РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Біяграфія
        Нарадзіўся 10 верасня 1953 у вёсцы Беражное (Бэрэжнэ, як кажуць у нас), Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. Іван таму, што 11 верасня свята – Іван Галавасек, Иоанн Креститель, Иоанн Предтеча. Штэйнер (правільна Shteinert) невыпадкова, у нашай вёсцы жывуць Пульманы, Цывісы, Кунштэлі, Гурклюсы, Руцы, Цуры, Цывісы, Байзерты (мой швагер, муж малодшай сястры, Байзерт У.М. – віцэ-адмірал ВМФ Расіі, намеснік камандуючага аднаго з баявых расійскіх флатоў – таксама з гэтай вёскі). Хаця паходжу са старажытнага шляхецкага роду Прылуцкіх, звесткі пра які пададзены ў нацыянальным гербоўніку.
         Вёска Беражное выключная, як і наш раён Столінскі ў цэлым (адзін, пакуль, на Беларусі, дзе дэмаграфічная сітуацыя станоўчая). У 2008 годзе спаўняецца 500 гадоў з дня яе першага згадавання афіцыйнага (дарэчы, у суседняй вёсцы Дубянец, якая ўваходзіць у склад нашага сельсавета, і дзе пахаваны мой дзед, бабуля, дзядзькі і цёткі, мясцовая царква налічвае амаль 300 гадоў (заснавана ў 1712 – уявіце сабе, драўляная, і не струхлела, не згарэла, выжыла). Як сведчаць паперы, завераныя пінскім князем, менавіта ў 1508 годзе пацвердзіў свае прывілеі на гэтыя землі пан П.П. Олеша. Зразумела, што самая вёска існавала і раней, як і славуты род Алешаў (Олешаў, гук О градуецца як у польскім, так і мясцовым вымаўленні), герб якіх – Брохавіч (звернуты налева чырвоны алень з каронай на шыі на агульным белым полі) – існаваў чатыры з паловай стагоддзі. Цяпер ад 15 пакаленняў слыннай фаміліі (ужываем у французскім разуменні слова) засталіся сядзіба ў Нова-Беражным і дзве магілы – адна, напаўразбураная, у сасновым бары на трасе Столін – Давыд-Гарадок, другая – на самым высокім месцы паміж Беражным і Рублём (таксама унікальнай вёскай, дзе ёсць дзве царквы і насельніцтва каля 10 тысяч), куды не даходзіць імклівая вада Гарыні ні ў якія паводкі. Некалі там стаяла надзвычай прыгожая царква з унікальнымі абразамі і кнігамі.
         З гэтага слыннага роду паходзіць вядомы рускі пісьменнік, тонкі стыліст, які так цудоўна адчуваў велізарныя вобразна-выяўленчыя патэнцыі великого русского языка (хаця і не лічыў яго родным) Юрый Карлавіч Олеша. Памяць пра сваё шляхецкае (дворянское) паходжанне заўсёды будзе падсвядома спадарожнічаць пісьменніку па жыцці. Вяртаючыся да вытокаў, ён згадвае:
         “О моём отце знаю, что он был когда-то, до моего рождения, помещиком. Имение было порядочное, лесное, называлось «Юнище». Оно было продано моим отцом и его братом за крупную сумму денег, которая в течении нескольких лет была проиграна обоими в карты. Отголоски этой трагедии заполняют моё детство». Юнішча недалёка ад маёй вёскі, але бліжэй да Відзібора, дзе нарадзіўся адметны арыгінальны празаік А.Наварыч. А ў бліжэйшым Давыд-Гарадку нарадзіліся Г.Марчук, Л,Дранько-Майсюк, У.Глушакоў якіх, як і мяне, як У.Сенькаўца з суседняй, зусім блізкай Белавушы (Бологушы), цалавала, паводле слоў паэта-песенніка, любая Гарынь, самая няўрымслівая і хутка плынная рака Беларусі.
         За Гарынню пачынаюцца слынныя балоты, за якімі ідзе канец свету, а потым пачынаецца Украіна. Невыпадкова ў нас натуральна гучыць і ўкраінскае слова. Мова рэгіёна адметная, калі мы яшчэ гаварылі на дыялекце (нейкае непрыгожае слова для нашай мілай гаворкі), то светлай памяці Васіль Дзмітрыевіч Ліцвінка, цудоўны фалькларыст і чалавек, у сваім Церабяжове (там якраз мытня) гаварыў амаль па-ўкраінску.
         Бацька мой спяваў па-беларуску, па-украінску, па-польску, любіў рускія песні. Ён служыў у войску польскім у цяжкай артылерыі, ваяваў пад Торунем і Варшавай, трапіў у палон, а потым вярнуўся на берагі Гарыні.
         Усё гэта паўплывала на характар маёй будучай навуковай дзейнасці. Пасля школы паступіў на філалагічны факультэт БДУ (1970-1975 год), дзе вучыўся ў А.Лойкі, Н.Гілевіча, І.Навуменкі, М.Ларчанкі, Р.Семашкевіча. Працаваў год дырэктарам Хатомельскай васьмігадовай школы, затым стала атабарыўся ў Гомелі, звязаўшы долю сваю з ГДУ імя Ф.Скарыны, дзе вучыўся ў аспірантуры ў арыгінальнага прафесара Міколы Грынчыка (светлая яму памяць), а затым замяніў таго пасля ад’езду ў Мінск на пасадзе загадчыка кафедры беларускай літаратуры, якой ужо кірую 25 гадоў, займаючыся праблемамі краязнаўства (выдаў кнігі “Крыніцы”, “Універсітэт літаратурны”, “Мазыр літаратурны”, “Речицкая лирическая”, “А прекрасней Речицы места не найти”, “Гомельщина олимпийская”), у суаўтарстве з членамі кафедры выдаў каля 10 зборнікаў рэгіянальнага фальклору. Аднак галоўны напрамак дзейнасці – даследаванне беларускай літаратуры ў славянскім і агульначалавечым кантэксце, класічная літаратура ў эпоху глабалізацыі і яе перспектывы ў гэтым зменлівым сусвеце. Гэтай праблеме прысвечаны дысертацыі. Кандыдацкая – “Беларусская балада: вытокі жанру і паэтычная структура” (1982), доктарская: “Беларуская балада ХХ стагоддзя ў святле славянскіх традыцый (1994), а таксама мае асноўныя манаграфіі, якіх налічваецца з дзесятак. У плане перспектыў – разгледзець беларускую паэзію і прозу на шырокім сусветным фоне і паказаць выключныя эстэтычныя вартасці нацыянальнай літаратуры.
        
         http://kamunikat.org/Ivan_Sztejnier.html
2009–2020. Беларусь, Менск.