РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Чырвоная кніга Беларусі
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Звычайная палятуха
 
Паходжаньне: Pteromys volans L., 1758
Атрад Грызуны (Rodentia), сямейства Палятухі (Pteromyidae)
 
Статус. III катэгорыя. Рэдкі аселы від.
 
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзіны від роду ў фауне Беларусі.
 
Кароткае апісанне. Знешне палятуха падобна да вавёркі, але амаль у 2 разы меншая. Даўжыня цела 14-17 см, маса 100-120 г. Галава невялікая з кароткімі вушамі, якія ў адрозненне ад вавёркі пазбаўлены кутасікаў. Вочы вялікія, пукатыя, чорныя. Хвост пушысты. Пярэднія чатырохпальцыя канечнасці крыху карацейшыя за пяціпальцыя заднія. Кіпцюры кароткія загнутыя, вельмі ўчэпістыя. Па баках цела паміж заднімі і пярэднімі канечнасцямі знаходзіцца пакрытая поўсцю скураная складка, пры дапамозе якой звярок планіруе з дрэва на дрэва. Футра густое, мяккае, шаўкавістае; зімой зверху серабрыста-шэрае, зрэдку з цёмнай рабізной, летам - буравата-попельна-шэрае.
 
Пашырэнне. Насяляе лясную зону Эўразіі ад Карэліі да берагоў Ціхага акіяна, а таксама Паўночную Манголію, Паўночна-Ўсходні і Цэнтральны Кітай, востраў Хакайда ў Японіі, але ўсюды малаколькасны від. У Беларусі ў 19 ст. траплялася амаль паўсюдна [1]. У 1920-1940 гг. толькі ў Віцебскай і Магілеўскай абласцях [2]. У цяперашні час адзначана толькі ў Лёзненскім раёне [3].
 
Месцы пражывання. Мяшаныя і лісцевыя лясы з перастойнымі дуплаватымі дрэвамі. Ахвотна селіцца ў паплаўных лясах з наяўнасцю вольхі і асіны.
 
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Невялікая. Вядомы адзінкавыя знаходкі.
 
Асноўныя абмежавальныя фактары. Антрапагеннае ўздзеянне, высечка старых дуплаватых дрэў.
 
Асаблівасці біялогіі. Начны звярок. Селіцца ў дуплах дрэў і старых вавёрчыных гайнах. Шарападобныя гнёзды будуе з сухой травы, лішайнікаў, кары. У вясенне-летні перыяд самка прыносіць часцей адзін прыплод (2-4 дзіцяняці). Гон і спароўванне ў лютым-сакавіку і траўні-чэрвені. Голыя і сляпыя малыя, з добра развітай паміж пярэднімі і заднімі канечнасцямі перапонкай, з’яўляюцца ў сакавіку-красавіку і чэрвені-ліпені. Месяц самка корміць іх малаком. Ва ўзросце 6 тыдняў яны робяцца самастойнымі, але зімуюць разам з самкай. Корміцца лісцем, парасткамі, пупышкамі і насеннем дрэў і кустоў, ягадамі, грыбамі і нават насякомымі, зімой - каташкамі вольхі і бярозы, пупышкамі хваёвых парод. На зіму робіць невялікія запасы корму [4, 5].
 
Развядзенне. Звестак няма.
 
Прынятыя меры аховы. Адлоў і адстрэл у Беларусі забаронены [6].
 
Неабходныя меры аховы. Выяўленне новых месцаў пражывання і іх ахова, вывучэнне біялогіі і экалогіі віду, прапаганда аховы віду.
http://redbook.minpriroda.gov.by/animalsinfo.html?id=10
Крыніца:
2009–2022. Беларусь, Менск.