РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Біяграфія
        Барыс Сачанка нарадзіўся 15 траўня 1936 г. у вёсцы Вялікі Бор Хойніцкага раёна Гомельскае вобласьці.
         Бацька, Іван, працаваў у “хімлясгасе”; маці, Вера, хадзіла на работу ў “калгас”, але больш мусіла клапаціцца пра дзяцей, якіх у сям'і было сямёра.
         Барысу не было і шасьці гадоў, як пачалася вайна. У 1943 фашысты спалілі Вялікі Бор, у агні загінула 128 аднавяскоўцаў, астатніх жыхароў вёскі вывезьлі ў Нямеччыну. Сям'я Сачанкаў трапіла на фэрму нямецкага землеўласьніка, дзе давялося працаваць да траўня 1945. Затым трапілі ў лагер для перамешчаных асоб, якіх амэрыканцы агітавалі ехаць у ЗША, але Сачанкамі валодала жаданьне хутчэй вярнуцца дамоў, на Палесьсе.
         У 1945 Б. Сачанка пайшоў у першы кляс Вялікаборскай сямігодкі, а пасьля заканчэньня Хойніцкай СШ, у якой вучыўся I. Мележ, у 1955 паступіў на аддзяленьне журналістыкі філялагічнага факультэта БДУ, якое скончыў у 1960. Член СП Беларусі з 1960.
         Працоўную дзейнасць пачаў у 1958 у часопісе «Вожык» – спачатку карэктарам, затым фельетаністам. Тут у сааўтарстве зь Я. Сіпаковым і Р. Барадуліным пад псэўданімам “I. Сібарсач” зьмяшчаў вострыя і надзённыя крытычныя нататкі, артыкулы, гумарэскі, сатырычныя замалёўкі. Затым працаваў рэдактарам аддзела прозы часопіса «Полымя» (1960–1976), дзе яму першаму давялося чытаць і рэдагаваць «Палескую хроніку» I. Мележа.
         У 1976–1986 сакратар праўленьня СП Беларусі.
         У 1986–1993 загадчык аддзела перакладной замежнай літаратуры выдавецтва «Мастацкая літаратура».
         З 12 студзеня 1993 – галоўны рэдактар выдавецтва «Беларуская Энцыклапэдыя» імя Петруся Броўкі.
         Б. Сачанка мае шмат узнагарод.
         Першае апавяданьне Б. Сачанкі «Плынь» надрукавана ў часопісе «Маладосць» у 1956. Раньнія навелы празаіка друкаваліся на старонках часопісаў «Беларусь», «Полымя», многіх газэт.
         Першы зборнік яго апавяданьняў «Дарога ішла празь лес» выйшаў у 1960. Навэла, кароткая мініяцюра былі ў творчасьці Б. Сачанкі папярэдніцамі аповесьці і рамана. Малады празаік працягваў лінію сацыяльна-бытавога апавяданьня, найбольш традыцыйнага для беларускай літаратуры. Першым аповесьцям пісьменьніка «Мальвіна» і «Палон», якімі завяршаецца другая кніга апавяданьняў «Барвы раньняй восені» (1961), уласьціва запаволеная, апавядальная манэра, рэалістычная дакладнасьць у раскрыцьці абставін, дэталёвае апісаньне зьнешняга асяроддзя, побыту, узаемаадносін людзей.
         Асабліва вылучаецца пастаянная тэма, зьвязаная з «малой радзімай» пісьменьніка – ёй прысьвечаны цыкл «Палесьсе» (апавяданьні «У вёску, да маці», «Навальніца», «Ваўчыца з Чортавай Ямы», «Соль», «Вясковыя згадкі», «З казкі маленства», «Дзік-бадзяга», нарыс «Зямля маіх продкаў», аповесьць «Баравое рэха»). Гістарычнае мінулае палескага краю паказана ў аповесьцях «Варэйка золата», «Англіцкая сталь», «Дыярыуш Мацея Белановіча». У многіх творах празаіка раскрываюцца падзеі Другой Сусьветнай Вайны («Палон», «Пакуль не разьвіднела», «Аксана», «Загадка аднаго падпольля», раман у навэлах «Чужое неба», трылогія «Вялікі Лес»).
