РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Біяграфія
        Язэп Пушча нарадзіўся 7(20) траўня 1902 г. ў вёсцы Каралішчавічы Менскага павету Менскае губэрні (цяпер Менскі раён) у сялянскай сям'і. Бацькі, Павел і Антаніна Плашчынскія, былі непісьменнымі. Жылі ў клопаце пра гаспадарку, пра тое, каб пракарміць і паставіць на ногі шасьцёра дзяцей – чатырох хлопчыкаў і дзьвюх дзяўчынак. Сям'я была дружная. Кожны зь дзяцей ведаў свае абавязкі.
         Трыццатыя гады раскідалі па сьвеце вялікую сям'ю Плашчынскіх, усіх дзяцей адлучылі ад зямлі. Брат Ізідар (Язэп Гуткоўскі) вучыўся ў БДУ, займаўся літаратурнай творчасьцю, памёр у 1986 у ЗША. Нават самі бацькі – сумленныя працаўнікі – памерлі не ў сваёй хаце. Я. Плашчынскі быў пятым сынам у сям'і. Ён рана далучыўся да працы і ў дванаццаць гадоў, па яго словах, «у касьбе амаль не адставаў ад дарослых». Будучы паэт вучыўся ў Каралішчавіцкім народным вучылішчы (1910–1913), у жніўні 1915 быў залічаны вучнем 2-га класа Менскага вышэйшага пачатковага вучылішча. 3-за набліжэньня фронту і падрыхтоўкі да эвакуацыі вучоба доўга не пачыналася. Вучыцца ў Менску давялося і ў пэрыяд Лютаўскай і кастрычніцкай рэвалюцый, а таксама грамадзянскай вайны. Гэта быў час, калі адбывалася пераасэнсаваньне грамадскіх падзей, матэрыяльных і духоўных каштоўнасьцей.
         Я. Плашчынскі асабліва цяжка перажываў нямецкую акупацыю. З 1918 да жніўня 1921 ён вучыўся ў Менскім рэальным вучылішчы. У 1918 прачытаў першую беларускую кнігу – «Шляхам жыцьця» Я. Купалы, а праз два гады ў сваёй вёсцы пазнаёміўся з М. Чаротам, сяброўствам зь якім даражыў усё жыцьцё. Скончыўшы рэальнае вучылішча, Я. Плашчынскі вучыўся на дзевяцімесячных курсах беларусазнаўства Наркамасьветы БССР (1921–1922), дзе слухаў Я. Купалу, Я. Коласа, З. Бядулю. Пасьля курсаў працаваў інспэктарам беларускай культуры ў Мазырскім райаддзеле народнай асьветы, інспэктарам школ Менскага павету.
         У 1925–1927 вучыўся на пэдфаку БДУ.
         Увосень 1927 перавёўся ў Ленінградскі Ўнівэрсітэт (жыў у Пушкіне), але на чацьвертым курсе пакінуў вучобу. У 1929 вярнуўся ў Менск, працаваў стыльрэдактарам у “Белдзяржвыдавецтве”.
         25 ліпеня 1930 г. па ілжывым абвінавачваньні як член міфічнага «Саюза вызваленьня Беларусі» асуджаны на 5 гадоў высылкі. Прысуд гэты вынесены “Коллегией ОГПУ”. У пэрыяд блуканьня па пакутах Я. Пушча працаваў бухгалтарам у г. Шадрынску на Урале (1931–1935), восем месяцаў (1935–1936) у саўгасе «Джэмтэ» каля Анапы. У 1937–1941 загадчык навучальнай часткі, дырэктар Манакоўскай сярэдняй школы Мурамскага раёну Уладзімірскай вобласьці. У пачатку вайны ён мабілізаваны ў армію, вучыўся ў 2-м Маскоўскім пяхотным вучылішчы. Пасьля вайны працаваў настаўнікам, дырэктарам Чаадаеўскай сярэдняй школы Мурамскага раёна. У 1955 і 1956 наведаў Беларусь. 19 ліпеня 1958 зь сям'ёй вярнуўся ў Менск, дзе жыў да апошніх дзён.
         Член СП Беларусі з 1958.
