|
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Яраслаў Іванюк: «Да 2007 году інтэрнэт бібліятэка Камунікат.org існавала “па-партызанску”»
Гутарка са стваральнікам Беларускай Інтэрнэт Бібліятэкі Камунікат.org Яраславам Іванюком
|
Неяк я ў сваім блогу падняла пытаньне наконт спыненьня дзейнасьці многіх сайтаў, што браліся займацца беларускай справай. На што ЖЖ-карыстальнік revanshist (http://revanshist.livejournal.com/) адказаў: “Я вопытным шляхам вымераў даўжыню нервовага імпульса у мазгах беларуса — два гады. Калі новая ініцыятыва перажыве два гады, яе нарэшце заўважаюць і пачынаюць ставіцца да яе сур’ёзна. Падцягваюцца прыхільнікі і патэнцыйныя партнёры, пачынаюць наладжвацца патрэбныя кантакты. Ініцыятыва пераходзіць на доўгатэрміновыя рэйкі. Да гэтага ты як бы ёсьць, але цябе як бы і няма ў галовах людзей. Вельмі цяжка бывае пратрымацца гэтая два гады і не згубіць імпэт. Звычайна ўжо пасьля першага года рукі пачынаюць апускаюцца. Калі не раней. Але йначай ў нашай краіне і пачынаць нічога ня варта…” Гэтыя словы мне падаюцца вельмі слушнымі, трапнымі. Да што й гаварыць? Доказы таму — на кожным кроку… Беларуская інтэрнэт-бібліятэка www.kamunikat.org, створаная як прыватная ініцыятыва на грамадзкіх пачатках, дзейнічае дзевяты год. Па сучасных мерках, ня так і мала. Праўда, дзейнічае яна не ў Беларусі, а ў Польшчы (мо, таму й пасьпяхова? ) Што дапамагае праекту пасьпяхова існаваць і разьвівацца? Ці ёсьць запатрабаванасьць у ім? Зрэшты, як стваральнік сайту не губляе імпэт?.. Гэта і многае іншае мне распавёў аўтар ідэі, стваральнік Беларускай Інтэрнэт Бібліятэкі Камунікат.org Яраслаў Іванюк. Яраслаў Іванюк — выпускнік беларускага ліцэя імя Б. Тарашкевіча ў Бельску Падляшскім. Закончыў гістарычны факультэт Варшаўскага універсітэта. Радыёжурналіст. Аўтар радыё-рэпартажаў пра беларусаў Беласточчыны ды палітычную сітуацыю ў Рэспубліцы Беларусь. Рэпартажы (у сааўтарстве з Юркам Ляшчынскім) "Фэномен" пра прэзідэнта А. Лукашэнку ды "Жыве Беларусь!" пра прэзідэнцкія выбары ў Беларусі ў 2006 годзе прадстаўлялі Польскае Радыёвяшчаньне на прэстыжных міжнародных конкурсах Prix Europa’2000 ды Prix Italia’2006. Працаваў на Радыё Палёнія (1992-1996 гг.) ды на Радыё Беласток (1996-2008 гг.). З канца красавіка 2008г. – праграмны дырэктар Радыё Рацыя. Усё пачалося недзе ў 2000 годзе, калі Яраслаў вырашыў перанесьці матэрыялы з бюлетэню слухачоў беларускай рэдакцыі Радыё Палёнія (у якой ён працаваў у 1992-1996 гадах, а пасьля да 2008 году супрацоўнічаў) у інтэрнэт. Гэты бюлетэнь рэдакцыя выдавала цягам некалькіх гадоў і Яраслаў быў яго рэдактарам. У ім публікавалася шмат матэрыялаў, якія раней гучалі ў эфіры. Была рубрыка “Гістарычнае падарожжа”, вядучым якой быў Яраслаў. Рубрыка складалася з размоваў з беларускімі гісторыкамі як з Польшчы, так і з Беларусі. Аказалася, што, калі бюлетэнь зьявіўся ў інтэрнэце — менавіта гэтага рубрыка пачала карыстацца найбольшай папулярнасьцю сярод наведвальнікаў. “Падалося мне, што вось трапляю ў сваеасаблівы вакуўм, — дзеліцца Яраслаў. — Словам, тады такога менавіта гістарычнага матэрыялу найбольш не хапала ў інтэрнэце. Па дамоўленасьці са старшынём Беларускага Гістарычнага Таварыства, што дзейнічае ў Беластоку, Алегам Латышонкам і рэдактарам Беларускага гістарычнага зборніка Яўгенам Мірановічам, вырашылі мы выкласьці ў інтэрнэт спачатку Зборнік, а пазьней і кнігі, выдадзеныя Таварыствам”. Так былі кінутыя першыя зярняткі на глебу існуючага сёньня масштабнага праекту Камунікат.org.
