РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Калека
 
Гутарка зь мінулага часу
...

 
 
I

 
 
– Што з табою, браце мілы?
Чаму хмуран ты не ў меру?
Дзяцюк гэткі повен сілы!
Як тут даць, здаецца, веру?
 
Адной радасьці, вясельля
Быць павінны поўны грудзі,
Ты ж, як зьбіты, як з пахмельля...
Ну, і людзі, што за людзі?
 
А мо ёсьць на то прычына –
Ўсё сваю прычыну мае:
Ты дзяцюк, а вунь дзяўчына,
Во адно ўжо і ўздыхае.
 
Ну, ўздыхайце сабе самі,
Рад і я вам падцінаці;
Можа, траплю дзе часамі
І па сэрцу табе, браце.
        

 
 
II

 
 
– Пачну думу ад пачатку:
Жыў я змалку ў вёсцы з краю;
Мала помню родну хатку,
А ўсё ж міла ўспамінаю.
 
Быўшы дзіцем, быў рахманым,
Бацькі, маці быў пацехай,
Плач нядолі не быў знаным,
Колькі гуляў, колькі сьмеху!
 
Не заводзіў ні чым думак, –
Трэба ў школу – ў чым тут стала?
Сып, узяўшы кніжак клумак,
Адно жаль – знаў іх замала.
 
Першы год ганяў я ў поле:
Умірае бацька, маці, –
Вось і стала сьвету болей
Сіратою адной, браце.
        

 
 
III

 
 
– Ці вы знаеце, што знача
Сіратою быць на сьвеце?
Хмарка плача, вецер плача,
Як такога дзе прымеціць.
 
Можа, скажаце таксама:
Людзі літасьць над ім маюць;
Не такая, людзі, крама,
Ў якой людскасьць аглядаюць.
 
Адным цягам год за годам
Шлі цярніста, шлі крывава,
Зь мі моладасьць зь нягодай,
Як асеньняя няслава.
 
Не раз труд было заснуці;
Сьвет хацеў бы ў жменю ўзяці
І, як вецьвем, страсануці...
Так было мне цяжка, браце.
        

 
 
IV

 
 
– Як памерлі бацька, маці,
З хаты выгналі за браму,
Жыць прыйшлось доляй бадзяцкай,
Няма што, пайшоў да пана.
 
Далі там агрызак хлеба,
Далі колькі марных грошы;
Што, здаецца, болей трэба?
Будзь слухмяны, будзь харошым!
 
Здасца можа – добра гэтак,
А дзе ж кут свой, а дзе воля?
Панскі дом, страва, адзетак
Душы, сэрца не здаволіць.
 
Не быць выгнаным надзея
Не загосьце ў чужой хаце;
Месяц сьвеціць, ды не грэе,
Служба службаю, мой браце.
        

 
 
V

 
 
Скокам-бокам, напаўз горам
Насьпеў годзік і дваццаты.
Быў хлапцом – сказаць не сорам!
Бач, пазвалі у салдаты.
 
I пайшоў я – няма дуру –
Паспытаць ваеннай кашы;
I што скажаш? – прыйшоў з скурай,
I там людзі, і там нашы.
 
На муштроўку шоў у зьміру,
Вайну ўзьнялі – туды глянуў;
Праслужыў гадкоў чатыры
I вярнуўся... куды? – к пану.
 
Прынёс крыжык – памяць з бою,
Ды яго ж я, о пракляцьце!
Аплаціў адной рукою...
Эх, каб ім... Падумай, браце!..
        

 
 
VI

 
 
– Аднарукі, аднарукі!
Гэтак дома ўсе казалі,
Многа меў нуды, дакукі,
Яшчэ горай стала далей.
 
Што рабіці, трэба жыці, –
Стаў у двор за лесьніка я,
А служыці, дык служыці,
Мабыць, доля ужо такая.
 
Вось з наказу раз пайшоў я
Вартаваць у лес павалы,
Ноч была, на безгалоўе
Бура выла, лес ламала.
 
I вось хвойка грук! I сукам
Нагу крыша, не паўстаці,
Бура глушыць енк мой гукам.
А там далей, эх, мой браце!..
        

