РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Помнік ад дэмакратыі
...
        Дзяржава была дэмакратычнай, дэмакратычным было грамадзтва. Культура, безумоўна, таксама будавалася дэмакратычная. Таталітарызм, хоць і нядаўна, але ўвесь сышоў у нябыт, пакінуўшы па сабе благую памяць. Людзтва рупілася пазбыцца яго надта ж нехуцавых наступстваў. Трэба было панішчыць яго нядобрую спадчыну і ўмацаваць дэмакратыю. Найперш было вырашана паставіць помнік Песьняру.
        Пясьняр, безумоўна, быў дэмакратам (як і належала песьняру-патрыёту). Антыдэмакратычны рэжым ня раз кідаў яго ў турму, ягоныя творы не друкаваліся, а песьні не выконваліся. Улады абвесьцілі конкурс на найлепшы праект помніка, і ў конкурсе маглі ўдзельнічаць усе майстры, хто толькі хацеў. Абмяркоўваць таксама мог кожны. Праекты помнікаў былі выстаўленыя для агляду ў гарадзкім парку. Выбіралі дзень цэлы, і толькі пад вечар грамада спынілася на адным. То быў самы вялікі гіпсавы пясьняр. Некаторыя, праўда, хацелі сярэдніх памераў, але ім дружна запярэчылі, і тыя ўрэшце пагадзіліся. Усё ж памер — не апошні з крытэрыяў у грамадзтве, дзе іх і так было небагата. Той самы выбар зрабіла і афіцыйная камісія, складзеная з прадстаўнікоў уладаў і розных слаёў насельніцтва.
        Далей ішло абмеркаваньне дэталяў. Амаль усе былі перакананыя, што адна галава добра, а шмат галоў — лепей. Скульптар, праўда, пярэчыў, але яму напомнілі, што той мае толькі адну галаву і дзьве рукі. А тут, калі пачалі галасаваць, паднялося мноства рук — значыцца, праўда была на іхнім баку. Таму прайшла яшчэ адна прапанова (дарэчы, сьвятара), каб Пясьняр быў не ў капелюшы, а зь непакрытай галавой. Да чалавека зь непакрытай галавой усё ж болей павагі, асабліва калі ён хрысьціянін. Але як быць з капелюшом? Ня кідаць жа яго долу, калі ён зроблены. Тады хтось прапанаваў: а хай ён трымае яго ў руцэ. Так і зрабілі. А яшчэ лепш, калі будзе трымаць не капялюш, а кепку. Скульптар лаяўся, але перарабіў. Тым болей што ў ранейшыя часы ён гэтых кепак нарабіў нямала, меў пэўны досьвед. Але тады падняўся адзін прадстаўнік вытворчага калектыву, які давёў, што кургузая куртачка — неяк непачціва для паважанага працаўніка культуры, якія ў свой час усе насілі паліто. Трохі паспрачаліся і вырашылі апрануць Песьняра ў паліто. Добрае паліто, нібы з драпу, шырокае ў плячох. Тым болей што адкрыцьцё помніка зацягнулася, настала восень. Ну, а калі восень, дык хутка і зіма, не стаяць жа чалавеку ў гамашыках на марозе, трэба яго абуць у... валёнкі! — прапанаваў самы здагадлівы. Скульптар пазелянеў ад злосьці ды роспачы. Але ўсё ж часы былі не таталітарныя, урэшце ўлічылі і думку скульптара, вырашыўшы абуць Песьняра ў боты. Калі на тоўстай падэшве, дык зусім будзе выглядаць няблага. Бы вайсковец! — узрадаваўся прысутны тут адстаўны палкоўнік. Матэрыял (бронза) дазваляе тое зрабіць грунтоўна, пагадзіўся і прафсаюзны прадстаўнік мэталюргічнага заводу. I помніку добра, і заводу рэкляма.
        Галоўнае было абмеркавана і вырашана — што значыць калектыўны розум сталых, вопытных людзей, сапраўдных прадстаўнікоў дэмакратычнай грамадзкасьці. Невялікая меншасьць прысутных, праўда, была іншае думкі, але іх хутка пераканалі. Гэта раней такія справы вырашаліся індывідуальна, з гледзішча скульптара. А ў час разьвітой дэмакратыі ў тым мае права ўдзельнічаць усё грамадзтва. Тым болей калі гаворка ідзе пра ўшанаваньне памяці такога слыннага сына Бацькаўшчыны, як Пясьняр. I скульптар моўчкі пагадзіўся, бо меў патрэбу ў грашах і ня меў кватэры. 3 грашыма, вядома, сталася напруга, грошай не хапіла. Зьвярнуліся да спонсараў, далі ў друк адмысловы рахунак у банку. Ды марна. Чакалі два месяцы — ніводнай капейкі на той рахунак не паступіла.
        Тым часам мінула і зіма, надарылася вясна. Прыгрэла сонца, па канавах пацяклі ручаі. Хтосьці з камісіі прыкмеціў, што Пясьняр будзе недарэчна выглядаць пад сонцам у сваім бронзавым паліто, нібы ў кажуху. Каб як паправіць тое, сказалі скульптару. Той у чарговы раз мацюгнуўся, але тут жа і паправіў — уціснуў “кажух” у таліі, Пясьняр ад таго зрабіўся страйнейшы і вышэйшы, бы памаладзеў, ці што. Тое дужа спадабалася камісіі і нават самому аўтару скульптуры. Праўда, трохі нагадвала шынелак, але тое нікога асабліва не заклапоціла — ці мала постацяў у шынялях стаяла на плошчах і раздарожжах ды нікога не турбавала.
        Як дайшла справа да ўсталяваньня помніка, давялося крыху паспрачацца наконт месца. Месца ўвогуле было вядомае — плошча перад былым выканкамам, дзе некалі стаяў пафарбаваны пад бронзу Ільліч. Ільліча гадоў колькі таму зьнялі аўтакранам, а гранітны п’едэстал застаўся — казалі, не хапіла магутнасьці крану. Але разумнейшыя намякалі: на ўсякі выпадак (усе разумелі, які). I праўда, во прыдаўся.
        Пры вялікай урачыстасьці, з аркестрам і прамовамі ад уладаў і грамадзкасьці адчынялі помнік слыннаму Песьняру. Народ пляскаў у ладкі, апазыцыя сьпявала “Пагоню”. Ззаду да натоўпу падышлі старыя — дзядок і бабка. Бабка перахрысьцілася і кажа:
        — Слава табе, Божа, ня думала, што дажыву...
        — Да чаго дажывеш? — папытаўся дзядок.
        — Ну, што вернуць... Леніна.
        — Які табе Ленін! Хіба Ленін у шынялі стаяў? То — Сталін.
        Да іх падышоў трохі маладзейшы, зь сівой чупрынай на галаве. Вайсковую фуражку зь сінім аколышам зважліва трымаў у руцэ.
        — Памыляецеся, шаноўныя. То — таварыш Дзяржынскі.
        — Во як! — у адзін голас зьдзіўлена мовілі дзед і бабка. — А мы думалі...
        Невядома як зблізку, а здалёку і праўда тая бронзавая постаць дужа нагадвала ўсіх трох названых. Калі ня ў цэлым, дык па дэталях пэўна.
        Начальства і грамадзкасьць, што стоўпілася паблізу пастамэнту, мабыць, нічога з таго не прыкмячала і не здагадвалася. Затое народ усё бачыў.
        Хоць кожны бачыў, што хацеў бачыць.

Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2017. Беларусь, Менск.