РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Біяграфія
        Пімен Панчанка нарадзіўся 23 жніўня 1917 года ў сялянскай сям'і ў Таліне, цяперашняй сталіцы Эстоніі, якая на той час уваходзіла ў склад Расейскай імпэрыі, як і Беларусь. Бацькі ў пошуках заробку выехалі ў Прыбалтыку. Ваенныя цяжкасьці, адсутнасьць у хаце гаспадара, які быў у войску, ускладнілі і без таго нялёгкае жыцьцё маці Дар’і Панчанка. З двума дзецьмі на руках ёй было цяжка ў чужым горадзе, і жанчына ў 1920 г. падалася да сваёй маці на Ашмяншчыну. Тут, у Бягомлі, прайшлі дзіцячыя і раньнія юнацкія гады паэта.
         У 1933 г. сям’я Панчанкаў пераехала ў Бабруйск, і Пімен пачаў працаваць на мясцовым дрэваапрацоўчым камбінаце рабочым, а затым паступіў на настаўніцкія курсы. Пасьля іх заканчэньня працаваў у пачатковай, сямігадовай, сярэдняй школах у Бабруйскім і Кіраўскім раёнах (1934-1939). Адначасова вучыўся завочна на філалагічным факультэце Менскага Настаўніцкага Інстытута, які скончыў у 1939 годзе.
         Пісаць Пімен Панчанка пачаў яшчэ ў юнацтве. Упершыню апублікаваў свае вершы (“Ураджайнае” і “Моладзі”) у 1934 г. у альманаху “Ударнікі”. Як паэт ён пачаўся зь лірыкі, аб чым сьведчаць яго першыя зборнікі “Упэўненасьць” (1938) і “Верасьнёвыя сьцягі” (1940). У іх знайшоў адлюстраваньне рамантычна-ўзьнёслы настрой мастака. Паэт услаўляе хараство і багацьце роднай зямлі. Паэтычную сталасьць П. Панчанку прынесьлі вершы, напісаныя ім у час вайны.
         Зь верасня 1939 г. да студзеня 1946 г. у бальшавіскай арміі – спэцыяльны карэспандэнт, пісьменьнік у армейскіх і франтавых газэтах. На франтавых дарогах ён бачыў кроў, сьмерць, балюча перажываў трагедыю беларускага народа. Яго ваенныя радкі прасякнуты верай у перамогу над ворагам, суперажываньнем, спагадай да чужога гора.
         Прымаў удзел у паходзе бальшавіскай арміі ў Заходнюю Беларусь. Пазьней быў Бранскі, а затым – Калінінскі франты, дзе Пімену Панчанка даручылі працу на франтавой газэце “За свабодную Беларусь” і ў сатырычным часопісе “Партызанская дубінка”. Адсюль паэт быў пераведзены на Паўночна-Заходні фронт пад Старую Русу і працаваў там у газэце “Героический штурм”.
         У 1944 г. штаб, дзе служыў Пімен Панчанка, перакінулі ў Іран. Яшчэ два доўгія гады паэт быў адарваны ад Бацькаўшчыны. Думкамі, пачуцьцямі, клопатамі, аднак, знаходзіўся ў Беларусі. У Іране быў створаны Піменам Панчанкам вядомы цыкл вершаў “Іранскі дзёньнік”. Адным зь лепшых твораў таго часу ў беларускай паэзіі стаў верш П. Панчанкі “Сінія касачы”. Ваенныя ўражанні паэта склалі зборнікі “Дарога вайны” (1943), “Далёкія станцыі” (1945), “Гарачыя вятры” (1947). Ваенная тэма не пакідала паэта на працягу ўсяго яго творчага лёсу. У розныя гады ён напісаў шмат моцных па сіле эмацыянальнага ўзьдзеяньня вершаў на гэту тэму (“Апельсіны”, “Кавуны”, “Камсамолец з Расоншчыны”, “Іх вечныя агні”, “Горкая гордасьць”).
