РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Біяграфія
        Максім Гарэцкі нарадзіўся 18 лютага 1893 г. у вёсцы Малая Багацькаўка на Магілёўшчыне ў сялянскай сям’і. Шмат якія факты зь біяграфіі М. Гарэцкага вядомыя цяпер дзякуючы аўтабіяграфічным творам пісьменьніка, а таксама ўспамінам яго блізкіх родзічаў. У прыватнасьці, брат пісьменьніка, Гаўрыла, вядомы беларускі вучоны-геолаг, прыгадвае дзіцячыя гады ў сям’і Гарэцкіх: «Жылі мы бедна, кожная луста хлеба, кожная лыжка былі наўліку. Працавалі многа і цяжка. Часта хварэлі». Нягледзячы на матэрыяльную нястачу Максім выяўляў незвычайную цікавасьць да навукі, мастацкіх твораў, народных беларускіх казак і песень, якім вучылі хлопчыка маці Афрасіньня і цётка Хрысьцёна.
         Максім закончыў пачатковую школу граматы ў вёсцы Вялікая Багацькаўка, а потым – царкоўна-прыходскую ў Вольшы. Атрымаўшы ў 1908 г. магчымасьць вучыць грамаце сялянскіх дзяцей, Максім не сьпяшаўся ісьці «на свой хлеб», даведаўшыся, што недалёка, у Горках, адкрываецца каморніцка-агранамічнае вучылішча. Вясковага юнака вабіла не столкі будучая прафэсія, колькі магчымасьць без асаблівых грашовых затрат (будучых спэцыялістаў сельскай гаспадаркі вучылі на дзяржаўныя сродкі) працягваць адукацыю. У гэтай навучальнай установе юнак займаўся чатыры гады, якія сталі асаблівымі ў пляне фармаваньня сьветапоглядных прынцыпаў пісьменьніка, вызначэньня ягоных літаратурна-эстэтычных прыхільнасьцей. Менавіта ў вучылішчы Максім пазнаёміўся з дэмакратычнымі публікацыямі нашаніўскіх аўтараў, усур’ёз захапіўся вывучэньнем фальклору, творчасьцю беларускіх пісьменьнікаў. Зразумела, што юнак дзякуючы абуджанаму ў ім пачуцьцю нацыянальнай сьвядомасьці, падмацаваным не горшай на той час адукацыяй і дапытлівым розумам, таксама імкнуўся да выяўленьня сваіх думак і разваг на старонках тагачаснага беларускага друку. У выніку ў часопісе «Наша ніва» ў 1912–1913 гг. з’явіліся спачатку карэспандэнцыі, а потым фельетоны і першыя апавяданьні за подпісам "Максім Беларус". Большасьць апавяданьняў, апублікаваных у часопісе, неўзабавае і склала зьмест першай кнігі М. Гарэцкага – зборніка «Рунь» (1914). Яго творы былі заўважаны крытыкай. М. Багдановіч адзначыў М. Гарэцкага як таленавітага мастака слова.
         Пасьля заканчэньня вучылішча малады пісьменьнік едзе па разьмеркаваньні на Віленшчыну, дзе працуе каморнікам. Там завязалася сяброўства з Я. Купалам і З. Бядулем. У віленскі пэрыяд М. Гарэцкім былі напісаны драматычная аповесьць «Антон», а таксама артыкулы «Наш тэатр» і «Развагі і думкі», у якіх аўтар выявіў сябе як тэарэтык, публіцыст, зацікаўлены праблемамі разьвіцьця нацыянальнай культуры, мовы, тэатра.
         Адбываньне вайсковай павіннасьці ў якасьці «вальнапісанага» царскай арміі супала з пачаткам Першай Сусьветнай Вайны. М. Гарэцкі ўдзельнічаў у кравапралітных баёх ва Усходняй Прусіі, дзе быў цяжка паранены. Падлячыўшыся ў Вільні, вучыўся ў Паўлаўскім ваенным вучылішчы. Атрымаўшы чын прапаршчыка, праходзіў службу спачатку ў Іркуцку, а потым у Гжацку. Маючы вольны час, пісьменьнік стварыў там шэраг апавяданьняў пераважна ваеннай тэматыкі – «На этапе», «Генэрал», «Прысяга»і інш.
         У 1916-1917 гг. М. Гарэцкі зноў апынуўся на фронце, на гэты раз на станцыі Парахонск у раёне пінскіх балот. Франтавыя ўражаньні і назіраньні пісьменьнік акуратна заносіў у дзёньнік, матэрыялы якога ён пазьней выкарыстаў для напісаньня дакумэнтальна-мастацкай аповесьці «На імпэрыялістычнай вайне».
