Сядзелі на прызбе, кланілі к сабе галовы, як дзве высахшыя макаўкі пад сільным ветрам, і вялі гарачую гутарку.
— Дзякуй, Сымонка, дзякуй, што адведаў ты мяне хаця перад смерцю. Рад, вельмі рад, — скрыпеў сухім голасам Сцяпан. — Гляджу на цябе і не веру сваім вачам — ці гэта ты, ці не ты?
— Мо і не я, — смяяўся Сымон, — пастукай! Толькі паволі, бо я цяпер шкляны, гы-гы!
— Смех смехам, а кусок часу. То ж мы з табой і не бачыліся з тае пары, як я купіў у Меера рабую карову і як прытрапілася, помніш?.. тое...
— Як не помніць? — помню.
— А знаеш, удалая была жывіна, словам не сказаць, — і ўежна, і да зімы ўладна, і на цяляты, проста гад — не карова...
Пыхаў Сымон люльку, напіхаючы тытунь, і падрыгваў выблекаванымі вачыма.
— Да таго часу, ваша, камень пакаці, то пакрышыцца. А што казаць пра скаціну! Яно ж нежанатыя былі тады?
— Гавары мацней, не чую! — наставіў вуха Сцяпан.
— Нежанатыя былі! Дзецюкі, як дубы, аж народ аглядаўся. А цяпер што? — трухло! Вунь унуку майму трэцяму гэты год на лёсы.
— Ці ж гэта так даўно? — Падняў з задзіву Сцяпан навісшыя бровы.— А я думаў, гадоў пятнаццаць.
— Павысахлі рэчкі... хо-хо! — кепкуе бяззубым ротам Сымон, — пят-нац-цаць, дрэнна, дрэнна, ваша, лічыш! — Б'е па плячы старога.— А як мяркуеш па нас, будзе ўжо па трынаццаць? Бо я думаю, што не! Глядзі, толькі, толькі зубы выразаюцца. — Паказвае бяззубы рот.
Ускалыхнуўся вецер на сухіх галінках, быццам смерць сміганула лёгкім ценем па ліцах старцаў.
— РР№, Сцяпане, Сцяпане, старыя РјС‹ ўжо РїРЅС–! РђРґРЅРѕСЋ палавінай РЅР° гэтым баку, РґСЂСѓРіРѕСЋ РЅР° тым. Фю! Жыццё, СЏРє тая РјСѓС…Р°, Р±Р·Р·Р·! С– праляцела, — пстрыкае пальцамі Сымон Сѓ паветры.
— Так, так, яно-то так, праляцела, — годзіцца Сцяпан, — але як аглянешся назад, як падумаеш ды прыпомніш тыя магілы, насыпаны сваімі рукамі, на слезы выліт... каху-каху! — папярхнуўшыся горкім словам, кашляе. — Ось, спытай суседа і сведку аб пройдзенай дарозе, — паказвае скурчаным пальцам на крыж пры варотах, — усіх маленькіх пахаваў, усіх аплакаў. Не пашкадавалі, родненькія, мяне... старога, не пашкадавалі! — адно за адным, адно за адным, як пацерачкі, пакаціліся. — Згарнуўся ў кручок і кідаў жаласную скаргу ў вочы распяцця. — Ну, — заківаў галавою, — яго святая воля! Вечнае адпачыванне!..
А крыж — старавіна замшалы — ліцом глядзеў на абодвух і думаў сваю думу... Разам, пэўне, са Сцяпанам свой век скараталі, разам старэлі і горбіліся. Мо не адна бура над іх галовамі шумела, не адзін гром у іх сэрца мераў, а яны ціха смутак сабе павяралі. Нат і паходзілі адзін на аднаго: абодва шэрыя, сухія, замкнутыя ў сабе, панура глядзелі ў зямлю.
