РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Пасланьне грэшніка Васіля да яго расейскіх праведнікаў
1
        Так здарылася, што я апынуўся далёка ад Беларусі, далёка ад Расеі. Я тут - сам па сабе, меней арганізаваны пісьменьнік. Але я - пакуль грамадзянін і спадзяюся ім застацца. Хоць, як паказвае досьвед, чым далей, тым больш усё гэта няпроста.
        Па-першае - аб'яднаньне. Сапраўды, Эўропа аб'ядноўваецца (агульны рынак), Штаты даўно аб'яднаныя. Расея прагне супольнасьці з кім заўгодна, бо пакутуюць яе імпэрскія амбіцыі, ды няма з кім рабіць ракеты. Нашы дарэшты сумесныя спэцслужбы ніколі і не разьядноўваліся. А пісьменьнікі не жадаюць. Прынамсі, беларускія пісьменьнікі.
        А можа, і не трэба?
        Усё ж, калі разабрацца, - гэта не яны не жадаюць, гэта іх гены крычаць: "Супраць!" Бо ўжо гэтулькі набылісь аб'яднанымі, ды так цесна, што і дыхаць ужо няма чым. Нават зараз, разьбегшыся па ненавісных "самастыйных" кватэрах, усё не могуць надыхацца. І некаторыя з вас, паважаных нашых і дарагіх грамадзян, патрыётаў і гуманістаў, тэлефануюць, езьдзяць, угаворваюць: "Давайце аб'яднаемся! Няўжо вы супраць нас? Супраць вялікай Расеі? Яе векавой культуры? Яе высокашаноўнай у міры літаратуры? Або не паважаеце нас пэрсанальна як дэмакратаў і гуманістаў?"
        Мы не супраць вас! Нават наадварот. Вельмі магчыма, што мы - больш за вас, чым вы самі. Але мы і за сябе таксама. Вось у чым загвоздка. Мы вас паважаем, шануем і кахаем, але вы ж не багі. Паглядзіце, хто стаіць за вашымі сьпінамі, хто дыхае вам у патыліцу? Не ўсе тыя ж, хто дыхаў пры жыцьці ў патыліцу незабыўнага аўтара гэтай страшнаватай мэтафары? Адзін з такіх задыхлівых злачынцаў ужо апынуўся за заморскай рашоткай. Але няўжо ён апошні? І ў вас, і ў нас.
        Чэшская прыказка кажа: не запускай млын, калі няма сілы яго спыніць. Няўжо вы валодаеце такой сілай? Мы пакуль што - не. Таму мы і не хочам надзець агульны хамут, які заўсёды хамут - артэльны або пэрсанальны.
        Так не рызыкуйце нашай і вашай любоўю, не цягнеце нас зноў у ярмо. У артэльным ярме мы ўжо набыліся больш за сямдзесят год. І больш не жадаем. Мы, як і вы, з радасьцю разьняволіліся. Што з гэтага выйдзе - хто ведае, можа, нават будзе і дрэнна. Але не намі сказана: лепш памерці стоячы, чым жыць на каленах. А калі мы жадаем яшчэ і што-небудзь напісаць? Нам шматлікае трэба напісаць, бо шмат часу мы прабылі нямымі й не пісалі - змагаліся. За і супраць - з ворагамі, суседзямі, самі з сабой. Калі напішам, тады паглядзім, можа, і аб'яднаемся. З вамі, з Эўропай, Амэрыкай і ўсім сьветам. Але ў першую чаргу - зь ісьцінай. Дарэчы, чаго і вам жадаем.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.