапада) 1883, засьценак Калесьнікаў Дзісенскага пав. Віленскай губ. (цяпер Глыбоцкі раён Віцебскай вобласьці) — 23 студзеня 1938, Саратаў, НКУС. Псэўданімы і крыптанімы: Власт; Wlast; Юры Верашчака; Ласт; В.Ласт.; Уласт; Арцём Музыка; Пагашчанін; Сваяк; Ю.Сулімірскі; Veritatis; Miles; Peregrinus; В.В...; В-...; В.Л.; В.Л-скі; В-т; Л.; Ю.В.) — беларускі грамадскі і палітычны дзеяч, пісьменьнік, гісторык, філолаг, літаратуразнавец, этнограф.
        
         Нарадзіўся ў засьценку Калесьнікі Дзісенскага павету Віленскай губэрні (цяпер Глыбоцкі ці Мёрскі раён Віцебскай вобласьці) у сям’і безьзямельнага шляхціца. Скончыў на радзіме Пагосцкую пачатковую школу. Пасьля сканчэньня непрацяглы час вывучаў лацінскую мову ў свайго дзядзькі Франціша Ластоўскага.
         У 1896 годзе, прайшоўшы пехатой 70 вёрстаў да чыгункі, Ластоўскі зьехаў у Вільню. Працаваў хлопчыкам на паслугах у віннай лаўцы, канцылярыстам у Шаўлях (Летува), бібліятэкарам у студэнцкай бібліятэцы ў Пецярбургу, дзе наведваў лекцыі ва ўнівэрсытэце. Уступіў у Польскую сацыялістычную партыю. Рабіў канторшчыкам на таварнай станцыі ў Рызе. Далучыўся да беларускага нацыянальнага грамадзкага і культурнага руху. У 1906—1908 гадах уваходзіў у Беларускую сацыялістычную грамаду. У 1906 быў арыштаваны за сацыялістычную прапаганду і сядзеў некалькі месяцаў у турме.
         Ад 1909 — сакратар рэдакцыі «Нашай Нівы» і загадчык першай беларускай кнігарні (па адрасе ў Вільні Завальная, 7), у 1916—1917 — рэдактар газэты «Гоман», у 1918 выдаваў газэту «Krywi?anin». У канцы 1918 году ўзначаліў прадстаўніцтва ўраду БНР пры літоўскай Тарыбе, быў беларускім аташэ пры літоўскім пасольстве ў Бэрліне. З 1919 — у партыі беларускіх эсэраў, са сьнежня 1919 да красавіка 1923 узначальваў Раду міністраў БНР (быў прэм’ерам).
         Удзельнічаў у арганізацыі антыпольскага партызанскага руху ў Заходняй Беларусі, быў старшынём Сувязі нацыянальна-дзяржаўнага вызваленьня Беларусі. Быў зьняволены польскімі ўладамі, у 1920 яму дазволена выехаць ў Летуву. У красавіку 1923 году выйшаў з ураду БНР і адышоў ад актыўнай палітычнай дзейнасьці. Выдаваў у Коўні літаратурна-навуковы часопіс «Крывіч» (1923—1927).
         У красавіку 1926 пераехаў у БССР. У 1927 урад БССР дазволіў яму вярнуцца ў Менск. Працаваў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музэю. Ад 1928 году Вацлаў Ластоўскі — акадэмік і сакратар Інбелкульта і Акадэміі навук БССР.
         У 1930 годзе, падчас экспэдыцыі ў Сыбір, Ластоўскага арыштавалі па справе «Саюзу вызваленьня Беларусі», пазбавілі званьня акадэміка і саслалі на 5 гадоў у Саратаў. Там ён працаваў загадчыкам аддзелу рэдкай кнігі ва ўнівэрсытэцкай бібліятэцы. Паўторна арыштаваны ў 1937, прыгавораны да вышэйшай меры пакараньня. 23 студзеня 1938 году яго расстралялі. Па першым прыгаворы рэабілітаваны 10 чэрвеня 1988, па другім — у 1958.
        
         Крытыцы В. Ластоўскага прысьвечаныя некалькі нумароў часопіса Беларуская думка (галоўны рэдактар В. Гігін). У нумары № 3 за 2009 год публіцыст Алег Ліцкевіч выказвае меркаваньне, што Ластоўскі склаў шэраг песень, якія выдаў за аўтэнтычныя фальклёрныя, у тым ліку вядомую песьню пра бітву пад Воршай («Слава Воршы ўжо ня горша...»).
         У нумары № 2 за 2008 год гісторык А. Гронскі сьцьвярджае, што менавіта Ластоўскі "прыдумаў Каліноўскаму імя «Кастусь»", ігнаруючы той факт, што ў адпаведнасьці з гістарычнымі дакумэнтамі дадзеная форма імя ўжывалася ў сям'і К. Каліноўскага. У гэтым жа артыкуле Гронскі выкрывае падкрэсьлена ненавуковую, публіцыстычную працу В. Ластоўскага, прыводзячы скажэньні арыгінальнага тэксту твору Каліноўскага:
        
         Браты мае, мужыкі родныя!
         Марыська, чарнаброва галубка мая
        
         У Ластоўскага:
        
         Беларусы, браты родныя!
         Беларуская зямелька, галубка мая
        
         На гэтай падставе Гронскі сьцьвярджае, што «зьвяртаючыся да сялянаў ён [К. Каліноўскі] не называў іх беларусамі», тым часам у шырока вядомых Лістах з-пад шыбеніцы К. Каліноўскі пісаў: «...а пісьмо аддрукуйце, каб знаў свет Божы, як мужыкі Беларусы глядзяць на маскалёў і паўстанне польскае, чаго яны хочуць і чаго па сваей сіле дабіваціся будуць».
        