         Адным зь першых у беларускай прозе Б. Сачанка пачаў распрацоўваць тэму Хатыняў (аповесьць «Апошнія і першыя»). У апавяданьнях і аповесьцях 1970-х гадоў пісьменьнік разглядае многія аспэкты сучаснага гарадскога побыту, выкрывае мяшчанства, графаманства, прыстасавальніцкія, спажывецкія адносіны да жыцьця («Мара», «Успамін», «Пра аднаго паэта», «Не на той вуліцы», «Запіскі Занядбайлы», «Іван Патапавіч Белахвосцік – кніжны Шэрлак Холмс», «Без пяці мінут «прахвэсар»).
         Не абышоў Б. Сачанка і горкую тэму Чарнобыля, якой прысьвяціў «Запіскі аб радыяцыі», аповесьці «Родны кут» і «Еўка». Аўтар зборнікаў сатыры і гумару «Волфігурыст», «Халасьцяк», кніг для дзяцей «Кошык малін» і «Бабка Адарка». У кнізе Б. Сачанкі «Жывое жыцьцё» зьмешчаны артыкулы пра творчасьць Л. Талстога, I. Буніна, К. Паустоўскага, М. Лынькова, I. Мележа, С. Дзяргая, пра жыцьцё і творчасьць Я. Купалы і інш. Піша артыкулы пра беларускую эміграцыю, рэпрэсаваных пісьменьнікаў, пра грамадска-літаратурны рух 1920–1930-х гадоў (кніга «Сьняцца сны аб Беларусі»).
         У 1980, як дэлегат ад Беларусі на XXXV сэсіі ААН, пабываў у Злучаных Штатах Амерыкі. Вынікам гэтай паездкі з'явіліся нарысы «Куды ты ідзеш, Амэрыка?». Напісаў таксама нарысы пра свае паездкі ў Галяндыю («У краіне польдэраў і цюльпанаў»), у Польшчу і Чэхаславаччыну («На зямлі беластоцкай», «Па сьлядох Скарыны»), у Францыю («Восень у Парыжы»), Апублікаваў са сваімі камэнтарыямі малавядомыя ці зусім невядомыя творы Я. Купалы, Я. Коласа, В. Ластоўскага, К. Сваяка, Л. Геніюш, У. Жылкі, У. Клішэвіча, А. Салаўя і інш. Пераклаў на беларускую мову аповесьць «Школьны хлеб» Я. Гуцалы, «Аповесьць пра майго сябра» П. Андрэева (П. Абрасімава), кнігу аповесьцяў і апавяданьняў «Трывожны год» I. Андрыча, п'есы «Барабаншчыца» А. Салынскага, «Апошняе спатканьне» А. Галіна. Склаў кнігі выбранай прозы Я. Гушчы «Пан Грацыян і іншыя», Я. Івашкевіча «Дзяўчына і галубы», К. Федзіна «Сустрэча зь мінулым», М. Булгакава «Белая гвардыя», «Жыцьцё пана дэ Мальера», Ф. Салагуба «Сьвятло і цені», Б. Пільняка «Цэлае жыцьцё», У. Набокава «Зьнішчэньні тыранаў», Л. Геніюш «Белы сон», двухтомную «Анталогію рускага савецкага апавяданьня», анталогію эмігранцкай беларускай паэзіі «Туга па радзіме», кнігу ўспамінаў «На суд гісторыі».
         Творы Б. Сачанкі перакладаліся на ангельскую, балгарскую, нямецкую, польскую, рускую, украінскую, французскую і іншыя мовы.
         Жыве ў Менску.
        
         © сайт “Родныя вобразы”.
2009–2020. Беларусь, Менск.