РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Біяграфія
        Юлія Новік нарадзілася 1 студзеня 1985 года ў горадзе шахцёраў Салігорску Менскае вобласьці. Друкавацца пачала ў школьным узросьце.
         Пасьля заканчэньня Салігорскае Гімназіі паступіла ў Менскі Дзяржаўны Лінгвістычны Унівэрсытэт, факультэт міжкультурных камунікацый, дзе акрамя асноўных дысцыплін і агульных прадмэтаў вывучала французскую, ангельскую і нямецкую мовы, а таксама турызм.
         Пасьля заканчэньня унівэрсытэта працуе ў Менску. Цікавіцца перакладамі і рэклямай, актыўна ўдзельнічае ў літаратурных мерапрыемствах. Супольна з паэткай Вікай Трэнас ажыцьцяўляе доўгатэрміновыя літаратурна-мастацкія праэкты “Выявы”, “Францыя ў сэрцы Беларусі”.
         5 сьнежня 2009 года ў Тэатры Рускага Рамансу прайшла літаратурна-мастацкая імпрэза ’’Выявы-2009”, якая сабрала цікавых і вельмі розных удзельнікаў.
         20 траўня 2010 года ў музэі Янкі Купалы пасьпяхова адбыўся паэтычна-акустычны канцэрт “Рытмы і рыфмы”.
         13 лістапада 2010 года ў музэі Янкі Купалы прайшло культурна-забаўляльнае шоу “Дзесятка-style”, у якім бралі ўдзел творчыя бландзінкі і брунеткі.
         Штогадовы праэкт прома-групы ВЮ “Выявы” прайшоў у трэйці раз – пад назвай “Трохмоўе”, зьяднаўшы беларускую, польскую, ангельскую мовы і творцаў, якія імі натхняюцца. Мерапрыемства адбылося 7 сьнежня 2011 г. ў музэі імя Янкі Купалы.
         Юлія Новік – аўтарка зборніка вершаў “Сонца за тэрыконамі”, які выйшаў у 2007 годзе ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Сымвал першае кніжкі – сонца, якое ўзыходзіць.
         Спрабуе пісаць вершы на французскай мове. Таксама мае шэраг публікацыяў – вершаў, артыкулаў і замалёвак – у часопісах “Полымя”, “Маладосць”, “Вожык”, газэтах “ЛіМ”, “Раніца”, “Голас Радзімы” і іншых.
2009–2020. Беларусь, Менск.