РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Біяграфія
        Сапраўднае імя Рыгор Крушыны – Рыгор Казак. Як празаік выступаў таксама пад псэўданімам Кастусь Рамановіч. Ён нарадзіўся ў 1907 г. у Вільні. Паходзіць з сям’і паштовага служачага, дзяцінства праходзіла ў Вільні і на Случчыне (вёска Еўлічы). Скончыў Менскі Белпедтэхнікум, дзе пачаў пісаць і друкаваць вершы, стаў членам «Маладняка», скончыў Маскоўскі Інстытут Кінематаграфіі. Да вайны выдаў зборнікі вершаў: «Разгон» (у сааўтарстве), «Паэзія чырвонаармейца», падрыхтаваў трэці – «Шкумат пачуцьця». Для раньняга пэрыяду творчасьці Р.Крушыны характэрна, што ён пісаў вершы на дазволеныя ідэалягічнай цэнзурай тэмы, з адпаведным пафасам.
         У гады вайны жыў у Менску, друкаваўся ў «Беларускай газэце», «Беларускім работніку», «Раніцы».
         З 1944 г. – на выгнаньні, жыў у Нямеччыне, а потым у ЗША. Апынуўшыся ў вольным сьвеце, Р.Крушына вырываецца праз догмы савецкай літаратуры 30-40-х гг. на шырокі прастор свабоднага мастацтва, дзе нязмушана гучалі самыя разнастайныя матывы. За 30 гадоў актыўнай творчай працы на эміграцыі Р.Крушына выдаў сем паэтычных зборнікаў («Лебедзь чорная», «Выбраныя творы», «Вячорная лірыка», «Хвіліна роздуму», «Вясна ўвосень», «Дарогі», «Сны і мары»), напісаў шэсьць цікавых, высокамастацкіх і зьмястоўных паэм («Пэрсыдская легенда», «Песьня песьняў Саламона», «Эротава іскрынка», «Кантата самотных», «Паэма пра вусны», «На руінах пачуцьцяў»), займаўся форматворчасьцю, упершыню ўвёў у беларускую літаратуру такія віды верша як паліндром, туюг, газэлі, канцона, японскія танкі, пісаў санэты, трыялеты, рандо, актавы, тэрцыны, працягваючы пачатае М.Багдановічам, У.Дубоўкам, Я.Пушчам. Друкаваўся ў многіх эмігранцкіх выданьнях.
         Як празаік Р.Крушына напісаў апавяданьне «Чорныя Дразды», успаміны «Вогнішча», «Пагібель праз жарты», нарысы «Шумавіньне», «Паэзія геолагаў» (пра лёсы рэпрасаваных беларускіх аўтараў), крытычныя артыкулы «Барыс Мікуліч», «Сымон Будны», «Паўлюк Шукайла».
         У 50-60-я гг. працаваў на радыёстанцыі «Свабода» ў Мюнхене, займаўся грамадскай і рэдактарскай дзейнасьцю, быў адным з заснавальнікаў Беларускага Інстытуту Навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку (1951), з’яўляўся адзіным прадстаўніком ад беларускай пісьменьніцкай эміграцыі ў Міжнародным Пэн-клубе.
         Індывідуальна-творчае разьвіцьцё Р.Крушыны як паэта, зьмест і эстэтычны лад яго вершаў зьмяняліся па меры асэнсаваньня аўтарам жыцьця ў вольным сьвеце, набыцьця сапраўднай свабоды слова. У многіх паэтычных зборніках Р.Крушыны паўстае вобраз выгнанца – ужо вольнага паэта, але з параненым сэрцам. I ўсюды, дзе б ён ні быў, у якія б краіны ні прыводзіў яго вандроўніцкі лёс, у душы паэта дамінавала балючае. Эміграцыя, з аднаго боку, зьняла покрыў забароненасьці на слова, з другога – напоўніла сэрца такім смуткам і тугою па родных, пакінутых, што нельга было не выказаць гэта ў шматлікіх вершах, якія выліваліся з душы вольна і нязмушана. Адкрыліся новыя тэматычныя гарызонты. Выказаў тугу па назаўсёды пакінутай Радзіме, па тым, што тысячы беларусаў, параскіданыя па ўсім сьвеце, не маюць змогі падняцца і паляцець у родны край.
         Р.Крушына абвясьціў прынцып вольнага ад палітыкі і ўладаў мастацтва. Вызначаючы сваё паэтычнае «я», ён разумеў мастацтва слова як споведзь, у якой раскрываецца душа мастака, са шчырай любоўю пісаў пра Бацькаўшчыну, якая здалёк паўставала ў арэоле сьвятасьці і пакутніцтва, узьнёслым паэтычным словам уславіў жаночую прыгажосьць і каханьне, хараство многіх краін сьвету, у якіх пабываў, і ўсё гэта красавала, славілася выдатнай, мілагучнай беларускай мовай. Скразны матыў Бацькаўшчыны прасочваецца ва ўсіх яго паэтычных цыклах. Ён спадзяваўся, што яго ўспомняць на далёкай Радзіме.
         Рыгор Крушына памёр у 1979 г. у Саўт-Рыверы (штат Нью-Джэрсі, ЗША).
Крыніца: Сайт «Згуртаваньне беларусаў сьвету "Бацькаўшчына"»
2009–2020. Беларусь, Менск.