РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Куфар
...
Быў час ў маім Краю
сягоньня туманны,
аднесены хваляй,
час прадзены, тканы.
 
Працоўныя рукі
каханай матулі
усіх накармілі,
усіх апранулі.
 
Ад лёну зярняці
да белых палотнаў
паслала, спрала,
паткала ахвотна.
 
Ня проста, ня роўна,
а ўсё пераборам,
пад колер краіны
цудоўным узорам.
 
О сэрца матулі,
жывая крыніца,
дазволь мне сягоньня
ля куфра спыніцца.
 
Над працай тваёй
у паклоне сагнуцца,
ўспамінам мазольнай
рукі дакрануцца.
 
За тое, што нас ты
вякі апранала,
за тое, што лёгка
табе не бывала.
        
*

Шырокі, высокі, акованы куфар,
малёваны вокал, з клямкаю са сталі,
ня стыдна б такому і на панскі хутар.
Куфар незамкнёны, бо у нас ня кралі.
Загарнула бабка посьцілку удвое
і нядужай века падняла рукою.
У пахучым куфры важна ўсё ляжала,
што сама бабуля працай рук прыдбала.
Быццам водар з поля пранясло ля хаты –
так запахла лугам, чабаром і мятай.
        
*

Ах, ляны, ляны – залатыя сны,
белы кужаль – цьвет вішнёвы
на грудзёх вясны.
Ля маёй мяжы век бы ім цьвісьці:
поўны куфар тканай белі –
замуж можна йсьці.
 
Сінія ляны, зіхацяць яны.
Ў бурны Нёман на сьвітаньні
выплылі чаўны.
Наперадзе той, каго Пётрам зваць.
Мне бы сёньня на красёнках
сонейка снаваць...
 
Адцьвілі ляны.
                                  Восень, туманы...
Буду церці кволы лён мой,
прасьці да вясны.
Буду віць, снаваць, досьвіткамі ткаць,
вечарамі прыйдзе Пётра
песьняй памагаць.
        
*

Палатна сувоі белыя, льняныя,
стаяць, нібы сваі цёсаныя тыя,
спрадзеныя тонка, вытканыя туга,
выбеліў іх травень сонейкам і лугам.
Вечарамі колькі трэба было прасьці,
колькі ткаць, бяліці, пакуль ў куфар скласьці.
        
*

Бела навокал, аж вочы баляць,
вішні лунаюць ля плота,
белы ўвесь сад, беляхціць сенажаць –
то сонейка беліць палотны.
 
Белыя косы, бялявы хлапец
каля дзяўчат завіхнуўся,
зь песьняю выйшлі дзень белы сустрэць
белыя, белыя, русыя.
        
*

Сьцежкамі у полі ўздоўж дарожных даляў
вышытыя розна ручнікі ляжалі,
белыя, даўгія – гэтак ў час мяцелі
студзень каля хатаў чысты сьнег пасьцеле.
А на іх рукою вышыты жаночай
сінія валошкі з макамі ў вяночак,
галубок і пеўнік, ягады каліны,
нагаткі, рамонкі, гожыя юргіні.
Па канцах карункі тонкім павуценьнем
альбо пераплётам фрэндзьлі зіхацелі.
Ў покуці павесіць, на абраз у хату,
альбо перакінуць цераз плечы свату
ручніка такога не ўстыдно дзяўчыне,
знача з працавітых, калі поўна скрыня,
няхай паглядаюць і сваты, і госьці –
колькі вышыванай, любай прыгажосьці.
        
*

Пальцам няцяжка нітачку віць,
долю з праменных валокнаў,
нітачка ўецца, песьня ляціць,
зоры калыша звонку.
Дзеўцы няцяжка кросенцы ткаць,
ўзор вышываці ня сумна,
на ніцях, на струнах чаўночкі мігцяць,
за імі снуюцца думы...
        
*

Белыя кашулі, рукавы ў заборы,
пазуха скрозь-наскразь вышыта узорам
чорным і чырвоным, ў васілёчкі – сінім,
роўненька пры боку зложаныя ў скрыні.
Некалькі настольніц з найтанчэйшай пражы,
а у кожнай колер і узор інакшы!
Вось бліскучы, ў восем нічальніц, шырокі
і другі, ў чатыры, з фрэндзьлямі навокал,
той зь льняной карункай, мяккі, бы шаўковы,
той утком суровым на другой аснове...
Вось, здаецца б, выняў, на сталы паслаў бы
і гасьцей жаданых пасадзіў на лавы,
пірагі паставіў, частаваў бы мёдам,
ганарыўся працай і харошым родам.
        