Пра памочнікаў ды партнёраў | На працягу амаль сямі гадоў напаўняньнем сайту займаўся адзін Яраслаў. “Хаця на самым пачатку не было б гэта магчымым без дапамогі двух асобаў: маёй жонкі Дануты, якая навучыла мяне як ствараецца інтэрнэт сайты з выкарыстаньнем коду HTML і Аляксандра Максімюка, які ў гэты час быў сакратаром рэдакцыі Тыднёвіка беларусаў у Польшчы “Ніва” і займаўся выдавецкай справай”, — кажа Яраслаў. Менавіта Аляксандр Максімюк вярстаў кнігі і часопісы, што выдаваліся Праграмнай Радай тыднёвіка беларусаў у Польшчы “Ніва”, Беларускім гістарычным таварыствам, а таксама Беларускім літаратурным аб’яднаньнем “Белавежа”. Ад яго пасьля згоды выдаўцоў і аўтараў і атрымаў Яраслаў дзесяткі (калі ня сотні) зьвярстаных беларускіх кніг і часопісаў, што выдаваліся ў Польшчы. Аляксандр Максімюк, дарэчы, таксама зьяўляецца аўтарам Камунікат.org у ягоным цяперашнім выглядзе з усімі функцыямі. У 2007-2008 гадах праект ажыцьцяўляўся ў супрацоўніцтве з рэдакцыяй часопісу "Палітычная Сфера". У бягучым годзе галоўным партнёрам праекту з беларускага боку зьяўляецца Згуртаваньне беларусаў сьвету "Бацькаўшчына". Зараз над сайтам пастаянна працуе некалькі чалавек. Апрача Яраслава, гэта Натальля Герасімюк, якая стварыла самую буйную – як на польскія ўмовы – бібліятэку з беларускіх кніг у Беларускім музеі ў Гайнаўцы. Натальля ў асноўным займаецца апрацоўкай файлаў, якія пазьней трапляюць на сайт. Таксама дапамагае Алесь Кушнер — ён прадстаўляе ЗБС Бацькаўшчына пры бібліятэцы і займаецца перамовамі з беларускімі аўтарамі і выдаўцамі, кнігі якіх пасьля выкладаюцца на сайце. Апроч гэтых людзей, над сайтам працуюць праграміст, людзі, якія займаюцца сканаваньнем OCR і карэкрутай тэкстаў ды перакладчыкі. Каманда праекту — ня больш за дзесяць чалавек. Калі я запыталася ў Яраслава, як ён не губляе імпэт, дзе знаходзіць сілы рухацца далей, ён адказаў: “Праца над сайтам вядзецца ў асноўным вечарам і ноччу. Часу не заўсёды хапае і, бывае так, што хочацца гэта ўсё кінуць... Але... Калі заглядаю вечарам у статыстыку, і высьвятляецца, што сайт адкрываецца амаль тысячу разоў у дзень, гэта абавязвае. Людзі, якія перыядычна заходзяць на Камунікат.org, хочуць заўсёды атрымаць нешта новае. Нам трэба старацца гэтае новае ім даць. Спыніць такую дзейнасьць было б проста несур’ёзна і неадказна. Адтуль, з жаданьня данесьці новае, істотнае да людзей, і бяруцца і сілы, і імпэт працягваць гэтую дзейнасьць. Вы зьвярнулі, дарэчы, увагу на юбілей Камунікат.org. :) У наступным годзе — 10 гадоў! Божа мой... гэта ўжо 10 гадоў...”
