РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Чырвоная кніга Беларусі
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Белавежскі зубр
 
Паходжаньне: Bison bonasus L., 1758
Атрад Парнакапытныя (Artiodactyla), сямейства Пустарогія (Bovidae)
 
Статус. V катэгорыя. Рэдкі від, які знаходзіцца ў стане аднаўлення ў асобных месцах ранейшага арэала. Занесены ў Чырвоныя кнігі МСАП і СССР [1].
 
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзіны від роду ў фауне Эўразіі. У пачатку 20 ст. быў прадстаўлены 2 падвідамі - эўрапейскім (B. bonasus bonasus) і каўказскім (B. bonasus caucasicus) [2]. Эўрапейскі падвід аднаўляецца шляхам развядзення захаваўшыхся ў заапарках жывёл, каўказскі - узнаўляецца гібрыдызацыяй B. bonasus x B. bonasus caucasicus [3].
 
Кароткае апісанне. Даўжыня цела да 3,5 м, вышыня ў карку да 1,85 м, маса самцоў 700-800, самак - 400-600 кг. Пярэдняя частка тулава масіўная, шыя кароткая, галава адносна невялікая з парай серпападобных рагоў. Поўсць бурая, зімой вельмі густая, на загрыўку, шыі і падбародку - доўгая.
 
Пашырэнне. У мінулым арэал зубра ахопліваў тэрыторыю Беларусі, Летувы, Украіны (без Крыма), Прыдоння і Вялікага Каўказа [4]. На пачатак 20 ст. захаваўся толькі ў Белавежскай пушчы і на Каўказе, але хутка быў знішчаны - у пушчы ў 1919 г., на Каўказе ў 1927 г. [5, 6]. Дзякуючы паспяховаму развядзенню і рассяленню ў 1985 г. зубры існавалі ў 19 месцах: у 5 з іх - белавежскія, у 14 - каўказска-белавежскія [1, 7]. У Беларусі зубры жывуць у Белавежскай пушчы, Бярэзінскім і Прыпяцкім запаведніках, Барысаўскім лясгасе. Вольныя статкі ёсць у пагранічных з Беларуссю раёнах Летувы, Украіны і Польшчы.
 
Месцы пражывання. Лісцевыя і мяшаныя лясы, якія перамяжоўваюцца з палянамі і поплавамі. У вясенне-летні перыяд зубры трымаюцца ў месцах з добра развітым разнатраўем; увосень, пры ўраджаі жалудоў канцэнтруюцца ў дубравах або ў хвойных і мяшаных лясах; зімой у асноўным паблізу падкормачных пунктаў [8, 9].
 
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. У 1985 г. ў свеце налічвалася больш за 2000 зуброў [7]. У пачатку 1990 г. у Беларусі жыло 290 зуброў, з іх у Белавежскай пушчы - 250, у Бярэзінскім запаведніку і Барысаўскім лясгасе - 29, у Прыпяцкім запаведніку - 11. У апошні час тэмпы росту колькасці белавежскай папуляцыі знізіліся. Сярэднегадавы прырост - 8,5%, у канцы 19 ст. - 10% [8-10, 12]. Магчымасці павелічэння колькасці белавежскага і барысаўскага статкаў абмежаваны.
 
Асноўныя абмежавальныя фактары. У мінулым асноўнай прычынай хуткага скарачэння арэала і колькасці зубра, а потым і яго знікнення з дзікай прыроды з’явілася спыненне ў перыяд войн зімняй падкормкі, эпізаотыі і прамое знішчэнне чалавекам [12, 13]. У цяперашні час - адсутнасць лясных прыродных комплексаў, якія маглі б забяспечыць усе жыццёвыя патрэбнасці зуброў. Нават у Белавежскай пушчы дабрабыт зуброў залежыць ад правядзення шырокамасштабных біятэхнічных мерапрыемстваў (5-6 месяцаў у год жывёл амаль поўнасцю забяспечваюць кормам). Зубр - від не сучаснай экалагічнай эпохі і яго існаванне ў Беларусі без дапамогі чалавека наўрад ці магчыма. Патэнцыяльна маладыя зубры могуць стаць ахвярай мядзведзя або ваўка. У мінулым наглядаўся паморак зуброў ад яшчура, сібірскай язвы і пастэрэлёзу [12, 13]. У апошнія 10 гадоў пачасціліся выпадкі страты зроку, а таксама хваробы рэпрадукцыйных органаў у самцоў [14]. Адзначаны выпадкі гібелі зуброў ад атручэння мінеральнымі ўгнаеннямі і ад браканьераў.
 
Асаблівасці біялогіі. Характэрны сямейна-групавы спосаб жыцця. Сярэднегадавы паказчык стаднасці ў Белавежскай папуляцыі - 15 асобін. Лідэрам статка з’яўляецца вопытная дарослая самка. Палаваспелыя самцы трымаюцца адасоблена, але зімой пры правядзенні падкормкі жывуць разам са статкам. Самкі ўступаюць у размнажэнне з 4 году жыцця, самцы з 6-7 гадоў. Гон у жніўні-верасні. Працягласць цечкі да 2 тыдняў. Цельнасць каля 9 месяцаў. Ацёл у траўні-чэрвені. Нараджаецца адно цяля. У Белавежскай пушчы да сярэдзіны 60-х гадоў у размнажэнні ўдзельнічала ў сярэднім 78% самак, у апошняе дзесяцігоддзе - 51%. Сярод цялят колькасць самцоў і самак прыблізна аднолькавая, а сярод дарослых пераважаюць самкі (2 самкі : 1,4 самца). Працягласць жыцця - 23-27 гадоў.
 
Развядзенне. Да 1924 г. ў заапарках розных краін Эўропы захавалася 45 зуброў, сярод якіх былі чыстакроўныя белавежскія, самец каўказскага падвіду і гібрыды. У 1929 г. ў Польшчы быў створаны першы гадавальнік па развядзенню чыстакроўных абарыгенных зуброў. У 1946 г. і пазней з Польшчы было атрымана племянное пагалоўе зуброў для развядзення ў Беларусі. Да 1964 г. зуброў у Белавежскай пушчы трымалі ў загарадзі, пазней - на волі. У розныя раёны нашай краіны і за мяжу з Белавежскай пушчы было вывезена 119 зуброў. У цяперашні час у краіне дзейнічае 3 гадавальнікі: у Прыокска-Цераскім і Окскім запаведніках, а таксама ў Летуве.
 
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Беларусі з 1946 г. У 1986 г. ў паўночнай частцы пушчы было створана 2 статкі зуброў агульнай колькасцю каля 60 асобін. Зубры расселены ў Бярэзінскі і Прыпяцкі запаведнікі. З 1981 г. зубр уключаны ў Чырвоную кнігу Беларусі.
 
Неабходныя меры аховы. Ацэнка генетычнага партрэта папуляцый, пашырэнне даследаванняў па эталогіі і хваробах зубра, дынаміцы, колькасці і максімальных памерах лакальных папуляцый і віду ў цэлым. Расшырэнне супрацоўніцтва з іншымі краінамі ў галіне абмену вытворнікамі, стварэння банка даных [15, 16, 17]. У Беларусі неабходна палепшыць утрыманне зуброў, стварыць 2-3 новых папуляцыі. У Белавежскай пушчы зубру неабходна надаць статус прыярытэтнага віду, а колькасць прамысловых капытных прывесці ў збалансаваны стан з ёмістасцю ўгоддзяў.
http://redbook.minpriroda.gov.by/animalsinfo.html?id=13
Крыніца:
2009–2018. Беларусь, Менск.