РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Біяграфія
        Ян Баршчэўскі нарадзіўся ў 1794 (або 1790 ці 1796) годзе ў вёсцы Мурагі Полацкага павету Віцебскай губэрні ў сям’і грэка-каталіцкага сьвятара (род быў шляхецкага паходжаньня).
         Вучыўся ў Полацкай езуіцкай калегіі, дзе набыў вядомасьць чытальніка і вершапісца. Выступаў з уласнымі арацыямі і вершамі, напісаў у клясычным стылі паэму «Пояс Вэнэры» (на польскай мове, не захавалася). Студэнцкія канікулы найчасьцей праводзіў у вандроўках па навакольлі возера Нешчарда.
         Дзякуючы сваёй схільнасьці да паэтычных экспромтаў быў жаданым госьцем на сямейных урачыстасьцях вясковай шляхты. Першыя вядомыя вершы, напісаныя па-беларуску — «Дзеванька» (прысьвечаны каханай дзяўчыне Максімавічанцы) і «Бунт хлопаў» («Рабункі мужыкоў», «Размова хлопаў»).
         Займаўся таксама жывапісам (маляваў пэйзажы і карыкатуры, яго мастацкія творы карысталіся папулярнасьцю сярод мясцовых жыхароў.
         Пэрыяд пасьля заканчэньня Полацкай калегіі (1820-1830-я гады) ахутаны рамантычна-легендарнай заслонай. Вядома, што Баршчэўскі доўгі час працаваў хатнім настаўнікам і гувэрнэрам у розных месцах.
         Потым трапіў у Санкт-Пэтэрбурґ, дзе выкладаў грэцкую і лацінскую мовы ў некалькіх дзяржаўных установах і сам вывучаў старажытныя літаратуры. Выконваючы даручэньні марскога ведамства, пабываў у Францыі, Вялікай Брытаніі і Фінляндыі, падарожнічаў па Полаччыне і Мсьціслаўшчыне. У Пэтэрбурґу ён пазнаёміўся з Адамам Міцкевічам і Тарасам Шаўчэнкам, якія, мяркуючы па ўскосных зьвестках, высока ацанілі паэтычныя спробы маладога пісьменьніка, падштурхнулі яго на шлях прафэсійнай творчасьці. Ю.Барташэвіч сцьвярджаў нават, што Міцкевіч уласнай рукой правіў асобныя яго вершы.
         У 1840—1844 Ян Баршчэўскі выдаваў у Пэтэрбургу штогадовы альманах «Niezabudka» («Незабудка») з дапамогай літаратурнага гуртка выхадцаў пераважна зь Беларусі. Падтрымліваў творчыя сувязі з членамі гуртка і яго карэспандэнтамі — журналістам і крытыкам Р.Падбярэскім, літаратуразнаўцам і гісторыкам Ю.Барташэвічам, мастакамі К. і Р.Жукоўскімі, фальклярыстам І. Храпавіцкім, пісьменьнікамі Л.Штырмерам, В.Рэутам, Т.Лада-Заблоцкім, А.Грозам, В.Давідам, С.Ляховічам, Л.Гротам-Спасоўскім. Сярод самых блізкіх сяброў Баршчэўскага пэтэрбурскага пэрыяду сучасьнікі называлі Г.Шапялевіча, знаёмага з паэтам яшчэ з часоў вучобы ў Полацкай калегіі. Рэдкалегія часопіса мела кантакты з «Дэмакратычным таварыствам» (1836—1838), прапагандавала (праз Ф.Лаўцэвіча) забароненыя патрыятычныя вершы.
         На старонках «Незабудкі» Ян Баршчэўскі друкаваў пераважна вершаваныя апавяданьні. Ад клясыцызму паступова перайшоў да рамантызму. У 1843 у часопісе «Rocznik literacki» («Літаратурны штогоднік») упершыню надрукаваны яго беларускія вершы — «Дзеванька», «Гарэліца», апрацаваная народная песня «Зязюля».
         У 1844—1846 выдаў свой галоўны твор — празаічны зборнік «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданьнях» (т. 1-4, на польскай мове, гравуры Р.Жукоўскага), асобныя часткі якога раней друкаваліся ў часопісе «Rubon» («Рубон»). Матэрыяльную дапамогу ў выданьні кніг Яна Баршчэўскага аказаў віленскі пісьменьнік А.Здановіч. Па невядомых прычынах не выйшлі падрыхтаваныя аўтарам 5-ы і 6-ы тамы. Творы, сабраныя ў зборніку «Шляхцiц Завальня...», напісаны пад відавочным уплывам беларускага фальклёру. Ян Баршчэўскі выкарыстаў сюжэты казак i легенд «дзiкага паўночнага боку Беларусi», апаэтызаваў родныя мясьцiны, ў тым лiку «велiзарнае возера Нешчарда, накшалт затокi», каля якога знахадзiлася вёска Мурагi, дзе прайшло яго дзяцінства.
         У сярэдзіне 1840-х гадоў (1847?) па запрашэньні польскага пісьменьніка Г.Жавускага і крытыка М.Грабоўскага Баршчэўскі пераехаў у г. Чуднаў на Валынь. Пасяліўся ў доме графіні Ю.Жавускай, дзе жыў і вядомы мастак-графік Напалеон Орда.
         Ян Баршчэўскі Падтрымліваў блізкія адносіны з польскім паэтам і перакладчыкам К.Пятроўскім і доктарам Г.Кёлерам, зьбіраў матэрыялы пра археалягічныя аб’екты, падарожнічаў. У 1849 выдаў у Кіеве 1-ю частку зборніка «Проза і вершы» (на польскай мове), куды ўвайшлі баляды, паэма «Жыцьцё сіраты», аповесьць «Душа не ў сваім целе». У канцы 1840-х гадоў захварэў на сухоты і пасьля працяглай хваробы памёр 12 сакавіка 1851 г. Пахаваны ў г. Чуднаве.
         Ян Баршчэўскі займае надзвычай важнае мейсца ў гісторыі мастацкай культуры беларусаў. На працягу ўсёй творчасьці кіраваўся рамантычна-ўзьнёслым пачуцьцём любові да роднага краю. Як рамантык аддаваў перавагу выключным, сьвяточным і трагічным аспэктам вясковага жыцьця, чым тлумачацца асобныя праявы страрашляхецкага кансэрватызму, ідэалізацыі мінулай вольнасьці і дабрачыннасьці. Яго беларускія творы напісаны ў фальклёрным стылі, маюць павучальны ці бурлескна-рэалістычны характар. Творы Баршчэўскага распаўсюджваліся ў рукапісах або вусным шляхам як народныя. Верш «Бунт хлопаў» трапіў у фальклёрныя запісы А.Семянтоўскага і П.Шэйна, зробленыя ў канцы 19 ст. У чытаньні і перапісваньні гэтага твора абвінавачваўся Паўлюк Багрым.
2009–2020. Беларусь, Менск.