        
         У 1917 г. пісьменьнік цяжка захварэў і быў эвакуіраваны ў Арол. Лячыўся спачатку ў Маскве, потым у Жалезнаводску. Рэвалюцыю пісьменьнік сустрэў у Смаленску, там жа ў гэты час знаходзіўся і Я. Купала. М. Гарэцкі захапіўся журналістыкай: спачатку працаваў у газэце «Известия Смоленского Совета рабочих, солдатских и крестьянских депутатов», а потым – у «Звезде», рэдакцыя якой пасьля абвяшчэньня Беларускай рэспублікі пераехала зь Менска ў Вільню. У час польскай акупацыі пісьменьнік шмат працуе, займаецца грамадскай дзейнасьцю і плённа піша. М. Гарэцкі быў выкладчыкам Віленскай беларускай гімназіі, чытаў лекцыі на беларускіх настаўніцкіх курсах, рэдагаваў газэты «Наша думка» і «Беларускія ведамасьці». На працягу 1919–1923 гг. ён напісаў больш за 20 твораў: апавяданьні, аповесьць «Дзьве душы», крытычныя артыкулы, першы падручнік «Гісторыя беларускае літаратуры» і «Хрэстаматыю беларускае літаратуры: XI ст. – 1905 г.».
         У 1922 г. за антыўрадавую дзейнасьць М. Гарэцкі быў арыштаваны польскімі ўладамі. Адбываў пакараньне ў адзіночнай камеры Лукішскай турмы, затым быў высланы ў Коўна.
         У 1923 г. пісьменьнік пераязджае ў Менск. Займаўся пераважпа выкладчыцкай і навуковай дзейнасьцю: чытаў лекцыі на рабфаку БДУ, у Горацкай Сельскагаспадарчай Акадэміі, дасьледаваў літаратуру ў Інбелкульце і ў Акадэміі Навук БССР. Выязджаў у Сібір і на Далёкі Усход вывучаць жыцьцё беларусаў-перасяленцаў. Гэта стала асновай для напісаньня цыкла «Сібірскія абразкі».
         У 1930 г. пісьменьнік быў рэпрэсіраваны на падставе несправядлівага абвінавачаньня ў «контррэвалюцыйнай» дзейнасьці і высланы ў Вятку. У ссылцы М. Гарэцкаму давялося папрацаваць чарцёжнікам, далакопам і тэхнікам-калькулятарам. Нават у такіх невыносных умовах пісьменьнік не страчваў аптымізму, працягваў займацца сваёй любімай справай. У гэты час ён апрацоўваў матэрыялы да дакумэнтальна-мастацкага твора «Камароўская хроніка», працаваў над раманам «Віленскія камунары», які завяршыў у пасёлку Пясочня (цяпер знаходзіцца ў Калужскай вобласьці, Расея) дзе яму пашчасьціла ўладкавацца на працу настаўнікам.
         Максіму Гарэцкаму належыць асаблівая роля ў разьвіцьці беларускай літаратуры, у першую чаргу, у станаўленьні нацыянальнай прозы. Нягледзячы на маладосьць (першае апавяданьне «У лазьні» было напісана ў дзевятнаццацігадовым узросьце) М. Гарэцкі адразу заявіў пра сябе як сталы майстар. Ён з самага пачатку свайго творчага шляху выявіў клопат пра развіцьцё берускай літаратуры, пашырэньне яе жанравых і тэматычных абсягаў. У артыкуле «Развагі і думкі» пісьменьнік выразна акрэсьліў сваю пазыцыю ў дачыненьні да стварэньня паўнавартаснай высока-мастацкай прозы: «Прозы, прозы, добрай мастацкай прозы беларускай дайце нам!» М. Гарэцкі плёнам сваёй творчай працы адгукнуўся на ўласны заклік.
         Бясспрэчна, у сваіх першых пробах пяра пісьменьнік абапіраўся на творчы вопыт Я. Коласа і іншых сучасных яму аўтараў, але кожнае яго апавяданьне, аповесьць ці раман былі з’явай у беларускай прозе пачатку XX ст., наватарскімі па зьмесьце і форме. У шэраг апавяданьняў першага зборніка «Рунь» М. Гарэцкі ўвёў вобраз вясковага інтэлігента («У лазьні», «Роднае карэньне», «У чым яго крыўда?»). Праблема ўзаемаадносін інтэлігенцыі і народа стала вызначальнай у творчасьці пісьменьніка. М. Гарэцкага хвалявалі і непакоілі небясьпека адрыву інтэлігентаў ад «родных каранёў», імкненьне некаторых псэўдаінтэлігентаў уладкаваць асабістае жыцьцё, адгарадзіўшыся ад надзённых праблем сялянства. Аўтарскім ідэалам з’яўляецца той інтэлігент, які не парывае духоўнай сувязі з Бацькаўшчынай: «Не адракацца, не быць здраднікам, а любіць, шанаваць родную Бацькаўшчыну павінен».
