РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Біяграфія
        Людмiла Рублеўская нарадзiлася ў Менску ў 1965 годзе. Сярэдняй школы ня скончыла, пайшла ў архiтэктурна-будаўнiчы тэхнiкум на адзьдзяленьне архiтэктуры, пасьля сканчэньня якога два гады працавала на вытворчым аб’яднаньнi "Гарызонт" тэхнiкам-архiтэктарам, аздабляючы працоўныя iнтэр’еры. Паралельна пачала друкаваць вершы ў пэрыядычным друку i прыходзiць да беларушчыны пад уплывам Караткевiча, Багдановiча i ўласнага рамантызму.
         У 1986-м годзе паступiла ў Лiтаратурны Інстытут iмя Горкага ў Маскве на адзьдзяленьне паэзii, адкуль вярнулася праз год ужо разам з мужам, паэтам Вiктарам Шнiпом i перавялася на беларускае адзьдзяленьне фiлфака БДУ.
         Працавала ў газэце "Наша слова", часопiсе "Першацвет", тыднёвiку "Лiтаратура i мастацтва". У "ЛiМе" займала пасаду рэдактара адзьдзела крытыкi i рэгулярна зьбiрала дыскусiйны клюб "За гарбатай", дзе сустракалiся беларускiя iнтэлектуалы.
         Пасьля стварэньня холдынгу "Лiтаратура i мастацтва" адтуль сышла i прыняла прапанову працаваць лiтаратурным аглядальнiкам газэты "СБ-Беларусь сегодня". Была аўтарам сэрыi радыёперадач пад назвай "Дзеяслоў" на канале "Культура", у якiх расказвалася пра гiсторыю i сучаснасьць беларускае мовы.
         Кiруе суполкай маладых творцаў "Лiтаратурнае прадмесьце". Лаурэат прэмii часопiса "Дзеяслоў" "Залаты апостраф", за паралельны раман "Золата забытых магiлаў", дзеяньне ў якiм адбываецца ў часы паўстаньня Кастуся Калiноўскага i ў нашым часе.
         Усяго выйшла амаль два дзесяткi кнiг у розных жанрах – паэзiя, проза, драматычныя творы, эсэ, крытыка, творы для дзяцей, сярод якiх кнiжка казак "Прыгоды мышкi Пiк-Пiк" - спроба стварэньня сучаснай беларускай гарадской мiталёгii (выдадзена на Беларусi i ў Польшчы). У празаiчным цыкле "Старасьвецкiя мiты горада Б*" сiнтэзавала антычныя мiты i рэалii беларускага мястэчка XIX ст.
         Аўтар дасьледваньня "Беларускi мiф i яго трансфармацыя ў маладой паэзii 10-20-х i 80-90-х гг. ХХ ст.".
         Творы перакладалiся на дзясяткi моваў. Асобныя драматычныя творы ставiлiся на сцэнах беларускiх тэатраў, па драматычнай паэме "Апошняя з Алелькавiчаў" зьняты аднайменны вiдэафiльм (1999 г.)
         Апошнiм часам займаецца тэмай рэпрэсiй 30-х гадоў, якой прысьвечаны шмат артыкулаў i раман "Забiць нягоднiка, альбо Гульня ў Альбарутэнiю", надрукаваны ў №№33-34 часопiса "Дзеяслоў".
         Сябар Саюза Беларускiх Пiсьменьнiкаў.
        
        
* * *

        
         Кніжкі Людмілы Рублеўскай «Крокі па старых лесьвіцах» (1990) і «Замак месячнага сяйва» (1992) адметныя зваротам да нашай гісторыі. Родны сьвет адкрываецца для паэткі як сьвет вялікай і багатай духоўнай спадчыны. Мінулае яе цікавіць у канкрэтных асобах і падзеях. Л. Рублеўская малюе вобразы беларускай гісторыі X-XX стагодзьдзяў: ад Еўфрасіньні Полацкай да Валянціна Таўлая. Паэтка валодае раскаваным, глыбокім уяўленьнем, здольным аднаўляць гістарычны час у яго хвалюючым зьмесьце. («Ефрасіньня», «1864», «Апошні беларускі князь» і інш.)
2009–2020. Беларусь, Менск.