 
 
VII

 
 
Што было, і сам не помню,
Год пралежаў у бальніцы,
На сьвет выйшаў, хто ж уломню
Дасьць і хлеба, і вадзіцы.
 
I паплёўся я з пакорай
Туды, дзе такім дарога,
Дзе адно сабрана гора, –
Ў жабракі пайшоў з трывогай.
 
Дзіўна вам, што часам з нудаў
Заглядаю у карчомку...
Людзі, людзі! Іншым буду –
Адчапіце мне хатомку.
 
Вы – шчасьлівы, з доляй яснай –
I то рады пагуляці,
А я ж, я – жабрак няшчасны...
Эх, не крыўдзь насьмешкай, браце.
        

 
 
VIII

 
 
– Глянь во з жалем – я калека,
Аднарукі, аднаногі,
Беспрытульнасьці апека
Ацямніла ўсе дарогі.
 
Дум гаротных колькі, колькі!
Хто зьлічыць, апець іх можа?
Каму ўцям чужыя болькі,
Хто бядзе чужой паможа?
 
Быў здароў, быў дуж і молад,
Ніпачым саха, сякера,
Што там значыў холад, голад,
Крэпка сіла, крэпка вера!
 
Дзе ж ты, вера, дзе ты, сіла?
На каго мне наракаці?
Эй, падмігівай, магіла!
Ты ж не злуйся, мілы браце.
        

 
 
IX

 
 
– Кастыль, торба, кій жабрачы
Маім пашпартам, адзнакай,
Было кепска, ўсё ж іначай
Над сваёй нядоляй плакаў.
 
Як і ўсе, і я меў сэрца,
Быў час – дзеўчынку нагледзеў;
Пасьля ж, пасьля ў паняверцы
I дзяўчынка зьнікла недзе.
 
Як апаленае дрэва
Пастухамі ў полі роўным,
Адзінока хмар павеваў
Жду век з сэрцам неспакойным.
 
Памру. Хіба крук над трупам
Хаўтуры будзе спраўляці,
Дый ноч гляне вокам рупным...
Эх, хоць ты успомні, браце.
        

 
 
X

 
 
Глянь душой, дзе, ў чым няшчасьце,
З твайго ж сьмех мне нараканьня, –
Зь віхраў зімніх не прапасьці, –
Рухне стужа, вясна ўстане.
 
Ў сьвет глядзі з надзеяй, дружа, –
Вера ў шчасьце не зашкодзіць;
Не ўсім доля роўна служа,
Не ўсіх колкай сьцежкай водзіць.
 
Хоць нож крыўды ўесца ў грудзі,
Хоць нуды сьляпое жала
Кроў смактаці зь цябе будзе, –
Стой за праўду, стой як скала.
 
Людзі... Што ж? хто не калекам,
Аб іх можна і не дбаці,
Будзь сам толькі чалавекам,
Будзь... Ей, будзь здароў, мой браце!
        

 
 
XI

 
 
Мне пара ужо зьбірацца...
Ох, сказаць хацеў дадому...
Мне пара ўжо з хаткі к хатцы
Хлеб ісьці зьбіраць па-свойму.
 
Гаварыці перад кажнай
Псалмы, пацеры, літаньні,
дбрыдаціся адважна,
Яксабакадзе прыстане.
 
Мо так выжабрую недзе
Куток ціхі дажыць веку,
Мукі хтось калекі ўгледзе,
Не дасьць згінуць чалавеку.
 
Прыйдзе зьмена мо на сьвеце,
Не дасьць бедным бедаваці,
Будзем жыць, і жыць хацеці,
I пець весела, мой браце.
        

 
 
XII

 
 
Гэтак правіў у карчомцы
Раз убогі, Куксай званы,
Мала меў чаго ў хатомцы
I быў так не зусім п’яны.
 
Яго слухалі цікава,
Праўды шмат ад яго чулі.
Кожны бачыў, як крывава
Можа доля справіць гулі.
 
Зь дзесяць год таму па дровы
Ехаў неяк я зімою,
Мала грэў і кажух новы,
Трос, як лістам, сівер мною.
 
Еду... Дзе крыж ля дарогі,
Штось відаць, як хто лёг спаці,
Глянуў.. Мёртвы Кукса ўбогі...
Так жыцьцё ён скончыў, браце.

Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2017. Беларусь, Менск.