*

Дываноў жа столькі,
ўсе па лёне воўнай.
Глянеш – як на ніве:
зелена, чароўна.
 
Тканыя ў гурочкі
ў нічальніц чатэры
васількамі тымі
па аснове шэрай.
 
То узорам чорным
па утку зялёным,
то па белым – сінім,
бы расой замглёным,
 
то ў вянкі, ў алені
нейк перабірана,
быццам не рукамі,
а машынай ткана.
 
То з адное воўны
дываны на сані.
Ярыя, як вішні,
кутасы зьвісаюць.
        
*

Дываны – луг квяцісты ў руках,
мары дзіўныя, ўтканыя ў ніці,
каляровы дзявочы пасаг,
промень шчасьця з жыцьцёвай крыніцы.
 
Кветак сьпеў, чорнай долі на злосьць,
кліч тугі, апяяны узорам.
Дываны – маладосьць, прыгажосьць,
гоман сэрца жывы і задорны.
 
Калі ходзе дзяўчына, як мак,
калі хата цьвіце дыванамі,
не мяняўся б ніводзін юнак
сваёй доляю нават з панамі!
        
*

А хустак, як макаў!
Розных шаляновак
зь дзён яшчэ дзявочых,
сініх і бурдовых.
 
Цёмныя – у цэркву,
калі пост надыдзе.
Ясныя, як сонца, –
тыя на Вялікдзень.
 
У кветкі, юргіні,
каласы і зелень.
Тыя – йсьці ў гасьціну,
тыя – на нядзелю.
 
Ясны шоўк – на сьвята,
а паркаль – на будзень.
Ёсьць у чым бабусі
паказацца ў людзі.
        
*

Кветка у полі – галоўка жанчыны,
сонца ў вачах, а сама – сьцебялёк,
хустку на косы вясёлкай накіне,
каб макам ці ружаю зьзяла здалёк.
Чыстую, сьветлую альбо узорную,
часам чырвоную – ў радасны дзень,
часам ўдавіную, сумную, чорную:
бяз хусткі ў людзі дзяўчына ня йдзе.
Гнуцца на сьцежкі сьцяблінкі чароўныя,
кветкі на косах залётна нясуць.
Сёстры бярозаў, танклявыя, стройныя,
краем сваім беларускі ідуць.
        
*

Яшчэ адна хустка, цёплая, цяжкая,
баба яе велькай хусткай называе.
Ёю ў непагоду добра атуліцца,
старым у дарозе і для маладзіцаў.
 
Мяккаю, шырокай,
зложанай удвое,
ахінуць ля сэрца
дзіцянё малое.
Вось ляжаць ля хустаў,
скручаныя роўна,
горкі саматканых
паяскоў цудоўных.
Ў ёлачку, у пчолку,
вузенькіх, шырокіх,
каляровых, розных –
не палічыш вокам!
 
Паясочак сіні – недзе ад матулі,
а чырвоны, яры – мужу да кашулі,
а вось гэты – гожы, доўгі, з кутасамі,
падпяразваў сьвятам бабін брат часамі.
 
Загудзелі дуды, гусьлі заігралі,
брат скакаў, а зь ветрам кутасы ляталі...
І сьлязу змахнула рукавом бабуся,
бо адзіны брат той з вайны не вярнуўся.
 
А шырокі пояс, зложаны ў дзьве столкі,
падпярэзваў колісь дзед бабулін толькі.
Зіхацеў на сьвіце, шырынёй – бы ў пана,
толькі што ня слуцкі, а удома тканы.
 
Хутчэй, чым прыняці той абычай панскі,
спадабала шляхта паясок сялянскі,
не са слуцкіх – родны паясок зрадзіўся,
а насіці пояс пан ў сялян вучыўся.
        
*

Йзноў хусткі, палотны,
ручнікоў ці мала,
ўсё гэта дарылі
бабусі, бывала.
Гэтакі абычай й сёньня не загінуў:
без гасьцінца людзі ня йдуць у гасьціну.
Ці то маладога ў войска прызываюць,
ці далёка сына з хаты выпраўляюць.
Дораць на радзіны і на навасельле,
дораць на хрысьціны, дораць на вясельле
бацькоў маладога і сястру, і брата,
дораць музыкантаў, шчодра дораць свата.
Гуляюць вясельле. П’юць сябры ня дарам!
Дораць ўсе ад сэрца маладую пару.
Дружна пры гасьціне п’юць, пяюць, гавораць,
выйдуць – патанцуюць, і ўсё дораць, дораць.
 
