РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Біяграфія
        Нарадзіўся ў сям'і чыгуначніка. Скончыў Старасельскае народнае вучылішча, Рагачоўскую настаўніцкую семінарыю (1917). Настаўнічаў у Ліпініцкай земскай школе (цяпер Буда-Кашалёўскі р-н). У 1919-1922 служыў у Чырвонай Арміі. Удзельнічаў у савецка-польскай вайне. Настаўнічаў у вёсцы Сьвержань Рагачоўскага р-на. У 1925-1928 - адказны сакратар рэдакцыі, намеснік рэдактара, у 1928-1930 - рэдактар бабруйскай акруговай газэты «Камуніст». Быў арганізатарам і кіраўніком Бабруйскага філіяла «Маладняка», адным з кіраўнікоў БелАПП. Працаваў у Дзяржаўным выдавецтве БССР (1930-1932), сакратаром аргкамітэта (1932-1934), галоўным рэдактарам часопіса «Полымя рэвалюцыі» (1933-1941), старшынёй праўленьня СП БССР (1938-1948). Удзельнік паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь (1939), рэдагаваў газэту «Беларуская звязда» - орган палітупраўленьня Беларускага фронту. У 1941-1942 - рэдактар франтавой газэты «За Савецкую Беларусь» (выходзіла на Заходнім, Цэнтральным і Бранскім франтах). У 1943-1946 і 1949-1952 - дырэктар Інстытута літаратуры, мовы і мастацтва АН БССР. Абіраўся кандыдатам у сябры ЦВК БССР (1921-1931), дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1940-1945). Як член дэлегацыі БССР неаднаразова ўдзельнічаў у рабоце сэсій Генеральнай Асамблеі ААН. Акадэмік АН БССР. Сябра СП СССР (з 1934).
        
         Дэбютаваў вершам у 1919 (смаленская газэта «Борьба»), першыя апавяданьні - у 1926 (бабруйская газэта «Камуніст» і зборнік бабруйскага філіяла «Маладняка» - «Уздым»). Выйшлі зборнікі прозы «Апавяданьні» (1927), «Гой» (1929), «Андрэй Лятун» (1930), «Саўка-агіцірнік» (1933), «На вялікай хвалі» (1934), «Баян» (1935), «Сустрэчы» (1940), «Астап» (1944), «Апошні зьверыядавец» (аповесьць, 1930), «За акіянам» (нататкі, апавяданьні, нарысы, 1962), раман «На чырвоных лядах» (1934) і раман-эпапея ў 4 кнігах «Векапомныя дні» (1958, 2-е перапрацаванае выданне ў 1969), нарыс «Гэрой Савецкага Саюза Канстанцін Заслонаў» (1944), апавяданьне «Агні Танганьікі» (1957), «Выбраныя творы» (1931, 1934, 1952), «Выбраныя апавяданьні» (1938, 1941, 1947), Зборы твораў у 4-х (1967-1968) і ў 8 тамах (1981-1985).
         Для дзяцей выдадзены кнігі «Пра сьмелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў» (1937), «Міколка-паравоз» (1937, аповесьць экранізавана ў 1957), «Янка-парашутыст» (1937), «Ядвісін дуб» (1940), «Апавяданьні» (1946, 1948, 1960, 1966, 1973, 1974, 1988).
         М. Лынькову належаць літаратуразнаўчыя працы «Беларуская літаратура за 30 год» (1948, на беларускай і рускай мовах), «Вобраз Сталіна ў беларускай мастацкай літаратуры» (1950), «Якуб Колас» (1952), «Летапіс эпохі: Беларускай савецкай літаратуры пяцьдзесят год» (1968), зборнік артыкулаў «Літаратура і жыцьцё» (1978), кніга «Публіцыстыка» (1980).
         Пераклаў на беларускую мову асобныя творы М. Горкага, М. Ціханава і інш.
        
         Узнагароджаны трыма ордэнамі Леніна, трыма ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сьцяга, ордэнам Чырвонай Зоркі і мэдалямі. Народны пісьменьнік БССР (1962). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1968) за раман «Векапомныя дні».
        
         12.1.1976 пастановай Савета Міністраў БССР Крынкаўскай школе (Лёзненскі раён) было прысвоена імя М.Ц. Лынькова. У школе створаны музей, які налічвае больш за 600 экспанатаў, у тым ліку каля 300 арыгінальных. Сярод іх асабістыя рэчы пісьменьніка — кэпка, гальштук, значык «Выдатнік народнай асветы БССР», дэпутацкі білет.
2009–2020. Беларусь, Менск.