Пра дафінансаваньне ды пашырэньне дзейнасьці | Паступова папулярнасьць сайту расла. Значыць, трэба было пачынаць размовы з беларускімі выдаўцамі — вырашыў Яраслаў. І пачаў. Найперш з Беларускім літаратурным аб’яднаньнем “Белавежа” ды Праграмнай Радай тыднёвіка беларусаў у Польшчы “Ніва”, а пазьней — і з выдавецтвамі з Беларусі. Яраслаў пачаў выходзіць і на паасобных аўтараў, якія звычайна вельмі станоўча ставіліся да ідэі разьмяшчэньня на сайце іхніх твораў. Такім чынам, сьціплы сайт пачаў паступова пераўтварацца ў сапраўдную бібліятэку. “Хаця трэба прызнаць, — кажа Яраслаў, — што да 2007 году бібліятэка стваралася “па-партызанску” — я рабіў яе як умеў — сам вывучыў HTML-код. Аднак калі высьвятлілася, што над васьмі сотнямі публікацый цяжка запанаваць, я пачаў шукаць нейкага фінансаваньня. Паколькі ня мог гэтага рабіць як прыватная асоба, вырашыў перадаць бібліятэку пад шыльду Беларускага Гістарычнага Таварыства, сябрам якога я зьяўляюся, і чые кнігі першымі выклаў у інтэрнэце”. Атрымаць фінансаваньне з польскага міністэрства замежных справаў удалося ў рамках існуючай там праграмы “Польская Замежная Дапамога”. Дзякуючы гэтай дапамозе і была створаная сучасная інтэрнэт–бібліятэка, якая ўвесь час разьвіваецца і пашыраецца. “Калі я першы раз пачаў шукаць фінансавай падтрымкі для гэтага праекту, мой сябра з Менску сказаў: “Даволі складана знайсьці падтрымку для праекту, які, па сутнасьці, павінен фінансавацца беларускай дзяржавай. А менавіта такім праектам зьяўляецца Камунікат.org”. Але пакуль дзейнічаем за грошы польскага ўраду і іншых замежных грантадаўцаў”, — дадае Яраслаў. Папаўняюцца рэсурсы бібліятэкі — пачыналі з 800 публікацыяў у 2007 годзе, а зараз на сайце 3600 беларускіх публікацыяў: кніг, часопісаў, газет, файлаў mp3... Пашыраецца таксама яе функцыянальнасьць — сёньня на Камунікат.org дзейнічаюць каталогі, што дапамагаюць знаходзіць неабходныя артыкулы, дакументы або кнігі паводле лексічнага (пошук па элементам кірыліцы, лацінцы або па лічбам) і лагічнага (артыкулы і кнігі па аўтары, па загалоўку; часопісы па загалоўку і даце выхаду) парадкаў, а таксама пошукавыя сістэмы, падпіска RSS, сьпіс топ-выданьняў. Ёсьць таксама каталог кніг, якія ў папяровым варыянце можна знайсьці ў бібліятэцы Беларускага Гістарычнага Таварыства. Сучасная бібліятэка, нават традыцыйная — гэта ня толькі кнігі, часопісы, газеты… Гэта таксама дыскі з фільмамі, музыкай, аўдыёкнігі… Калі гэта ўсё ёсьць ў звычайнай бібліятэцы, то ў інтэрнэт-бібліятэцы гэтага проста ня можа ня быць! Менавіта з гэтай прычыны ў бібліятэцы Камунікат.org ёсьць гукавыя файлі ў папулярным