О любоў мая, Беларусь!
Над туманным начным стаўком
Пралятае самотная гусь,
Разразаючы люстра крылом...
Уладзімір Караткевіч
Родныя вобразы
уваход      рэгiстрацыя
 
  ГАЛОЎНАЯ     АРХАІЧНАСЬЦЬ     ЖЫВАПІС     ДПМ     ВЕРШЫ     ЛІТАРАТУРА     БІЯГРАФІІ     ФОРУМ     СПАСЫЛКІ  
пошук

  
Тлумачальны Слоўнік

ТРЫ ІМПРЭЗЫ З ПРАЦЯГАМ      К. Астражэвіч   01.10.2014         прагляд      фота(16)

Фотарэпартаж з прэзентацый “Анталогіі перакладаў расійскай рок-паэзіі” ў розных гарадах Беларусі


Як складаюцца няпростыя адносіны творчых людзей у супрацьлеглых  частках свету, як узнікае ўзаемасувязь розных, здавалася б, культур? У гэтых працэсах, стасунках, дзеяннях часам цяжка знайсці логіку, але яна ёсць.  

Напрыклад, прадмет сённяшняй размовы – пераклады. Не з экзатычнай мовы далёкага кантыненту на сучасную мову, распаўсюджаную па ўсім свеце. А нечакана – з адной на іншую мову вельмі блізкіх суседзяў, з расейскай на беларускую. Момант нечаканасці заключаецца яшчэ і ў тым, што быў закрануты незвычайны аспект – перакладаліся не проста вершы выпадковых аўтараў, а менавіта тэксты вядомых расейскіх рок-выканаўцаў.  

Пачалося ўсё з перакладаў Андрэя Макарэвіча. Тут якраз усё дастаткова проста: спадар Макарэвіч апошнім часам вельмі цікавіцца сваім беларускім паходжаннем па бацькоўскай і матчынай лініях. Таму і культурнае асяроддзе Беларусі спантанна адказвае цікавасцю да яго творчасці на ўзроўні, так бы мовіць, вышэйшых вібрацый.  

А вось якая логіка прывяла ў гэты шэраг Барыса Грэбеншчыкова, Віктара Цоя, Юрыя Шаўчука ды іншых (з Эдмундам Шклярскім іншае – яго продкі маюць польскае паходжанне)?  

Таямніцы тут няма: усе аўтары анталогіі з’яўляюцца тымі духоўнымі аўтарытэтамі, на творах якіх раслі ў свой час (калі яшчэ ўсе разам жылі ў адной краіне) іхныя перакладчыкі – людзі, творцы, асобы, якія на дадзены момант самі сталі актыўнымі дзеячамі ўласнай нацыянальнай культуры.  

У хуткім часе пасля публікацыіі ў часопісе “Дзеяслоў” у Мінску адбылася першая прэзентацыя анталогіі. Аншлаг у залі пацвердзіў увагу да гэтай ідэі мінскіх аматараў музыкі і літаратуры.


Фота 1. Афіша мерапрыемства.


Фота 2. Той самы “Дзеяслоў” № 69.


Фота 3. Анатоль Івашчанка адкрывае імпрэзу версіяй песні Віктара Цоя “Перемен” на беларускай мове.


Фота 4. Барыс Пятровіч (Сачанка), Старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў і галоўны рэдактар “Дзеяслова”, мае што сказаць пра анталогію.


Фота 5. Перакладзенае з Андрэя Макарэвіча спявае Юры Несцярэнка.


  

Фота 6. Арцём Сітнікаў заглыбляецца ў выкананне адной з кампазіцый БГ.


Фота 7 Незабыўныя хіты з рэпертуару “Акварыума” ў выкананні  Рамана Яраша і Віктара Сямашкі.


Фота 8. Канцэрт у Мінску запомніўся надзвычайнай цікавасцю публікі да праекта анталогіі.


Наступная прэзентацыя адбылася ў Магілёве. Шмат людзей адзначала пазней, што для магілеўчан, якія сочаць за працэсамі сучаснай беларускай культуры, гэта імпрэза стала адной з самых знакавых падзей за апошні час.  


Фота 9. Дзеяслоўцы разам з выканаўцамі на магілёўскай сцэне.


Фота 10.  Юры Несцярэнка гэтым разам прапанаваў для землякоў значна больш працяглую па часе праграму.


Наступная сустрэча адбылася ў Маладзечне, куды выправіліся ўдзельнікі папярэдніх прэзентацый.  


Фота 11. Уступнае слова ад Анатоля Івашчанкі для маладзечанскай публікі.


Фота 12. Маладзечанцы ўважліва сачылі за нечаканымі сюжэтнымі паваротамі дастаткова вялікай па часе праграмы.


Фота 13. Пранікнёнае выкананне грэбеншчыкоўскага рэпертуару -- Арцём Сітнікаў і Вікторыя Букоўская.


Фота 14. Раман Яраш у якасці мульціінструменталіста выконвае свой блок перакладаў.


Фота 15. Меў месца нават імправізаваны джэм (на здымку Анатоль Івашчанка і Раман Яраш у працэсе імправізацыі)


Фота 16. Аўтограф на памяць ад удзельнікаў канцэрта.  


Напрыканцы застаецца толькі сказаць -- справа анталогіі не спыняецца: з’явіліся новыя людзі, якія спрабуюць асэнсаваць творчасць шмат якіх легендарных рок-музыкантаў у кантэксце беларускай мовы. Ідуць перамовы наконт арганізацыі прэзентацый у некалькіх гарадах. Таму з нецярпеннем чакаем працягу падзей.  



Матэрыял падрыхтаваў К. Астражэвіч

Фота Алены Казловай (1-8), Вольгі Касабуцкай (9-10), Вікторыі Ляйкоўскай (11-16).  

1 кастрычніка 2014 г.

Адзнакi: 0/0 Водгукі(0)
Дадаў PL 01.10.2014