У старэнькай бабкі, як у маладзіцы,
каптаноў ўсялякіх, блузаў ды спадніцаў.
Андарак вішнёвы з долам аксамітным,
андарак матулін, стужкамі расшыты,
цёмна-маліновы, клетачкаю роўнай,
гарусам патканы, сіненькім па чорным.
Андарак у паскі, ўпоперак, пярэсты,
гэткія насілі некалі дубенцы
і з другіх, суседніх каля Дубна вёсак.
На яго казалі проста:
                                              занямонскі.
Каля іх ірдзіцца вышыты сардачак,
сіні, аксамітны, бабчын, не іначай,
зубчыкі навокал з жоўтай атарочкай,
вузенькі, прыгожы, як ўспамін дзявочы.
Цяжкі сувой суконны дзедаві на сьвітку,
зваляны, патканы ў суканую нітку.
Гэтакае сьвіткі дажджам не адужаць,
не праняці ветру, не прабіці сьцюжы.
На каптан для дзеда вытканы сьвяточны,
глянеш, возьмеш ў руку – крамнага ня схочаш.
Доўгія губіцы посьцілак нясшытых,
нагавіц суконных пад кажух ці сьвіту.
        
*

Хвартушок – гэта белае дзіва,
найтанчэйшы, з кудзелі лянок,
гэта гонар ўдалой маладзіцы,
кветкі – ўзорным вяночкам ля ног.
 
Можна ім закрыць вочы ад шчасьця,
калі шчокі калінай ірдзяць,
схаваць сьлёзы, калі не удасца
тое шчасьце навекі ўтрымаць.
 
Хвартушок – чарадзейнае хусьце –
гэта стан твой задорна абвіць.
Ў бель чаромухі голаў чыюсьці
ў забыцьці на хвартух палажыць.
 
Хвартухоў у бабкі – розна вышываных,
белых, ясных, сініх, дарагіх і танных,
гэтыя – на будзень, тыя – пад кудзелю,
гэтыя – ў гасьціну, тыя – на нядзелю,
гэты – йсьці у цэркву, той – на дзень кірмашны,
на канве рабінай вышыты, інакшы.
А вось гэты, ў кветкі, з тоненькае пражы –
то на сьмерць бабуся адлажыла важна.
Гэткая кашуля і каптан навюткі,
андарак сьліўковы, хуста і абутак –
ўсё гэта заўчасу зложанае ў скрыні
і чакае толькі той сумной гадзіны,
каб у раз апошні, гожа, па-сялянску,
апрануць бабусю без чужое ласкі.
Гэтак і для дзеда, гэтакі абычай, –
ўсё ляжыць, чакае, покуль сьмерць пакліча.
А ў малым прыскрынку, што збоку прыбіты,
акрамя караляў, стужак аксамітных
ёсьць і жменька грошай – на долы, на труны,
на шчырасьць апошняй гасьціны хаўтурнай.
        
*

А дзе пахаваці?
Бабусіна воля:
сялянка жыве
й застаецца на полі.
 
Здалёк супроць вёскі,
на горцы пясчанай
схілілі бярозы
галіны з пашанай.
 
Туды на сон вечны
сышліся сяляне,
пад крыжам бясьпечна
ляжаць на кургане.
 
Каменныя пліты
касьцей ім ня гнуць,
іх памяць і славу
нашчадкі нясуць.
 
Шчабечуць там птушкі,
пяюць салаўі,
там ляжа бабуля,
як серад сям’і.
 
Вясною ў сяле нават
будзе чуваць,
як будзе зязюля
па ёй кукаваць.
 
Ды з дрэвамі разам
па ёй на зары
заплачуць, затужаць
сумныя вятры...
        
*

Сутоньне. Ўжо мала што
ў куфры відаць,
cхілілася голаў
                                  бясьсільна.
Ня хочацца куфра таго закрываць,
ўспаміны яго абступілі.
Зрабілася цёмна і пуста наўкруг,
прабіліся сьлёзы на вейкі,
і цяжка апала са змораных рук
акована куфрава века.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.