|
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Біяграфія
|
Сапраўднае імя Язэпа Семяжона – Язэп Семяжонаў. Ён нарадзіўся 3(16) лістапада 1914 г. у вёсцы Пятровічы Ігуменскага павету Менскае губэрні (цяпер Смалявіцкі раён Менскае вобласьці) ў сям’і лесьніка. Бацька Ігнат і маці Матруна жылі ў роднай вёсцы. Пасьля заканчэньня Сьмілавіцкай СІІІ (1930) Я. Семяжон працаваў рахункаводам у “калгасе” «Перамога» (вёска Пятровічы), вучыўся на драматургічных курсах у Менску (1931–1932), быў акцёрам Беларускага Дзяржаўнага Драмтэатра (БДТ-3, 1932–1934).
У 1934–1938 студэнт факультэта замежных моваў Менскага Пэдінстытута. Служыў у чырвонай арміі: курсант афіцэрскай школы ў Маскве, затым камандзір узвода разьведвальнага палка (1938–1940). Удзельнічаў у паходзе ў Заходнюю Беларусь, а таксама ў баях на фінскім фронце, дзе быў паранены.
З канца 1940 да сакавіка 1942 служыў у чырвонай арміі, удзелыгічаў у баях на заходнім фронце.
У 1942–1953 - ваенны перакладчык.
З 1953 старшы выкладчык замежных моў у Менскім сувораўскім вучылішчы. Член СП Беларусі з 1954.
У 1961–1975 ст. выкладчык, в. а. дацэнта БДУ. Быў членам Беларускага таварыства дружбы і культурных сувязей з замежнымі краінамі, членам Беларускага Рэспубліканскага Камітэта «За вяртаньне на Радзіму».
Заслужаны работнік культуры Беларусі (1989). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Я. Купалы (1982; за пераклад паэмы М. Гусоўскага «Песня пра зубра»).
Памёр 16 жніўня 1990 г. у Менску, пахаваны на Паўночных могілках.
Першы верш Я. Семяжона быў надрукаваны ў 1931 у часопісе «Беларуская работніца і сялянка» (публікацыя не выяўлена). Першыя яго пераклады з’явіліся ў друку ў 1938. Рэгулярна публікаваўся з 1955.
Пераклаў творы класікаў і сучасных пісьменьнікаў Англіі, ЗША, Францыі, Італіі (У. Шэкспір, Дж. Байран, Р. Бёрнс, У. Блейк, У. Уітмен, М. Твен, П. Беранжэ, Э. Пацье, А. Рэмбо, Дантэ Аліг’еры, Дж. Радары). Я. Семяжону належаць пераклады зь нямецкае (Г. Гейнэ, Б. Брэхт) і індыйскай (Р. Тагор, Валатхола, Чатападхайя) моў. Шмат перакладаў з польскай (А. Міцкевіч, Ю. Славацкі, Ю. Тувім, Я. Івашкевіч), вугорскай (Ш. Пёцефі), румынскай (Дж. Кэлінэску, З. Станку), чэскай і славацкай (В. Завада, В. Міхалік) моў. Зробленыя ім пераклады твораў У. Шэкспіра, Р. Бёрнса, Дж. Радары, М. Гусоўскага і інш. сталі вялікай падзеяй у літаратурным жыцьці Беларусі, атрымалі высокую ацэнку крытыкі.
Як перакладчык уважліва ставіўся да вобразна-эмацыянальнага ладу арыгінала. Выступаў з артыкуламі па пытаньнях мастацкага перакладу. Адрэдагаваў асобныя выданьні твораў зарубежнай мастацкай літаратуры ў перакладзе на беларускую мову. У Рэспубліканскім тэатры юнага гледача ставілася ў яго перакладзе п’еса У. Шэкспіра «Дванаццатая ноч».
© сайт “Родныя вобразы”.
|
|
|
|
|
2009–2022. Беларусь, Менск.
|
|
|