РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Біяграфія
        Яўгенія Янішчыц нарадзілася 20 лістапада 1948 года ў вёсцы Рудка Пінскага раёна Берасьцейскае вобласьці ў сялянскай сям’i. Маці – Марыя Андрэеўна, бацька – Іосіф Сьцяпанавіч працавалі ў калгасе.
         У 1955 годзе Жэня пайшла ў першую клясу Рудкаўскай пачатковай школы. У 4 клясе Жэня напісала свой першы верш і прысьвяціла яго маці. Пасьля заканчэньня Рудкаўскай пачатковай школы Жэня вучыцца ў Мерчыцкай васьмігодцы. У сьнежні 1962 года ў раённай газэце «Палеская праўда» зьявіліся першыя друкаваныя творы Жэні.
         1 верасьня 1963 Жэня прыйшла ў 9 клясу Парэцкай сярэдняй школы. У гэтым жа годзе яна напісала свой першы рукапісны зборнік вершаў «Першыя россыпы». Яе вершы друкуюцца ў раённай газэце і рэспубліканскіх выданьнях. Жэня становіцца гонарам школы і сваёй “малой радзімы”.
         У 1966 Жэня закончыла 11 клясаў Парэцкай сярэдняй школы і ў жніўні паступіла на адзьдзяленьне беларускай мовы і літаратуры БДУ. З 21 кастрычніка 1969 Жэня пачала друкаваць свае вершы амаль што ў кожнай газэце «Беларускі універсітэт».
         У 1969 годзе Жэня прымала ўдзел ва Ўсесаюзнай нарадзе маладых паэтаў і пісьменьнікаў у Маскве.
         У 1970 годзе выйшаў першы зборнік «Сьнежныя грамніцы». У гэтым жа годзе стала дыплямантам беларускага фэстывалю творчасьці маладых.
         У 1971 годзе Жэню прынялі ў Саюз пісьменьнікаў Беларусі. У гэтым годзе Я. Янішчыц закончыла унівэрсытэт і працуе загадчыцай бібліятэкі ЦКЛКСМБ. Выходзіць замуж за беларускага паэта Сяргея Панізьніка, тады вайскоўца, і маладыя едуць у Чэхаславаччыну. Сяргей працуе ваенным карэспандэнтам, а Жэня ўладкоўваецца на працу ў бібліятэку адной з воінскіх часьцей. Праз год Жэня вяртаецца на радзіму. 14 лістапада 1972 года яна стала маці – нарадзіла сына Андрэя. З 1974–1976 на творчай працы.
         У 1974 годзе выходзіць кніга «Дзень вечаровы», за якую атрымала прэмію Ленінскага камсамола Беларусі ў 1978 годзе.
         З 1976 літкансультант у рэдакцыі «Сельской газеты». З 1983 года – загадчык адзьдзела паэзіі часопіса «Маладосць».
         Асабістае жыцьцё складвалася няўдала. Пасьля разводу жыла адна, выхоўвала сына, сумленна несла грамадскія нагрузкі. Творчая кар’ера, ня ў прыклад асабістага жыцьця, складвалася пасьпяхова. Я. Янішчыц – дэпутат райсавета Савецкага раёна Менска, член праўленьня і прэзідыюма Саюза Пісьменьнікаў Беларусі.
         У 1981 прымала ўдзел у рабоце Генэральнай Асамблеі ААН.
         У 1978 годзе выходзіць кніга «Ясельда».
         У 1980 годзе выходзіць кніга «На беразе пляча».
         У 1983 годзе выходзіць кніга «Пара любові і жалю», за якую атрымала дзяржаўную прэмію ў 1986.
         У 1987 годзе выйшаў зборнік паэзіі «Каліна зімы».
         Таксама выдала кнігу выбранай лірыкі «У шуме жытняга сьвятла».
         Свае карэспандэнцыі падпісвала псэўданімамі Ж. Заметкіна, Е. Іосіфава, Ясяльдзянка. Вершы яе зьмяшчаліся ў часопісах «Маладосць», «Беларусь», «Неман», «Молодая гвардия», «Дружба народов», «Огонёк», газэтах «Литературная Россия», «Литературная газета», альманаху «Поэзия», штогодніку «Дзень паэзіі», калектыўных зборніках БДУ і Гамбургскага Пэдагагічнага Інстытута, у анталёгіі маладой беларускай паэзіі на Украіне.
         Радзіма, Беларусь, дзяцінства – вось тыя крыніцы, якія поўнілі лірыку Я. Янішчыц духоўнай энэргіяй. Яе вершы, прысьвечаныя маці, бацьку, сыну, – гэта старонка ня толькі асабістай біяграфіі, але і лірычнай хронікі, гісторыі беларускага народа.
         Мысьленьне, асабліва ў сталай лірыцы паэткі, вызначаецца філязофскім роздумам над часам і прасторай, імгненьнем і вечнасьцю, жыцьцём і сьмерцю. Стан душы лірычнай гераіні выяўляецца праз дыялектычную ўзаемазалежнасьць такіх эмацыянальных катэгорый, як любоў і боль, шчасьце і адчай, радасьць і журба, сьвятло і цемра.
         У роздумах пра бацькоўскі край, лёс землякоў і аднавяскоўцаў, пра гераічнае мінулае і сучаснасьць адчуваецца высокая чалавечая годнасьць, павага да людзей. Адной зь лепшых старонак беларускай паэзіі стала інтымная лірыка Я. Янішчыц. У ёй найбольш выразна раскрылася незвычайнае духоўнае сьвятло чалавечай і творчай асобы. Выяўленьне душэўнага стану гераіні, яе сямейнай неўладкаванасьці адбіліся ў паэме «Акно ў дождж».
         Справы вясковых працаўнікоў шырока паказаны ў паэме «Ягадны хутар», якая вызначаецца спалучэньнем верша і вершаванай прозы ў выглядзе лістоў да маці, дзядзькі Арцёма, стрыечнага брата. Сучаснай вёсцы прысьвечана і «Зорная паэма». Паэтыка Я. Янішчыц шчодра ўвабрала ў сябе разнастайныя мастацкія прыёмы і сродкі народнай вуснапаэтычнай творчасьці. Тропы вывераны жыцьцёвай лёгікай і нясуць на сабе адбітак неардынарнасьці паэтычнага мышленьня.
         Вобразы каліны, шыпшыны і іншых пераўтвараюцца, у розных варыяцыях выяўляючы тонкія адценьні душэўнага стану гераіні. Пісала апавяданьні, выступала ў друку з артыкуламі, рэцэнзіямі. Некаторыя творы паэткі (у тым ліку незакончаная паэма «Галалёд») былі надрукаваны пасьмяротна ("Полымя". 1993. № 5).
         Вершы Я. Янішчыц перакладзены на ангельскую, балгарскую, гішпанскую, нямецкую, польскую, рускую, украінскую мовы. На словы паэткі кампазытары Р. Давыдаў, Ю. Семяняка, М. Юрко і інш. напісалі песьні.
         У апошнія гады жыла адна, выхоўвала сына. Друкавалася ў вядучых літаратурных выданьнях ня толькі сваёй краіны, але і за яе межамі.
         25 лістапада 1988 года трагічна загінула. Пахавана на Ўсходніх могілках у Менску.
Крыніца: Сайт «http://museum.pinsk-roo.by»
2009–2018. Беларусь, Менск.