Сьпяваці, і з часам, у добрую пору,
Выклікаць водклік у сонным сяле...
Ўсю Беларусь – неабнятну, як мора,
Ўбачыць у ясным, як сонца, сьвятле.
Янка Купала
Родныя вобразы
уваход      рэгiстрацыя
 
  ГАЛОЎНАЯ     МЯСЬЦІНЫ     ЖЫВАПІС     ДПМ     ВЕРШЫ     ЛІТАРАТУРА     МІФАЛОГІЯ     БІЯГРАФІІ     ФОРУМ     СПАСЫЛКІ  
пошук

  
 фота(4)
 вершы(21)
 літаратура(3)
 прагляд
Водгукі(0)
Людміла Рублеўская
Беларуская пісьменьніца, паэтка.
 
Годы жыцця: нар. у 1965
Месца нараджэння: Менск
Біаграфія: 

Людмiла Рублеўская нарадзiлася ў Менску ў 1965 годзе. Сярэдняй школы ня скончыла, пайшла ў архiтэктурна-будаўнiчы тэхнiкум на аддзяленьне архiтэктуры, пасьля сканчэньня якога два гады працавала на вытворчым аб'яднаньнi "Гарызонт" тэхнiкам-архiтэктарам, аздабляючы працоўныя iнтэр'еры. Паралельна пачала друкаваць вершы ў пэрыядычным друку i прыходзiць да беларушчыны пад уплывам Караткевiча, Багдановiча i ўласнага рамантызму.

У 1986-м годзе паступiла ў Лiтаратурны iнстытут iмя Горкага ў Маскве на аддзяленьне паэзii, адкуль вярнулася праз год ужо разам з мужам, паэтам Вiктарам Шнiпом i перавялася на беларускае аддзяленьне фiлфака БДУ.  

Працавала ў газэце "Наша слова", часопiсе "Першацвет", тыднёвiку "Лiтаратура i мастацтва". У "ЛiМе" займала пасаду рэдактара аддзела крытыкi i рэгулярна зьбiрала дыскусiйны клуб "За гарбатай", дзе сустракалiся беларускiя iнтэлектуалы.

Пасьля стварэньня холдынгу "Лiтаратура i мастацтва" адтуль сышла i прыняла прапанову працаваць лiтаратурным аглядальнiкам газэты "СБ-Беларусь сегодня". Была аўтарам сэрыi радыёперадач пад назвай "Дзеяслоў" на канале "Культура", у якiх расказвалася пра гiсторыю i сучаснасьць беларускае мовы.  

Кiруе суполкай маладых творцаў "Лiтаратурнае прадмесьце". Лаурэат прэмii часопiса "Дзеяслоў" "Залаты апостраф", за паралельны раман "Золата забытых магiлаў", дзеяньне ў якiм адбываецца ў часы паўстаньня Кастуся Калiноўскага i ў нашым часе.  

Усяго выйшла амаль два дзесяткi кнiг у розных жанрах - паэзiя, проза, драматычныя творы, эсэ, крытыка, творы для дзяцей, сярод якiх кнiжка казак "Прыгоды мышкi Пiк-Пiк" - спроба стварэньня сучаснай беларускай гарадской мiфалёгii (выдадзена на Беларусi i ў Польшчы). У празаiчным цыкле "Старасьвецкiя мiфы горада Б*" сiнтэзавала антычныя мiты i рэалii беларускага мястэчка 19 ст.  

Аўтар дасьледваньня "Беларускi мiф i яго трансфармацыя ў маладой паэзii 10-20-х i 80-90-х гг. ХХ ст.".  

Творы перакладалiся на дзясяткi моваў. Асобныя драматычныя творы ставiлiся на сцэнах беларускiх тэатраў, па драматычнай паэме "Апошняя з Алелькавiчаў" зьняты аднайменны вiдэафiльм (1999 г.)

Апошнiм часам займаецца тэмай рэпрэсiй 30-х гадоў, якой прысьвечаны шмат артыкулаў i раман "Забiць нягоднiка, альбо Гульня ў Альбарутэнiю", надрукаваны ў №№33-34 часопiса "Дзеяслоў".  

Сябар Саюза беларускiх пiсьменьнiкаў.


http://rubleuskaja.livejournal.com/


* * *


Кніжкі Людмілы Рублеўскай «Крокі па старых лесьвіцах» (1990)  і «Замак месячнага сяйва» (1992) адметныя зваротам да нашай гісторыі. Родны сьвет адкрываецца для паэткі як сьвет вялікай і багатай духоўнай спадчыны. Мінулае яе цікавіць у канкрэтных асобах і падзеях. Л. Рублеўская малюе вобразы беларускай гісторыі X-XX стагоддзяў: ад Аўфрасіньні Полацкай да Валянціна Таўлая. Паэтэса валодае раскаваным, глыбокім уяўленьнем, здольным аднаўляць гістарычны час у яго хвалюючым зьмесьце. («Аўфрасіньня», «1864», «Апошні беларускі князь» і інш.)

Дадаў PL 14.12.2009