РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Біяграфія
        Алесь Разанаў нарадзіўся 5 сьнежня 1947 г. ў вёсцы Сялец Бярозаўскага раёну Брэсцкае вобласьці ў сям'і служачых. Бацька, Сцяпан Разанаў (1910–1986), паходзіў зь вёскі. Вялікая Ржакса (Тамбоўская вобласьць), прыехаў з геадэзічнай экспэдыцыяй у Беларусь, дзе і застала яго вайна. У 1942 схоплены фашыстамі і вывезены ў Нямеччыну, дзе працаваў на заводзе, знаходзіўся ў канцлагерах Заксенхаўзен і Маўтхаўзен, зь якога ў 1945 вызвалены савецкай арміяй. Вярнуўся да сям'і на Брэстчыну і застаўся жыць у вёсцы Сялец. Маці, Надзея, працавала мэдсястрой, фэльчарам-акушэркай, пазьней – у бальніцы ў вёсцы Сялец, цяпер на пэнсіі.
         У 1955 А. Разанаў пайшоў у Сялецкую сярэднюю школу, якую закончыў у 1966 і паступіў на філфак БДУ. Адначасова з вучобай у 1967– 1968 працаваў ліцейшчыкам на Менскім заводзе ацяпляльнага абсталяваньня.
         У 1969 перавёўся на філалагічны факультэт Брэсцкага пэдінстытута (закончыў у 1970).
         У 1970–1971 выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Кругельскай сярэдняй школе Камянецкага раёна.
         У 1971–1972 у савецкай арміі.
         З 1972 літсупрацоўнік газэты «Літаратура і мастацтва» і бюлетэня «Родная прырода». Член СП Беларусі з 1972.
         З 1974 рэдактар, затым старшы рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура».
         З 1986 на творчай рабоце. Вучыўся ў славістычнай школе ў Чэхаславаччыне (1988).
         З 1990 старшыня Беларускага рэспубліканскага фонду імя Рэрыхаў, з 1992 навуковы супрацоўнік Нацыянальнага навукова-асьветнага цэнтра імя Ф. Скарыны. Віцэ-прэзідэнт Беларускага Пэн-цэнтра. Сябра Рады СП Беларусі (з 1990). Узнагароджаны дыпломам ЮНЕСКА за ўдзел у міжнародным літаратурным конкурсе «Сустрэча двух сусьветаў».
         Першыя публікацыі А. Разанава з'явіліся ў 1961 у піянэрскіх газэтах. Аўтар зборнікаў паэзіі «Адраджэньне», «Назаўжды», «Каардынаты быцьця», «Шлях – 360», «Вастрыё стралы», «У горадзе валадарыць Рагвалод» (Вершаказы і пункціры). Творчасьць паэта сьведчыць аб яго неардынарным мысленьні і нетрадыцыйным вобразна-паэтычным самавыяўленьні. Наватарскія жанравыя і рытміка-інтанацыйныя формы яго паэзіі вызначаюцца гуманістычным напаўненьнем, багатым жыцьцёвым зьместам. Як адзначаў вядомы крытык В. Бечык, «ён абапіраецца на вялікі вопыт сусьветнага мастацтва. Мы ўбачым у яго творах і баладны лад, і сучасную жанрава-стылявую раскаванасьць, і асаблівую ёмістасьць усходніх танка і хоку, і ўласьцівыя сюррэалізму сродкі і прыёмы пісьма».
         У нечаканасьці асацыяцый, мэтафарычнай вастрыні і дакладнасьці, заснаваных на збліжэньні далёкіх паняцьцяў, адкрываецца неабсяжны інтэлектуальны падтэкст. Філасофскі роздум над бясконцым і непаўторным сьветам прыроды, грамадскім быцьцём і неабмежаванымі духоўнымі магчымасьцямі чалавечай асобы, над маральна-этычнымі праблемамі сучаснасьці найбольш поўна выяўляецца ў верлібры і яго разнавіднасьцях – квантэмах і версэтах.
         Паэзія А. Разанава патрабуе ўдумлівага і неаднаразовага прачытаньня, заўсёды адкрывае новыя абсягі творчай індывідуальнасьці. Выступае з артыкуламі па пытаньнях сучаснага літаратурнага працэсу, а таксама ў жанры эсэістыкі. Вядомы як перакладчык. Яго творы перакладзены на ангельскую, балгарскую, грузінскую, чувашскую, чэшскую, эстонскую мовы.
         Жыве ў Менску.
2009–2020. Беларусь, Менск.