РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Біяграфія
        Пятрусь Броўка нарадзіўся 12(25) чэрвеня 1905, вёска Пуцілкавічы Барысаўскага павету Менскай губэрні (цяпер Ушацкі раён Віцебскай вобласьці) у сялянскай сям’і (9 дзяцей і 2,5 дзесяціны зямлі). Бацька, Усьцін Броўка, рабіў куфры, шафы і толькі гэтым прырабляў на пражытак сям’і. Маці, Алена, была занята хатняй працай, клопатамі пра дзецей.
         Пятрусь пасьвіў гусей, потым авечак і пазней кароў, вадзіў коней на начлег. У 9-гадовым узросьце, літаральна па складах, па просьбе сялянак, пісаў пісьмы іхным мужам на франты Першай Сусьветнай Вайны.
         Вучыўся П. Броўка спачатку ў школе па хатах. У Лепелі скончыў царкоўна-прыходскую школу і вучыўся у Лепельскім вышэйшым пачатковым вучылішчы, але на поўнае навучаньне ў сям’і не хапіла сродкаў. Яшчэ ў дарэвалюцыйны час пазнаёміўся зь вершамі Я. Купалы, апавяданьнямі Я. Коласа, упадабаў паэзію М. Някрасава.
         З 1918 у 13-гадовым узросьце пачаў працаваў перапісчыкам у Вяліка-Долецкім валасным камісарыяце (савецкай грамадскай установе), потым справаводам валвыканкома, рахункаводам у саўгасе. Пачаў дасылаць допісы ў газэты. Пісаў у барысаўскую павятовую газэту «Бядняк», у газэты «Беларуская вёска», «Савецкая Беларусь», «Звязда». Ахвотна ўдзельнічаў у мастацкай самадзейнасьці вясковай моладзі, стаў селькорам.
         У 1919 перажыў польскую акупацыю.
         У 1923 быў выкліканы на 1-ы з’езд селькораў Беларусі, але не паехаў, бо не было сродкаў на дарогу.
         У 1923 быў выбраны сакратаром камсамольскай арганізацыі ў роднай вёсцы, у 1924 — старшынёй Маладолецкага сельсавета.
         У 1925 быў накіраваны на працу ў Полацкі акруговы камітэт ЛКСМБ.
         У 1927—1928 працаваў адказным сакратаром акруговай газэты «Чырвоная Полаччына» (Полацк), адначасова з 1927 кіраўнік мясцовага філіялу «Маладняка». У Полацку наведваў вячэрнюю школу для дарослых. У 1928 паступіў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ, якое скончыў у 1931. Член СП СССР (з 1934). Удзел у «Маладняку» шмат даў П. Броўку, ён захапляўся творамі А. Пушкіна, М. Някрасава, М. Лермантава, Т. Шаўчэнкі, сваёй надзённасцю прыцягвала яго паэзія Дз. Беднага. Папераменна захапляўся то С. Ясеніным, то У. Маякоўскім, пасля, нягледзячы на іх рознасць, палюбіў абодвух, знаходзіў у кожнага геніяльнае.
         У 1934 П. Броўка ажаніўся з Аленай Рыдзеўскай, у 1936 у іх нарадзіўся сын Юрка. У 1940 прызначаны галоўным рэдактарам часопіса «Полымя».
         На пачатку вайны добраахвотна пайшоў у Чырвоную Армію. У 1941—1942 быў інструктарам-літаратарам франтавой газеты «За Савецкую Беларусь» на Бранскім і Заходнім франтах, супрацоўнічаў з партызанскім друкам. З 1943 - адказны сакратар праўлення СП БССР, а з 1945 у другі раз прызначаны галоўны рэдактар часопіса «Полымя».
         У час нямецкай акупацыі маці П.Броўкі была вывезена ў Асьвенцым, дзе і загінула. Ёй прысьвечана паэма «Голас сэрца» (1960).
         Дэбютаваў вершамі ў 1926 у газэце «Чырвоная Полаччына» і ў альманаху «Наддзвіньне» ў 1926 («Ой, не шапчы мая бярозка!» і інш.)
         Паэтычны талент П. Броўкі дасягнуў вяршыні ў 1960-1970-я. Аўтар шматлікіх кніг паэзіі, аповесьцяў, нарысаў, апавяданьняў.
         У 1957 г. напісаў раман «Калі зьліваюцца рэкі».
         Выступаў і як перакладчык на беларускую мову твораў Т. Шаўчэнкі, У. Маякоўскага, П. Тычыны, М. Бажана, А. Твардоўскага, М. Ісакоўскага, А. Пракоф’ева, У. Бранеўскага, Дж. Байрана і інш.
         Напісаў лібрэта опер «Міхась Падгорны» (1940, пастаўлена ў 1939), «Алеся» («Дзяўчына з Палесься», з Я. Рамановічам, пастаўлена ў 1944, урыўкі апублікаваны ў 1947).
         У Менску (вул. К. Маркса, 30) створаны літаратурны музей Петруся Броўкі. На доме, дзе ён апошні час жыў, і ў вёсцы Пуцілкавічы ўстаноўлены мэмарыяльныя дошкі, у БелЭн і Вялікадолецкай сярэдняй школе Ушацкага раёна адкрыты мэмарыяльныя пакоі, у Пуцілкавічах — хата-музей, каля якой устаноўлена стэла памяці маці паэта. Імя П. Броўкі прысвоена вуліцам ў Менску, Віцебску, Полацку, Гомелі, Бешанковічах, Ушачах. Для студэнтаў філалагічнага факультэта БДУ устаноўлена стыпендыя імя Петруся Броўкі.
         Памёр 24 сакавіка 1980 г.
2009–2022. Беларусь, Менск.