         У 1946 г. паэт дэмабілізаваўся. Закончыўся адзін з вызначальных этапаў у жыцьці і творчай біяграфіі паэта. Ён вяртаецца ў Менск і пачынае працаваць у часопісе “Вожык”, пазьней перайшоў у газэту “Літаратура і мастацтва”. Пяць гадоў (1953 – 1958) рэдагаваў альманах “Советская отчизна” (цяпер “Нёман”).
         У пасьляваеннай паэзіі П. Панчанкі часьцей гучаць грамадзянскія матывы: барацьба за мір, палёты ў космас, сувязі паміж народамі. Адзін за другім выходзяць зборнікі паэта “За шчасьце, за мір” (1950), “Шырокі сьвет” (1955), “Кніга вандраваньняў і любові” (1959), “Нью-Йоркскія малюнкі” (1960), “Тысяча небасхілаў” (1962). Напісаная ў гэтыя гады лірыка-публіцыстычная паэма “Патрыятычная песьня”, у якой паэт выказваў шчырае прызнаньне ў любві да Бацькаўшчыны, да людзей, была ў 1959 г. узнагароджана Літаратурнай прэміяй імя Янкі Купалы.
         Прыкметнай з’явай у літаратурным жыцьці Беларусі стала і кніга вершаў Панчанкі “Пры сьвятле маланак”. Пачынаючы з гэтай кнігі, сьветаразуменьне паэта становіцца больш заглыбленым, па-філасофску засяроджаным, разважлівым. Паэтычныя зборнікі П. Панчанкі “Сьнежань” (1972), “Крык сойкі” (1976), “Вячэрні цягнік” (1977) насычаны непакоем, роздумам над глабальнымі праблемамі сучаснасьці, над будучыняй чалавецтва. У іх гучыць гарачая любоў да роднай зямлі, да чалавека працы.
         З 1972 г. цалкам аддаецца творчай дзейнасьці.
         У сваіх творах Пімен Панчанка – шчыры патрыёт Беларусі, нястомны змагар за захаваньне прыроды, за культаваньне ў грамадстве высокіх маральных ідэалаў, выкрывальнік партыйнай і ўрадавай бюракратыі. У яго вершах спалучаецца лірызм з публіцыстычным напалам. Пімен Панчанка становіцца адным з найпапулярных паэтаў сьвету. Паэт і сам актыўна займаецца перакладам. Перакладаў на беларускую мову творы А. Міцкевіча, М. Нагнібеды, Я. Райніса, Ф. Шылера і інш.
         Другая палова 80-х – пачатак 90-х гг. былі ў жыцьці паэта ці не самымі цяжкімі. Даймалі шматлікія хваробы. Ён амаль што не выходзіў з бальніцы. Пачаліся і матэрыяльныя нястачы. Найбольш мучыў душэўны боль. У творчасці паэта ўзмацніліся публіцыстычнасьць, палемічная вастрыня, сатырычны пафас. Вершы грамадзянскага гучання склалі зборнікі “І вера, і вернасьць, і вечнасьць” (1986), “Прылучэньне” (1987), ”Горкі жолуд” (1988), “Неспакой” (1988), “Высокі бераг” (1993). Вялікі грамадзянскі рэзананс выклікала ў свой час “Паэма сораму і гневу”.
         Пасьля сьмерці паэта (2 красавіка 1995 г.) з друку выйшлі яго кнігі “Зямля ў мяне адна” (1996) і ”Жытнёвы звон” (2002), у якіх сабраны творы розных гадоў. П. Панчанку належаць шматлікія публіцыстычныя артыкулы і эсэ, успаміны пра вядомых беларускіх пісьменьнікаў і падзеі літаратурнага жыцьця.
         Паэт і публіцыст, крытык і перакладчык П. Панчанка шмат зрабіў для беларускай літаратуры, але асноўнае ў яго творчай спадчыне - яго вершы, якія былі выразьнікамі дум і спадзяваньняў эпохі, вершы, у якіх ніколі не было фальшы, але заўсёды адлюстроўвалася багатая гама чалавечых пачуцьцяў.
2009–2022. Беларусь, Менск.