РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Біяграфія
        Кандрат Крапіва нарадзіўся 5 сакавіка 1896 г. у вёсцы Нізок, цяпер Узьдзенскі раён у сялянскай сям'і.
        
         Вучыўся ў царкоўнапрыходскай школе ў вёсцы Нізок, Уздзенскае народнае вучылішча, 4-класным гарадскім вучылішчы ў Стоўбцах, з якой перавёўся ў такое ж вучылішча ў Койданава (цяпер г. Дзяржынск). Пасля заканчэння (1913) здаў экстэрнам экзамен на званне народнага настаўніка. Восенню 1914 атрымаў месца настаўніка ў пачатковай земскай школе ў вёсцы Мнішаны на Міншчыне. Адпрацаваў год і быў мабілізаваны ў армію. У сакавіку 1916 скончыў школу прапаршчыкаў. Удзельнічаў у баях на Румынскім фронце. Як настаўнік у лютым 1918 дэмабілізаваны. Настаўнічаў у вёсцы Каменка на Уздзеншчыне. У 1920-1923 - камандзір у Чырвонай Арміі. З 1924 зноў настаўнічаў на Уздзеншчыне ў пасёлку Астравок.
        
         У 1925 пераехаў у Мінск. Быў членам літаб'яднання «Маладняк» (да 1926), потым «Узвышша». Скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ (1930). Працаваў інструктарам Цэнтральнага бюро краязнаўства пры Інбелкульце (1925-1926), загадчыкам аддзела ў часопісе «Полымя рэвалюцыі» (1932-1936). Удзельнічаў у паходзе Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь (1939), у савецка-фінскай вайне (1939-1940). На пачатку Вялікай Айчыннай вайны працаваў у франтавой газеце «За Савецкую Беларусь», у 1943-1945 рэдагаваў сатырычную газету-плакат «Раздавім фашысцкую гадзіну». У пасляваенныя гады - рэдактар часопіса «Вожык» (1945-1947), загадчык сектара мовазнаўства Інстытута мовы і літаратуры АН БССР (1947-1952), дырэктар Інстытута мовазнаўства АН БССР (1952-1956). У 1946 у складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце I сесіі Генеральнай асамблеі ААН. У 1956 - студзені 1982 - віцэ-прэзідэнт АН БССР. Са студзеня 1982 па сакавік 1989 - вядучы навуковы супрацоўнік-кансультант у аддзеле лексікалогіі і лексікаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР. Доктар філалагічных навук, акадэмік АН БССР. Неаднаразова абіраўся дэпутатам (1947-1990), старшынёй ВС БССР. Член СП СССР (з 1934).
        
         Пісаць пачаў у 1922. Дэбютаваў фельетонамі і сатырычнымі вершамі ў 1922 у газетах «Красноармейская правда» і «Савецкая Беларусь». Аўтар кніг сатыры і гумару «Асцё» (1925), «Крапіва» (1925, 4-е перапрац. і дап. выд. 1932), «Біблія» (1926), «Байкі» (1927), «Ухабы на дарозе» (1930), «Пра нашых шкоднікаў, папоў ды ўгоднікаў» (1930), «Хвядос - Чырвоны нос» (1931, вершаваная казка), «Калючы строй» (1932), «Выбраныя байкі» (1932), «Выбраныя вершы» (1935), «Выбраная сатыра» (1938), «Выбраныя творы» (1941, 1947, 1948), «Смех і гнеў» (1946), «Сатыра і гумар» (1954), «Жаба ў каляіне» (1957), «Байкі, вершы, п'есы» (1960), «Сорак баек» (1966), «Вершы і байкі» (1967, 1990), «Байкі і вершы» (1971), «Пучок жыгучкі» (1973), а таксама кніжкі для дзяцей «Загадкі дзеда Кандрата» (1986).
        
         Аўтар п'ес «Канец дружбы» (апублікавана і пастаўлена ў 1934), «Партызаны» (апублікавана і пастаўлена ў 1937), «Хто смяецца апошнім» (апублікавана і пастаўлена ў 1939, па сцэнарыі аўтара пастаўлены ў 1954 г. аднайменны кінафільм), «Проба агнём» (апублікавана і пастаўлена ў 1943), «Валодзеў гальштук» (1945, пастаўлена ў 1946, аднаактоўка), «Мілы чалавек» (1945, 1956, пастаўлена ў 1946), «З народам» (апублікавана і пастаўлена ў 1948), «Пяюць жаваранкі» (апублікавана і пастаўлена ў 1950, па сцэнарыі аўтара пастаўлены ў 1953 г. аднайменны кінафільм), «Зацікаўленая асоба» (апублікавана і пастаўлена ў 1953), «Людзі і д'яблы» (апублікавана і пастаўлена ў 1958), «Брама неўміручасці» (1973, пастаўлена ў 1974), «На вастрыі» (1982, пастаўлена ў 1983).
        
         Выдаў зборнікі прозы «Апавяданні» (1926), «Людзі-суседзі» (1928), «Жывыя праявы» (1930), раман «Мядзведзічы» (кн. 1, 1932), нарыс «Герой Савецкага Саюза Міхаіл Сільніцкі» (1943). Выдадзены Збор твораў у 3-х (1956), 4-х (1963), 5-ці (1974-1976), Выбраныя творы ў 2 тамах (1986).
        
         Аўтар літаратуразнаўчых і крытычных артыкулаў, лінгвістычных прац, адзін з навуковых рэдактараў (з Я.Коласам і П.Глебкам) «Русско-белорусского словаря» (1953), навуковы рэдактар «Беларуска-рускага слоўніка» (1962, выданне 2-е перапрацаванае і дапоўненае ў 1988-1989), «Русско-белорусского словаря» (выданне 2-е, перапрацаванае і дапоўненае, 1982), «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» ў 5 тамах (1977-1984) і інш.
        
         На беларускую мову пераклаў асобныя працы К. Маркса, Ф. Энгельса, У.І. Леніна, творы Дз. Фанвізіна, І. Крылова, А. Пушкіна, М. Гогаля, А. Астроўскага, А. Чэхава, У. Маякоўскага. А. Твардоўскага, Т. Шаўчэнкі і інш.
        
         Памёр 7 студзеня 1991 г. у Менску.
2009–2022. Беларусь, Менск.