 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Біяграфія
|
Аляксей Пысін нарадзіўся 22 сакавіка 1920 г. у вёсцы Высокі Барок Краснапольскага раёну Магілёўскае вобласьці ў сялянскай сям'і.
У 1880 – 1886 прадзед будучага паэта і яго сыны пераехалі з Браншчыны ў Магілёўскую губэрню, на «купчыя землі». За грошы, узятыя ў пазыку ў зямельным банку, купілі ў пана зямлю. Дзед, Пётр Пысін, пасяліўся ў заснаванай перасяленцамі вёсцы Высокі Барок. Бацька, Васіль Пысін, і маці, Хрысьціна (у дзявоцтве Вяржбіцкая, з суседняй вёскі Мануйлы), займаліся сельскай гаспадаркай. У роднай вёсцы прайшлі дзіцячыя і школьныя гады А. Пысіна.
Пасьля заканчэньня Палужскай сярэдняй школы (1938) А. Пысіна, як актыўнага селькора, райком камсамола накіраваў на вучобу ў Менскі камуністычны інстытут журналістыкі.
У верасьні 1939, пасьля далучэньня Заходняй Беларусі да СССР, яго, тады студэнта другога курса, накіравалі на працу ў бельскую (г. Бельск на Беласточчыне) павятовую, пасьля раённую газэту, дзе ён быў літсупрацоўнікам да пачатку вайны. Пасьля адступлення да Гомеля была эвакуацыя на Урал, у запасны полк, была палкавая школа і дарога на пярэдні край. Вайну прайшоў сувязістам, удзельнічаў у баях, двойчы быў паранены. Дэмабілізаваўся А. Пысін на пачатку 1946. Працаваў адказным сакратаром краснапольскай раённай газэты «Чырвоны сцяг» (1946–1948), уласным карэспандэнтам магілёўскай абласной газэты «За Радзіму» (1949–1950).
Член СП Беларусі з 1950.
3 мая 1950 працаваў у палітаддзеле Сьвержанскай МТС Стаўбцоўскага раёна Баранавіцкай вобласьці.
З 1954 рэдактар - чэрыкаўскай раённай газэты.
У 1956–1958 вучыўся на Вышэйшых літаратурных курсах у Маскве. Пасьля заканчэньня курсаў з 1958 працаваў у рэдакцыі абласной газэты «Магілёўская праўда».
З 1974 да апошніх дзён быў сакратаром Магілёўскага абласнога аддзяленьня Саюза Пісьменьнікаў Беларусі. Як журналіст і публіцыст выступаў супраць застойных з'яў у грамадстве, бяздумнай меліярацыі зямель.
Першыя спробы пяра А. Пысін зрабіў яшчэ будучы вучнем Высокаборскай сямігодкі. Тады ж у друку пачалі з'яўляцца яго невялікія селькораўскія допісы. Першыя вершы ён, выпускнік сярэдняй школы, прынёс на суд земляку-паэту П. Бядуліну, які працаваў тады ў рэдакцыі краснапольскай раённай газэты «Чырвоны сцяг». Адзін зь іх, «Ураджай», быў надрукаваны ў 1938 у газэце «Чырвоная змена». Пасьля былі публікацыі ў армейскім друку.
Першы зборнік «Наш дзень» выйшаў толькі ў 1951, у 1959 з'явіўся наступны – «Сіні ранак». У раньніх вершах адчуваліся настойлівыя пошукі ўласнай тэмы, свайго голасу, якога тады яшчэ не было, хоць раньнія вершы і прасякнуты грамадзянскім пафасам, пачуцьцямі патрыятызму, трывогай за мір на зямлі. У зборніку «Сонечная паводка» ўжо адчуваецца «прырастаньне» паэта да сваёй тэмы – зварот да франтавых будняў, роздум аб якіх стаў адной зь істотных рыс яго сталай лірыкі. Кніга «Мае мэрыдыяны» засьведчыла «другое нараджэньне» паэта. У ёй, як і ў наступных («Твае далоні», «Пойма», «Да людзей ідучы», «Ёсьць на сьвеце мой алень», «Палёт»), разгортваецца суровы леталіс памяці. Лірычная споведзь паэта, былога франтавіка, драматычна-напружаная, пазначаная глыбокім смуткам, абумоўленым стратамі баявых сяброў. Крытэрый памяці прысутнічае ў кожным творы А. Пысіна, становіцца найважнейшай адзнакай эстэтычнай вартасьці яго паэзіі, дзе, як і ў жыцьці, «даўняе зь сягоньняшнім сплялося». У разважаньнях над імгненьнем і вечнасьцю, над глабальнымі праблемамі сучаснасьці, падсьвечанымі памяцьцю франтавых дарог («часоў былых і новых сувязь»), у глыбокім пранікненьні ў духоўны сьвет чалавека адчуваецца высокая мастацкая культура, маштабнасьць мысленьня паэта.
Лірыцы А. Пысіна ласцівы жыцьцесьцьвярджальнасьць, спавядальная шчырасьць, унутраная засяроджанасьць, традыцыйная манэра пісьма. Аўтар ліра-эпічных паэм «Белы камень», «Кара», «Жураўліны бераг», кніг для дзяцей «Матылёчкі-матылі», «Вясёлка над плёсам», «Колькі сонцаў». Дзецям адрасаваны таксама паэмы «Кавылёк» і «Дзяўчынка Марыям». Выдаў кнігу нарысаў «Бярозка ля кожных варот». А. Пысін пераклаў на беларускую мову «Маабіцкі сшытак» М. Джаліля (разам з С. Гаўрусёвым), зборнік вершаў М. Ханінава «Жураўлі над стэпам». Творы А. Пысіна перакладзены на рускую, украінскую і іншыя мовы. На яго вершы кампазытарамі Л. Курачком, I. Пятровым-Кумінскім і Ю. Федуненкам напісаны песьні.
Памёр 27 жніўня 1981 г. у Магілёве. Пахаваны на Цэнтральных могілках па вул. Лазарэнкі.
Імя А. Пысіна прысвоена Палужскай сярэдняй школе Краснапольскага раёна, дзе створаны і прысьвечаны яму музей. У Магілёве на праспэкце Міру, на доме 35а, дзе жыў паэт, усталявана мэмарыяльная дошка.
© сайт "Родныя вобразы".
|
|
|
|
|
2009–2020. Беларусь, Менск.
|
|
|