фармаце mp3, відэа (праўда, пакуль няшмат), гутаркі з пісьменнікамі, запісы радыёперадач, навіны. “Мы хочам, каб чалавек, які, блукаючы ў інтэрнэце, зайшоў на нашую старонку, мог знайсьці найбольш поўную інфармацыю пра беларускую літаратуру, а таксама літаратуру пра Беларусь”, — кажа Яраслаў. Камунікат.org — не адзіная электронная беларуская бібліятэка на сёньняшні дзень. Чым жа розьніцца праект Яраслава Іванюка ад іншых? “Страемся ў нашай бібліятэцы сабраць самую разнастайную літаратуру і перыёдыку, якая ў якой-колечы ступені датычыць Беларусі ці беларусаў, — дзеліцца Яраслаў. — Тут можна таксама пазнаёміцца з навінкамі друку розных краінаў сьвету — усё, што выдаецца беларусамі і пра беларусаў: навуковыя дасьледаваньні, слоўнікі, метадычныя дапаможнікі, матэрыялы, што маюць сувязь з беларускасьцю ва ўсіх яе праявах. Іншыя бібліятэкі ўсё ж, як мне здаецца, абмежаваныя нейкай тэматыкай”. Бібліятэка Камунікат.org папаўняецца амаль кожны дзень. Часта бывае так, што ў адзін дзень на сайт трапляе па 10, то й 20 новых публікацый — кніг, нумароў газет, часопісаў, файлаў mp3. Гэтага нельга сказаць пра іншыя існуючыя бібліятэкі. Файлы mp3 — таксама адна з істотных асаблівасцей бібліятэкі. Найперш гэта беларускія аўдыёкнігі, радыёперадачы, прысьвечаныя беларускай літаратуры, кнігам, пэрыёдыцы ды й наогул — беларускай культуры, што зьяўляюцца ў эфіры Беларускага Радыё Рацыя, Беларускай Рэдакцыі Польскага Радыё для Замежжа ды Польскага Радыё Беласток. “Думаю, што Беларуская інтэрнэт бібліятэка Камунікат.org вельмі запатрабаваная, — адказвае на маё пытаньне Яраслаў. — Калі 27 верасьня 2007 году адбылася прэзентацыя сайта ў новай форме, яго наведалі больш як дзьве тысячы чалавек! Сёньня сайт адкрываецца штодзень у сярэднім ад 600 да 1000 разоў. Прычым заходзяць тут людзі ня толькі з Беларусі, Польшчы, Украіны, Расеі ці Літвы, але таксама з бадай усіх краінаў Еўропы і нават такіх экзатычных як Тайван, Кітай ці Саўдзійская Арабія”. Часта людзі зьвяртаюцца з канкрэтнымі просьбамі. Просяць, напрыклад, выкласьці на сайт тую ці іншую кнігу. Калі гэта магчыма, калі Яраслаў мае кнігу, альбо можа яе здабыць, а таксама дамовіцца з аўтарам ды выдаўцом наконт яе зьмяшчэньня, то кніга адразу ж зьяўляецца на сайце. Пра запатрабаванасьць сайта сьведчыць і колькасьць аўтараў, якія далі правы на публікацыю сваіх твораў на сайце Камунікат.org. Варта назваць хаця б такія прозьвішчы, як Уладзімер Арлоў, Рыгор Барадулін, Уладзімер Някляеў, Вольга Іпатава, Сяргей Законьнікаў, Анатоль Вярцінскі, Леанід Дранько-Майсюк, Эдуард Акулін, Адам Глобус, Алесь Камоцкі... ды шмат іншых.
