РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ася Паплаўская
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Францішак Аляхновіч
 
Вырваўся з кіпцюроў ГПУ і паказаў нам твар бальшавізму
1
        Сёньня спаўняецца 125 год з дня нараджэньня вядомага беларускага драматурга, тэатральнага дзеяча, публіцыста Францішка Аляхновіча.
        Ён не загінуў у высылцы на Салаўках, ня быў расстраляны пасьля яе… «У капцюры НКВД я ня трапiў, - піша Аляхновіч. - Пашанцавала. Калi б трапiў, ужо ня пiсаў бы гэтых радкоў. I, мабыць, ужо ня траплю». Але савецкая сістэма, калі паймала ў кіпцюры, не выпускала нікога. 3 сакавіка 1944 года Аляхновіч быў застрэлены на сваёй кватэры ў Вільні. Да сёньня ня высьветлена, хто быў забойцам. Ім мог быць як агент з Арміі Краёва, так і савецкі дывэрсант…
        Францішак Аляхновіч пражыў насычанае на падзеі, прасякнутае болем, рэдка асьветленае промнямі шчасьця жыцьцё. Паляк па нацыянальнасьці, ён прысьвяціў сябе Беларусі. Адраджэньню праз слова, праз тэатар.
        Каб заглянуць ува ўсе сфэры ягонай бурнай дзейнасьці, трэба брацца за дысертацыю. Разам з Ігнатам Буйніцкім, Алесем Бурбісам, Леапольдам Родзевічам стварыў першы беларускі тэатар; працаваў акторам у Кракаве і ў польскіх тэатрах Галіччыны; выдаваў газэту «Беларускае жыцьцё»; быў дырэктарам і рэжысэрам Беларускага тэатру; напісаў шэраг п’есаў (за што яго называюць «беларускім Мальерам ХХ стагодзьдзя»); узяў на сябе сьмеласьць дапісаць купалаўскую «Паўлінку», дадаўшы трэці акт «Заручыны Паўлінкі»; явіўся адным з заснавальнікаў «Таварыства Беларускай Школы»…
        Самай вядомай кнігай Францішка Аляхновіча сталася «У капцюрох ГПУ», якую напісаў пасьля згаданай высылкі ў Салавецкі лягер. Зразумела, «Капцюры» аўтабіяграфічны. Напачатку аўтар хаваецца пад імем Попутчіка, але пасьля рашуча адкрываецца чытачу:
        
        «Скідаю маску. Але! Гэтым наіўным «Попутчіком» быў я – Францішак Аляхновіч».
        
        У кнізе ўзгадваюцца такія дзеячы беларускага Адражэньня як Браніслаў Тарашкевіч, Сымон Рак-Міхайлоўскі, ды іншыя, якія на момант выхаду кнігі былі рэпрэсаваныя…
        
        «Тут магу ўспомнiць адно прозьвiшча, бо гэты чалавек памёр ужо, i капцюры ГПУ яго не дастануць», — колькі разоў робіць агаворкі Аляхновіч.
        
        «Ягонае імя вядомае значна менш, чым імя Аляксандра Салжаніцына. Між тым, менавіта ён, Францішак Аляхновіч, сваёй кнігаю «У капцюрох ГПУ» упершыню за некалькі дзесяцігодзьдзяў да «Архіпэлягу Гулагу» здолеў сказаць сьвету праўду пра вусьцішную імпэрыю савецкіх канцлягераў», — піша ў кнізе «Імёны Свабоды» гісторык і пісьменьнік Уладзімер Арлоў.
        
        Сам Аляхновіч так тлумачыць мэту напісаньня ўспамінаў:
        
        «Мне пашанцавала. Я яшчэ жыву. Я на волі. Я магу яшчэ трымаць пяро ў руцэ. Ад свайго вызваленьня, восем год назад, я не пакідаю пісаць і гаварыць аб настрайшнейшым ворагу чалавецтва — аб бальшавізьме».
        
        Паказваў Аляхновіч сапраўдны твар бальшавізму грунтоўна і дэталёва.
        
        «Даведзеныя да роспачы людзi даставалi свайго роду псыхозу, якi выяўляўся эпiдэмiчна.. Няздолеўшы выканаць работу, а ведаючы, што яму за гэта пагражае, чалавек, агорнуты бясьсiльнай роспачай, клаў на пень сваю руку i… адсякаў сабе пальцы… i кiдаў iх у твар дзесятнiкаў», – пісаў Аляхновіч пра катаржныя працы на лесапавале, у якіх першы час прымаў удзел сам.
        
        Аляхновіч не адседзеў прысуджаных 10 год: праз шэсьць гадоў катаргі яго абмянялі на палітычнага вязьня польскіх уладаў Браніслава Тарашкевіча. Апошні неўзабаве таксама апынуўся ў савецкіх засьценках. Аляхновічу пашанцавала болей. Ён атрымаў яшчэ 10 гадоў вольнага жыцьця. Увесь час ён няспынна працаваў.
        Пісаў не таму, што злаваўся за сваё скалечанае жыцьцё (шмат гора савецкая сістэма прынесла ягонай маці, жонцы, дзецям, паплечнікам ўрэшце рэшт!), а таму што хацеў папярэдзіць сучасьнікаў, расказаць праўду нашчадкам, адкрыць ім і нам вочы:
        
        «Мне цяпер сорамна, што я гэтак бяскрытычна верыў тады ў савецкі міраж, што нават агентаў ГПУ прымаў за людзей, якім можна верыць, мала што не за сваіх прыяцеляў».
        
        Спадчына Францішка Аляхновіча ня згінула сярод пыльных паліцаў бібліятэк. Ягоныя п’есы і ўспаміны праходзяць у ВНУ. А у 1990-я ягоныя глыбокія, мэтафізычныя творы вярнуў на беларускую сцэну Мікола Трухан.

Крыніца: https://www.uff-by.org/
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.