         У публіцыстыцы, асабліва ў нашаніўскіх артыкулах "Сплачвайце доўг" (1913), "Па свайму шляху!" (1914), выступаў супраць рэвалюцыйна-дэмакратычнага кірунку ў літаратуры. Ставіў нацыянальныя інтарэсы вышэй за клясавыя, лічыў нацыянальную праблему найважнейшай у гісторыі. Адмаўляў канцэпцыю адзінства гістарычных лёсаў Расеі і Беларусі, непрыхільна ставіўся да марксізму.
         "Для нас вельмі важна вырваць наш народ з-пад рускага гіпнозу, паказаць яму іншыя каштоўнасьці і шляхі нацыянальнага жыцьця, зьвярнуць увагу на неабходнасьць больш цеснага збліжэньня з нашымі прыбалтыйскімі суседзямі", – пісаў ён у 1924 годзе.
        
         У 1910 годзе Вацлаў Ластоўскі выдаў "Кароткую гісторыю Беларусі" — першую кнігу, у якой была спроба абгрунтаваць беларускі характар Вялікага княства Літоўскага. Канцэптуальна абагульніў вядомыя факты пра мінулае Беларусі з погляду ўласна-нацыянальнай гісторыі (падзеі даведзены да 1905). У "Нашай ніве" ў рубрыцы "3 нашай мінуўшчыны" і ў газэце "Гоман" зьмясціў шэраг артыкулаў па гісторыі Беларусі. Некаторыя зь іх склалі асобнае выданьне "Калісь і цяпер: Гістарычна-грамадзянскія нарысы" (Вільня, 1918). У пач. 1920-х г. працаваў над "Нарысамі беларускай гісторыі", якія па сутнасьці ўяўляюць сабой першую беларускую энцыкляпэдыю гісторыі Беларусі і складзены з розных тэрмінаў і паняцьцяў з беларускай мінуўшчыны (машынапісны экзэмпляр захоўваецца ў Аддзеле рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі АН Літвы). Дасьледаваў старажытна-беларускую літаратуру, гісторыю і паходжаньне назвы Беларусь. У 1924 годзе надрукаваў "Падручны расійска-крыўскі слоўнік", які акрамя асноўнага лексічнага масіву ўключаў: руска-беларускі слоўнік асабовых імён "Крыўскі (беларускі) іменьнік"; слоўнік тэрмінаў арніталагічных "Назовы птахаў" і батанічных — "Іменьнік расьцін". У слоўніку беларускай вайсковай тэрміналогіі "Вайсковая каманда" апроч народнай лексікі прапаноўваў шмат уласных лексічных вынаходак і да добрага, сапраўднага матэрыялу дадаў шмат выдуманага, і, паводле думкі Я. Станкевіча, выдуманага несістэмна. Апрацаваў разам з Т. Іваноўскім, К. Дуж-Душэўскім лацінска-руска-беларускі слоўнік па арніталогіі. У 1925 апублікаваў "Летапісца Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага" паводле сьпісу Рачынскага. У 1926 годзе пабачыла сьвет галоўная праца Ластоўскага – манументальная "Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі. Спроба паясьніцельнай кнігопісі ад канца X да пачатку XIX стагодзьдзя", у якой прыводзіліся цытаты на старабеларускай мове са шматлікіх старажытных кніг і рукапісаў. Публікацыя ўяўляе сабой агляд "звыш 1000 важнейшых рукапісных кніг, грамат, старадрукаваных кніг з пачатку зараджэньня беларускага пісьма ( X ст.) аж да XIX ст." Пасьля пераезду ў БССР В. Ластоўскі апрацаваў разам з М. Шчакаціхіным "Праваднік па аддзеле сучаснага беларускага малярства і разьбярства" (1929), распачаў вялікую працу "Матэрыяльная культура Беларусі", якая ахоплівала перыяд ад XVI да XX ст.
         В. Ластоўскі выставіў тэзіс ад тоеснасьці крывіцкай (т.ч., Полацкай) і беларускай дзяржаўнасьці, адзін з найбольшых прапагандыстаў назвы "Крывія" для Беларусі і "крывіцкая" для беларускай мовы. Перыядызацыя гісторыі Ластоўскага, нягледзячы на кампіляцыйны характар яго "Кароткай гісторыі", лічыцца ў радзе момантаў больш дасканалай за пазней прапанаваную У. Ігнатоўскім і прынятую за афіцыйную аснову. Прыхільнік канцэпцыі "залатога веку". Шмат увагі ўдзяляў этнаграфіі, м.інш., лічыў племя волатаў старадаўнімі продкамі беларусаў.
         Выступаў за ўлік і асваеньне ў беларускай мове ня толькі сучаснага народнага, але і гістарычнага старабеларускага досьведу. Таксама меркаваў, што пісаньне мяккага знаку ў беларускай арфаграфіі карэніцца ў польскай арфаграфічнай практыцы. Падтрымліваў праэкт Я. Лёсіка на акадэмічнай канферэнцыі (1926), адзначаючы, што тарашкевічава азбука фактычна русіфікуе вымаўленне беларускіх ётаваных галосных.
         Член-карэспандэнт Украінскай акадэміі грамадазнаўства ў Празе (1926), акадэмік АН Беларусі (1928).
2009–2019. Беларусь, Менск.