         У раньніх навэлах М. Гарэцкага можна вылучыць лірычны, інтэлектуальны і філязофскі пачаткі. Пісьменьніка, як і многіх яго герояў, цікавіць «патаёмнае», тое, чаго не можа спасьцігнуць чалавечы розум. Пошукі ісьціны, развагі над вечнымі філязофскімі праблемамі займаюць важную ролю ў сьвядомасьці многіх герояў яго твораў («Патаёмнае», «Страхацьцё» і інш.)
         Таксама пісьменьніка прываблівала гістарычная тэма. На жаль, многія яго апавяданьні мастацкага асваеньня даўніны не вядомыя шырокаму колу чытачоў: толькі навэла «Лірныя сьпевы», літартурна апрацаваная легенда пра князёўну, якая здрадзіла радзіме, уключана ў зборнік «Рунь».
         Гарэцкі сьмела ўводзіў ва ўжытак нацыянальнай прозы новыя мастацкія формы. Эпісталярны жанр, пачынаючы з карэспандэнцый студэнта Горацкага вучылішча ў «Нашу ніву», адваёўвае пачэснае мейсца ў творчых пошуках пісьменьніка. Пасьля апавяданьня «У чым яго крыўда?», напісанага ў форме ліставаньня студэнта Кастуся Зарэмбы з аднавяскоўцамі, з’явілася эпісталярная аповесьць «Меланхолія».
         Прыхільнасьць да запісаў, дзёньнікавых назіраньняў асабліва выявілася ў дакумэнтальна-мастацкай прозе М. Гарэцкага. Многія матэрыялы пісьменьніка, на жаль, так і засталіся неапрацаванымі, не вырасьлі ў паўнавартасную аповесьць ці раман, як, напрыклад, незавершаная «Камароўская хроніка», дакумэнтальна-мастацкі твор пра сацыяльна-палітычныя супярэчнасьці эпохі. Тым не менш гэта значны набытак беларускай прозы, удалая спроба панарамнага асьвятленьня падзей, адлюстраваньня мастацкай гісторыі лёсу беларусаў ад часоў прыгону да савецкай рэчаіснасьці.
         Ён адзін з пачынальнікаў ваеннай дакумэнталістыкі ў беларускай літаратуры. Апавяданьні «Рускі», «Літоўскі хутарок», «Генэрал», дакумэнтальна-мастацкая кніга «На імпэрыялістычнай вайне» выяўляюць антымілітарысцкую пазыцыю аўтара, паказваюць бессэнсоўнасьць і бесчалавечнасьць вайны. Гэтыя творы стаяць побач зь лепшымі літаратурнымі ўзорамі эўрапэйскіх гуманістаў, мастакоў слова Барбюса, Рэмарка, Франка пра Першую Сусьветную Вайну.
         Сапраўднай вяршыняй высокамастацкай аповесьці беларускай прозы пачатку XX ст. з’явілася «Ціхая плынь» Максіма Гарэцкага, твор пра тагачаснае жыцьцё беларускай вёскі, твор, у якім у поўнай ступені выявіліся назіральнасьць, тонкі псіхалягізм, а ў форме «сьмех праз сьлёзы» як спосаб мастацкага асэнсаваньня рэчаіснасьці.
         У 1936 г. М. Гарэцкі наведаў родныя мясьціны, марыў здаць экзамэны за поўны курс педінстытута. Але надзеям пісьменьніка не суджана было збыцца: праз год ён зноў трапіў пад новую хвалі арыштаў. У 1938 г. М. Гарэцкі быў расстраляны ў Вязьме. Яго апошнім творам сталі незавершаныя «Скарбы жыцьця», дзе пісьменьнік паказаў трагізм становішча мастака ў таталітарнай дзяржаве.
         Нягледзячы на кароткі жыцьцёвы шлях, ён спаўна выявіў свой талент і ў іншых галінах творчай, інтэлектуальнай дзейнасьці: у літаратура- і мовазнаўстве, публіцыстыцы, фалькларыстыцы, пэдагогіцы і грамадскай дзейнасьці. Невыпадкова ў 1993 г. па рашэньні сусьветна вядомай арганізацыі ЮНЭСКА сьвяткавалася стагоддзе з дня нараджэньня нашага славутага земляка.
2009–2017. Беларусь, Менск.