Пра праект “Беларускія аўтары” | Праект “Беларускія аўтары” быў задуманы шчэ тады, калі бібліятэка ня мела фінансаваньня. Тады Яраслаў уручную стварыў больш за 10 персанальных сайтаў беларускіх пісьменьнікаў. Зараз іх — больш за 60. Сярод аўтараў як шырокавядомыя пісьменьнікі Эдуард Акулін, Уладзімер Арлоў, Рыгор Барадулін, Леанід Дранько-Майсюк, Віктар Жыбуль, так і меней вядомыя Міхась Андрасюк, Сяргей Ёрш, Ганна Кандрацюк- Свярубская, Мікалай Яцкоў... Праект дзейнічае на аснове базы дадзеных сайта Камунікат.org. Дзякуйчы гэтаму, на персанальных старонках пісьменьнікаў ёсьць усе кнігі і артыкулы, што іх датычацца. Кожны персанальны сайт утрымлівае фота аўтара, кароткую інфармацыю пра яго, а таксама пералік кніг, што знаходзяцца ў рэсурсах бібліятэкі Камунікат.org. Ёсьць таксама мажлівасьць публікаваць артыкулы і творы, якіх няма ў рэсурсах бібліятэкі. Прынцып праекту адзін — рабіць старонкі тым беларускім аўтарам, кнігі якіх знаходзяцца ў рэсурсах бібліятэкі Камунікат.org. Вядома ж, неабходная ініцыятыва з боку самога аўтара, які дасылае фотаздымак і біяграфію. Хаця часам біяграфія перадрукоўваецца з іншых крыніц. “Ніводны з пісьменьнікаў не адмовіўся, калі мы прапанавалі ім стварэньне ў рамках праекту Камунікат.org персанальнага сайту, — кажа Яраслаў. — Думаю, што прамоцыі беларускага слова ў інтэрнэце ніколі ня будзе зашмат”. Праект “Беларускія аўтары” карыстаецца попытам у наведнікаў бібліятэкі. Магчыма, таму, што на персанальнай старонцы аўтара наведвальнік можа знайсьці найбольш поўную інфармацыю пра яго, выйсьці праз старонку на блог пісьменьніка.
Пра праект «Беларускія выдаўцы і выдавецтвы» | Ня так даўно распачаў працу новы праект — «Беларускія выдаўцы і выдавецтвы». У яго межах ствараюцца старонкі з інфармацыяй пра беларускія выдавецтвы і выдаўцоў, пра выдадзеныя кнігі (амаль ўсе знаходзяцца ў рэсурсах Камунікат.org) Зараз у межах праекту “Беларускія выдаўцы і выдавецтвы” прадстаўленыя 9 старонак: Беларускага літаратурнага аб’яднаньня “Белавежа”, Беларускага Інстытута навукі і мастацтва, Беларускага кнігазбору, выдавецтва “Галіяфы”, выдавецтва “Мастацкая літаратура”, выдавецтва “Народная асвета”, Праграмнай рады тыднёвіка беларусаў у Польшчы “Ніва”, выдавецтва “Pro Christo”, выдавецтва “Тэхналогія”. Праект «Беларускія выдаўцы і выдавецтвы» дае магчымасьць больш лёгка вандраваць па зборах Беларускай Інтэрнэт-бібліятэкі Камунікат.org ды знаёміцца з навінкамі друку, а таксама напрамкамі дзейнасьці асобных выдавецтваў і выдаўцоў. У бліжэйшых планах бібліятэкі — чарговы праект «Выдавецкія сэрыі». Як і раней, будзе папаўняцца Беларуская Інтэрнэт Бібліятэка Камунікат.org новымі выданьнямі, будуць сканавацца кнігі, якіх няма ў электронным выглядзе. Таксама Яраслаў паабяцаў імкнуцца прыцягнуць да супрацоўніцтва новых аўтараў і выдаўцоў. Акурат зараз вядуцца размовы з некалькімі беларускімі выдавецтвамі і выдаўцамі з мэтай атрыманьня права на публікацыю шэрагу беларускіх кніг, што выйшлі ў апошнія гады. “Планаў наагул шмат, — дзеліцца Яраслаў, — але не пра ўсе хацелася б распавядаць. Няхай хаця некаторыя нашыя дзеяньні ды новыя прапановы будуць неспадзяванкай” :).
|
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2020. Беларусь, Менск.
|
|
|