         Першыя крокі ў літаратуру Я. Пушча зрабіў, калі ў 1923 разам зь іншымі пісьменьнікамі стаў адным з заснавальнікаў і арганізатараў літаратурнага аб'яднаньня «Маладняк», а пазьней – «Узвышша». З гэтага часу паэзія становіцца яго асноўным заняткам. Аўтар зборнікаў «Раніца рыкае», «Vita», «Дні вясны». Для раньніх вершаў паэта характэрны тонкае лірычнае сьветаадчуваньне, шырыня асацыяцый, дакладнасьць вобразнага мысьленьня, сьветлыя радасныя фарбы, бадзёрасьць і жыцьцесьцьвярджальнасьць. Уласьцівыя маладнякоўскай паэтыцы арнамэнтальнасьць і квяцістасьць выявіліся ў многіх творах нязвычнымі мэтафарамі («Раніца рыкае», «Я раніцы кланяўся ў пояс», «Раніцу шчэбет пільнуе», «Усьміхаецца зорамі ночка», «Туляўся ў выбоінах грэблі заплаканы променя вырыс», «Беланогі, расчухраны месяц лявоніць у лісьці кляновым»). У гэтых мэтафарах, якія падчас мяжуюць зь нечаканасьцю, нават вычварнасьцю, у пранікнёных інтанацыях адчуваецца не толькі захапленьне паэзіяй С. Ясеніна, у чым вульгарызатарская крытыка абвінавачвала Я. Пушчу. У гэтай маладой задзірыстасьці, нават свавольстве ўгадваюцца палёт фантазіі, імкненьне для кожнай грамадскай праявы ці з'явы прыроды знайсьці снаё, непаўторнае вобразнае тлумачэньне.
         У другой палове і асабліва ў канцы 20-х гадоў творчыя пошукі паэта ўскладнідіся ў сувязі зь нездаровай грамадскай атмасфэрай у краіне, штучным распальваньнем падазронасьці, агульнага недаверу, варожасьці ў адносінах паміж людзьмі, навешваньнем ярлыкоў. Крытыкі-вульгарызатары вышуквалі пэсімістычна-ўпадніцкія настроі, трагедыйнасьць у зборніку Я. Пушчы «Песьні на руінах», асабліва жорстка крытыкаваліся яго «Лісты да сабакі». У віну паэту ставіўся па родных мясьцінах; яго распіналі на крыжы тое, што адарваўся ад вёскі, але і не прыжыўся гарадскіх муроў. У такіх неспрыяльных абставінах напісаны паэмы «Крывавы плакат» (у пазьнейшай рэдакцыі «Крывавы год») і «Сады вятроў» (1930), дзе ў форме дыялогу Грыміцкага і Мярохі вырашаецца праблема сапраўднай эстэтычнай вартасьці мастацтва. Сутнасць яе – у служэньні мастака інтарэсам народа, сваіх сучасьнікаў.
         У 1930 былі здадзены ў друк, але ў сувязі з арыштам не ўбачылі сьвет зборнікі Я. Пушчы «Мой маніфэст» і «Грэшная кніга». У паэмах «Песьня вайны», «Цень консула», «Крывавы год» увага аўтара скіравана да падзей Першай Сусьвнтнай і грамадзянскай войнаў. Гэраічнай барацьбе беларускага народа з фашысцкімі акупантамі ў гады Другой Сусьветнай Вайны прысьвечаны паэмы «Бор шуміць» і «Людвіся».
         Адарваны ад Беларусі, Я. Пушча пісаў мала. I толькі пасьля вяртаньня на Бацькаўшчыну ім напісана шмат вершаў сьветлай, «сонечнай» тэматыкі. Пасьляваенная лірыка паэта вызначаецца аптымістычным настроем, мажорным гучаньнем. Асноўныя яе матывы – любоў да Бацькаўшчыны, шматгалосьсе прыроды, услаўленьне працоўнага энтузіязму. Гэтая лірыка лёгка клалася на музыку. Песьні на вершы Я. Пушчы напісалі I. Бараноўская, П. Падкавыраў, Ю. Семяняка і інш. Пісаў таксама творы для дзяцей (вершаваная казка «На Бабрыцы» і інш.).
         Памёр 14 верасьня 1964 г. у Менску, пахаваны ў вёсцы Каралішчавічы.
         Частка спадчыны Я. Пушчы (зборнікі «Мой маніфест» і «Грэшная кніга») загінула. Некаторыя рукапісы былі спалены сям'ёй у Каралішчавічах з-за боязі. Некалькі вершаў Я. Пушчы апублікаваны пасьмяротна ва ўспамінах яго жонкі Станіславы («Полымя». 1992. № 6).
        
         © "Родныя вобразы".
2009–2022. Беларусь, Менск.