Валянцін Таўлай нарадзіўся 26 студзеня (8 лютага) 1914 году ў горадзе Баранавічах у сям'і чыгуначніка. Дзяцінства прайшло ў вёсцы Рудаўка на Слонімшчыне. Навучаўся ў Слонімскай настаўніцкай сэмінарыі, зь якой у 1925 годзе быў выключаны за адмову запісацца палякам. У 1927 г. паступіў у Віленскую беларускую гімназію, а ў 1929 г. быў выключаны зь яе за ўдзел у вучнёўскім страйку. Ўлетку 1929 г. арыштаваны польскімі ўладамі за стварэньне камсамольскае групоўкі ў вёсцы, а ўвосені 1930 г. асуджаны на 2 гады зьняволеньня. У кастрычніку 1930 г. камуністычнае падпольле нелегальна пераправіла яго ў БССР.
Працаваў у Рэчыцы інструктарам райкаму камсамолу, ў газэце "Зьвязда", навучаўся ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце. Напрыканцы 1932 г. прыняты ў сябры Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі і адкліканы ЦК КПЗБ на падпольную працу ў Заходнюю Беларусь. Сябра цэнтральнай рэдакцыі КПЗБ (Варшава), супрацоўнік легальнага органу КПЗБ "Беларуская газэта" (Вільня), прадстаўнік ЦК КПЗБ у Цэнтры нацыянальна-вызваленчага руху Заходняй Беларусі. Адзін з арганізатараў Літаратурнага фронту сялянска-рабочых пісьменьнікаў (1933). У 1934 г. зноў арыштаваны і асуджаны да 8 гадоў вязьніцы. У верасьні 1939 г. вызвалены з гарадзенскай вязьніцы Чырвонай Арміяй. Працаваў у лідзкай раённай газэце "Уперад" (1939-1941). У гады Вялікай Айчыннай вайны быў сувязным партызанскага атраду імя Р.І.Катоўскага брыгады імя Ф.Э.Дзяржынскага Баранавіцкага злучэньня (1942-1944), разьведчыкам, кіраўніком наваградзкай агентурнай сеткі спэцгрупы "Буравесьнік" (студзень - ліпень 1944). У 1944-1945 гг. працаваў адказным сакратаром наваградзкай раённай газэты "Зьвязда", у 1945-1947 гг. - старшы навуковы супрацоўнік і намесьнік дырэктара Літаратурнага музэю Янкі Купалы.
Друкавацца пачаў у 1928 г. (газэта "Сіла працы", Вільня). Аўтар паэмы "Непераможная" (выдадзеная на шапірографе, Вільня, 1928), зборнікаў паэзіі "Выбранае" (1947), Выбраныя творы (1951, 1958), "Вершы і паэмы" (1955, 1979), "Творы" (1961), "Выбраныя вершы і паэмы" (1967), "Пілую вершам краты" (выбранае, 1984).
Пісаў літаратурна-крытычныя (пра творчасьць Я.Купалы, П.Пестрака, Я.Брыля) і публіцыстычныя артыкулы. Перакладаў на беларускую мову творы А.Міцкевіча, І.Крылова ды інш.
Памёр 27 чэрвеня 1947 году ў Менску.