— Праз крыж твой і мукі, — выбач ім, Пане! — кончыў сваю малітву Сцяпан і ўжо крыху спакайнейшым голасам вёў далей гутарку:
— Жывём цяпер толькі ўдвух. Вось сяджу часам на прызбе і думаю: ану, хто каго перастаіць? Хацеў, было, падперці, але, як ужо на тое пайшло, — паглядзімо, хто каго: ці я яго, ці ён мяне? Равеснікі ж, бачыш, Сымоне, і мы з ім. Шчэ бацька мой нябожчык паставіў, якраз у той год, як я меў нарадзіцца.
І тут Сцяпан папраўляецца, сядае добра, бярэ Сымона за рукі, як ён прывык рабіць з кожным свежым чалавекам, і пачынае свой сказ, мо ўжо тысячу раз пераказаны ім у жыцці.
— Бацькі мае былі гаспадары, але дзеці ў іх не гадаваліся. Народзіцца худое, зялёнае, гадоў два-тры пакавэнчыцца ды памрэ. Перапрабавалі ўсяго чыста. Хто чаго не парадзіў: лекі, знахары, шаптухі, а скутку ні на шэлег. Знаку — ні той божа. Ходзіць гэта мая матка са мною, восьмым ці дзевятым, а пошасць, — знакам тым халера, — косіць народ, што ні радачкі. Хмарай ідзе па ўсёй старане. Людзі не згадаюць, што і рабіць: абворваюць вёскі, моляцца, на афяры даюць, крыжы ставяць. А матка гэта мая і кажа да бацькі: «Чалавечку, пастаўма і мы крыж, жывучы на аднаселлі... Мо і нас бог укрые ад заразы, а мо і дзеткі стануць гадавацца! Пасля яна-то спамінала, што быццам крыж агністы мільгануў ёй перад вачыма. Парадзіліся, пагаварылі ды паставілі злева ля варот. Праз колькі тыдняў я і нарадзіўся, — хлопец не хлопец, а цвік! так, такі дзіця-каўбук. Бабка стала купаць, зірк — і рукі адняліся... На правай лапатцы ў дзіцяці, знакам тым у мяне, чырвоны крыж, так, такі крыж — радзімы знак. Суседзі на здзіў дзівіліся: адны варажылі шчасце дзіцяці, другія — наадварот. Хе-хе-хе! значыць, прыйшоў на свет божы ўжо з крыжам. А после калі пасыпаліся — так толькі крыжы, крыжы па ўсёй скуры... А душа шчымам шчыміць. Бацькі з пажару не выйшлі, няшчасце з жонкай, астрог, калецтва, а после — як пацерачкі, — да апошняга...
Сціснуў галаву касцістымі рукамі і горка плакаў. Сівое валоссе сіратліва касмыкамі разносіў вецер. Дзеравяныя кулі пры нагах мёртва качаліся ад сударажнага плачу.
— Сцяпане! — крэпка надумаўшыся, азваўся Сымон.— Чуў, шмат чуў ад людзей пра тваё адзіноцтва, але што зробіш, жыццё трасе чалавекам... ой, рэчкі павысахлі... так трасе, так трасе, як вецер лісцем на дзераве! А мы з табою, Сцяпане, праўду сказаць, асеннія лісты, патрасе шчэ крыху намі, патрасе, і адпадзем! О-ё-ён! рэчкі павысахлі... бззз! і праляцела... А вазьмі хоць мяне: і жонка жыве, і дзяцей маю, і не калека. А дабра, што плюнуць. Палын кіпіць у грудзі, гаркаценне цераз берагі... — паказвае на сэрца. — Выгналі бацьку на старасць — і жабруе. Ох, рэчкі павысахлі... А што зробіш? Мусіць, там было так напісана... — Глядзіць, як гусак, адным вокам у неба.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Асенняе неба і хмарна і зімна... не адкажа вам, пажоўклыя лісточкі. Вецер толькі закалыша і знікне. Адзін звон мо па вас заплача шчыра, а зямля-маці прытуліць спрацаваныя косці. Елка або бяроза пусціць карэнне ў вашы збалелыя сэрцы, выцягне з іх усю горыч і вынесе ў вясёлай зелені суроваму свету... канец мукі.